Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Павел Баркоўскі: Нацыянальнае адраджэнне — гэта беларускі нацыянальны спорт

11.11.2026 16:32
Сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі новых кніг, дыскусіі, паэтычныя чытанні, канцэрты і тэатральныя пастаноўкі — усё гэта чакае наведнікаў варшаўскай PRADMOVA. 
Аўдыё
  • Павел Баркоўскі: Нацыянальнае адраджэнне — гэта беларускі нацыянальны спорт
    PRADMOVA
Прадстаўнік арганізацыйнага камітэта фестывалю PRADMOVA Павел БаркоўскіФота: Я. Іванюк, Беларуская служба Польскага радыё

Пасля Уроцлава, Вільні і Прагі фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA завітае ў Варшаву. Польская сталіца стане чацвёртым горадам, які сёлета прымае гэты беларускі літаратурны форум. Асноўная праграма фестывалю пройдзе з 13 па 15 лістапада, але асобныя мерапрыемствы запланаваныя таксама на 12 і 16 лістапада.

Сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі новых кніг, дыскусіі, паэтычныя чытанні, канцэрты і тэатральныя пастаноўкі — усё гэта чакае наведнікаў варшаўскай PRADMOVA. Сёлетняя тэма фестывалю — «Чужая Бацькаўшчына». Як беларускія кнігі і культура дапамагаюць захоўваць сувязь з радзімай? Чым адметная варшаўская праграма і якое значэнне мае фестываль для беларусаў, якія апынуліся па-за межамі сваёй краіны?

Пра гэта ў размове з Яраславам Іванюком расказвае прадстаўнік арганізацыйнага камітэта фестывалю PRADMOVA Павел Баркоўскі.

— Варшава будзе вельмі вялікім фестывалем, хаця б таму, што адначасова на ім будуць працаваць практычна чатыры пляцоўкі. Гэта будзе выпрабаваннем для тых, хто захоча адначасова пабыць на некалькіх мерапрыемствах адразу, бо трэба будзе разарвацца. 

Але, сапраўды, іншага выйсця ў арганізатараў не было, проста таму, што такі вал заявак на мерапрыемствы, якія былі на Варшаву, сягаў любыя разумныя межы. Гэта было больш за 80 заявак толькі спачатку, а калі падлічыць усё разам, то, можа, і за сотню будзе.

І ў гэтых варунках арганізатары пастараліся зрабіць як мага лепшую праграму. І пачынаем мы вельмі яскрава. Пачынаем мы 12 лістапада з прэм'ернага паказу музычнага спектакля «Філаматы», які будзе адбывацца ў Варшаве ў СДК «Альтэрнатывы».

І гэта будзе такая сучасная музычная рэфлексія над тым, што паядноўвае моладзь, якая ў віленскіх мурах універсітэта 200 гадоў назад рабіла свае таемныя таварыствы дзеля любові да Бацькаўшчыны, да Беларусі, як яны тады яе разумелі, і з тым, што адбываецца ў нас цяпер, сёння. І як моладзь таго часу і гэтага, ну, як бы з'яднаная праз гэтыя лініі часу.

Таму вось пачнём з гэтай яркай кропкі, ну а пасля будзе цэлых тры дні яшчэ насычанай фестывальнай праграмы.

Гэта ўжо пяты фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які праходзіць у замежжы. Ці некалькі гадоў таму, калі вы пачыналі гэта рабіць у Кракаве, бадай, чакалі вы такога развіцця фестывалю?

— Тады мы пра гэта не задумваліся. Папросту было жаданне не страціць фармат, які ўжо спадабаўся беларусам, беларускім аўтарам і чытачам у самой Беларусі. Мы паспелі там правесці тры сезоны фестывалю да 2020 года. У 2020 годзе адьыўся апошні фестываль, калі яшчэ людзі хадзілі маршамі па Менску.

Наша жаданне было проста, каб гэта працягнулася, каб гэта не загінула. Тады гэта выглядала як авантура, таму што невядома было, хто будзе прадаваць кніжкі за мяжой. І вось, дзякуй Богу, знайшоўся чалавек, які гэта ўзяўся зрабіць.

Невядома было, як там будуць прыязджаць аўтары. Хтосьці быў яшчэ за мяжой, хтосьці ў Беларусі. Карацей, усё было цяжка, але з часам мы зразумелі, як гэта ўсё робіцца.

Ну і праз тую палітыку, якая вядзецца ў дзяржаве, на жаль, шмат дзеячаў культуры апынуліся за межамі. Гэта, напэўна, кепска для нацыянальнай культуры, але лепей для арганізатараў замежных фестываляў — ім прасцей ужо прывозіць аўтараў на свае імпрэзы.

Таму, ну так, за гэтыя пяць гадоў мы выраслі, напэўна, атрымалі больш новых сяброў, знаёмстваў, уцягнулі ў гэтае кола шмат новых аўтараў. Аўтараў з тых краін, дзе мы праводзілі фестывалі. Гэта і Польшча, і Літва, і Грузія, і Нямеччына, і Чэхія. То бок гэта ўжо досыць вялікі пералік.

Ну і мы бачым, што і перакладчыкі цяпер нашмат больш ведаюць і разумеюць, што такое беларуская літаратура, і часцей перакладаюць беларускія кніжкі на замежныя мовы, пра што, уласна, вялікая частка імпрэз на гэтым фестывалі.

Варшаўская частка фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA працягнецца з 12 па 16 лістапада.

У чацвер, 12 лістапада, гледачоў чакае музычна-тэатралізаваны праект Fiłamaty, а ў пятніцу, 13 лістапада, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю, дыскусія пра беларускі літаратурны канон і прэзентацыя кнігі драматычных паэм «Літвіны» Уладзіміра Някляева.

У суботу, 14 лістапада, сярод іншых падзей — прэзентацыя выдадзенай Kamunikat.org кнігі «Стаць у праломе мура», прысвечанай Зянону Пазняку, а таксама сустрэча з Уладзімірам Арловым, які прадставіць другую частку «Імёнаў Свабоды».

У нядзелю, 15 лістапада, адбудуцца прэзентацыя паэтычнага зборніка Кацярыны Ваданосавай «Рэха дому», дыскусія пра даследаванне сучаснай гісторыі Беларусі, творчая сустрэча з Максімам Знакам і выступ Алеся Бяляцкага. Увечары прагучыць «Паэтычная кантата» кампазітаркі Вольгі Падгайскай.

А завершыць фестываль 16 лістапада спектакль «Чырвоны Крыж» паводле рамана Сашы Філіпенкі.

На працягу фестывалю будзе працаваць і кніжны кірмаш незалежных беларускіх выдавецтваў.

Асноўнымі фестывальнымі пляцоўкамі стануць Дом сустрэч з гісторыяй на вуліцы Зельнай, 39, і Музей Вольнай Беларусі на вуліцы Фоксаль, 11.

Падрабязная праграма, адрасы, гадзіны пачатку мерапрыемстваў і інфармацыя пра рэгістрацыю — на афіцыйным сайце pradmova.eu, а таксама ў сацыяльных сетках фестывалю.

Яраслаў Іванюк 

Слухайце аўдыё!

эж