Аляксандр Карнаўх — беларускі пісьменнік, які жыве ў Турыне, дзе напісаў свой дэбютны раман «Халодныя землі». Кніга нарадзілася з уражанняў ад падарожжаў па Беларусі, у прыватнасці па Ельні, што стала прататыпам месца дзеяння для рамана. Гэта містычны дэтэктыў і трылер, у якім пераплятаюцца беларускія балоты і фальклор, забытыя мовы, шыфры, каханне і пошук адказу, што ж хаваецца за бачнай рэальнасцю. Холад у рамане не толькі фізічны, гэта метафара ўнутранага стану сённяшняй Беларусі.
Кніга стала фіналістам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця за найлепшую беларускую кнігу 2025 года.
+ Мы паразмаўлялі з аўтарам на ўручэнні прэміі ў Гданьску.
— Гэта, безумоўна, высокая адзнака. Я ніяк не чакаў, што першая кніга гэтак выбухне. Што гэта азначае для мяне асабіста? Матыў працаваць далей. Калі ты бачыш, што тое, што ты робіш, знаходзіць водгукі ў сэрцах чытачоў, сярод літаратараў і сягае да пэўных вышыняў, літаратурных высот — я маю на ўвазе зараз прэмію Гедройця, то, безумоўна, гэта цябе матывуе яшчэ больш працаваць. Увогуле, ведаеце, Альбер Камю казаў, што трэба ўявіць сабе Сізіфа шчаслівым, таму што ён дасягае сваю вяршыню. А вось мне падаецца, што пісьменнікі, яны большай часткай коцяць свой камень у бясконцую гару, такую будыйскую гару без вяршыні, без шанцаў, без надзеі дасягнуць чагосьці ў сваім жыцці.
— Чаму?
— Нас вельмі многа. Я маю на ўвазе тых людзей, хто спрабуе неяк знайсці сябе ў творчым працэсе, менавіта ў літаратуры. І для большасці з іх гэта, зразумела, такая цяжкая праца. Для большасці з нас гэта цяжкая праца, напрыканцы якой не бачна, ці ёсць нешта, ці няма. І я так думаю, што мне пашчасціла дайсці да нейкай вяршыні, у гэтым сэнсе мне трэба быць шчаслівым.
.
— Вы маеце на ўвазе наогул пісьменнікаў, ці беларускіх пісьменнікаў, а тым больш беларускамоўных?
— Я маю на ўвазе ўсё чалавецтва. Шмат хто намагаецца пісаць, але мала каму ўдаецца чагосьці дасягнуць.
— Раман «Халодныя землі». Што гэта за кніга, што пра яе можа сказаць сам аўтар?
— Нягледзячы на назву «Халодныя землі», гэта кніга пра цеплыню чалавечых адносін. Увогуле чытачы мне часцяком кажуць, што парадаксальна, але «Халодныя землі» яны з'яўляюцца гэткім фонам менавіта гэтай цеплыні. Калі казаць пра сюжэт — ну, я не хацеў бы рабіць нейкі спойлер, так, — усё пачынаецца з таго, што на гарышчы адной з хат знаходзяць сшыткі, напісаныя незнаёмым шрыфтам, дакладней, даўно забытым шрыфтам. І ўсё пачынаецца з таго, што гэтыя сшыткі галоўны герой разам з іншымі імкнецца расшыфраваць. Што з гэтага атрымліваецца і да чаго прыходзіць герой, што ён знаходзіць напрыканцы гэтага шляху — гэта можна даведацца, толькі прачытаўшы кнігу.
— Гэта не будзе спойлер, калі я скажу, што гэта мова зютэрлін. На вокладцы кнігі напісана, хто такі Людвіг Зютэрлін. Скажыце, калі ласка, чаму такі выбар?
— Зютэрлін — гэта шрыфт, які быў прыдуманы ў першай палавіне ХХ стагоддзя, у пачатку ХХ стагоддзя, нямецкім дызайнерам Зютэрлінам. Ён мусіў прыйсці на змену старому гатычнаму шрыфту. Але так склаўся лёс, што ён не атрымаў распаўсюджання, і сёння ён хутчэй выглядае як нейкая цікавостка сярод дызайнераў. Але я шукаў той сродак, мастацкі сродак, каб адлюстраваць, з аднаго боку, візуальную складанасць гэтага шрыфту, а з іншага боку, каб герою было не цяжка ўсё ж такі знайсці, што ён азначае. Таму зютэрлін быў такім натуральным выбарам у пэўным сэнсе. Ну, а тое, што мова напрыканцы трывала назву «зютэрлін», ну гэта так склаўся лёс у кніжцы, не больш за тое.
— Вы на сустрэчы сказалі вельмі цікавую рэч, што вы пісалі кнігу — гэта быў працэс, а потым прачыталі яе як чытач. Якое ўражанне?
— Так, я прачытаў яе як чытач. Прайшло паўтары гады пасля таго, як я паставіў апошнюю кропку менавіта ўжо ў тым тэксце, які пайшоў у выдавецтва. То бок гэта дастаткова часу для таго, каб тэкст для цябе крыху астыў, і ты перастаў ставіцца да яго з такім аўтарскім імпэтам. Зараз ты чытаеш яго як чытач і бачыш тыя хібы, тыя памылкі, якія былі зроблены, але бачу тое, што ён атрымаўся вельмі шчырым і праўдзівым у пэўным сэнсе, люструючы і мае пачуцці, і тыя пачуцці, якімі валодаюць чытачы. Я бачу па водгуках, што кніжка падабаецца.
Увогуле, для мяне кніга была такім сродкам вяртання да сябе, да сваіх вытокаў. І гэта не проста словы, але я добра памятаю, як я шукаў тыя формы, тыя трапныя выразы для таго, каб перадаць пачуцці, якія адлюстроўваюць маё стаўленне да жыцця там, у Беларусі, якое засталося ў мінулым. Нехта напісаў нешта накшталт таго, што кніжка выкручвае гэтыя пачуцці настальгіі на 100%. І я вельмі задаволены такім вынікам, таму што, магчыма, гэта было менавіта тое, што я хацеў перадаць чытачам.
Дзякую.
Слухайце размову з пісьменнікам у далучаным гукавым файле.
ав