Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Сотні мільёнаў праглядаў за суткі: інтэрнэт накрыла лавіна хлусні аб трагедыі ў Кракаве

10.11.2026 15:01
Пасля тэракту ў Кракаве інтэрнэт сутыкнуўся ў беспрэцэдэнтнай хваляй дэзынфармацыі і актыўнасцю троляў ды ботаў.
       .
Мужчына ўчыніў смяротную страляніну ў Кракаве ў суботу.PAP/Art Service

Пасля тэракту ў цэнтры Кракава ў суботу, 7 лістапада, польскі і міжнародны сегменты інтэрнэту сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай хваляй дэзынфармацыі, якая ахоплівае сотні мільёнаў праглядаў. У адказ на масавыя ўкіды і выкарыстанне штучнага інтэлекту Міністэрства лічбавых тэхналогій Польшчы ўвяло крызісны рэжым маніторынгу сеціва для абароны грамадства ад панікі і палітычных маніпуляцый.

Як паведамлялася, днём 7 лістапада 24-гадовы грамадзянін Польшчы Міхал А., адзеты ў тактычную вопратку і ўзброены паўаўтаматычнай вінтоўкай AR-15, адкрыў агонь па прахожых у гістарычным цэнтры Кракава. У выніку нападзення загінулі шэсць чалавек – чацвёра палякаў і двое замежных турыстаў. Яшчэ 16 чалавек, уключаючы дваіх паліцэйскіх, атрымалі раненні. Пазней высветлілася, што перад паездкай у Кракаў злачынец застрэліў у сябе дома бацькоў і сястру. Сам нападнік памёр у бальніцы раніцай 9 лістапада ад ран, атрыманых пры затрыманні, нягледзячы на высілкі медыкаў уратаваць яму жыццё.

Для сучаснай Польшчы напад такога маштабу стаў першым у найноўшай гісторыі. Тэракт шакаваў грамадства. Інфармацыйны вакуум у першыя гадзіны пасля страляніны, калі праваахоўныя службы яшчэ ўстанаўлівалі асобу злачынца і яго матывы, стварыў ідэальную глебу для актыўнасці ботаў, троляў, дэзынфармацыйных сетак і распаўсюджвання канспіралагічных тэорый.

У прыватнасці, самым вірусным укідам у першыя гадзіны стала паведамленне, што тэракт нібыта арганізавалі самі ўлады Польшчы пры падтрымцы структур Еўрасаюза. Нягледзячы на абсурднасць дадзенай тэорыі, гэты наратыў трапіў у поле антыеўрапейска настаўленых грамадзян і сабраў каля 200 млн праглядаў на розных платформах.

Іншым «папулярным» фэйкам стала інфармацыя, якая перш за ўсё распаўсюджвалася карыстальнікамі і рэсурсамі правай і ўльтраправай арыентацыі, што польскі ўрад нібыта хоча выкарыстаць трагедыю для забароны штогадовага Маршу незалежнасці 11 лістапада ў Варшаве. Публікацыя набрала каля 6 млн праглядаў і пэўна далей жыла б сваім жыццём у інтэрнэце, абрастаючы дадатковымі фэйкавымі дапаўненнямі, але гэты ланцужок перарваў прэм'ер-міністр Дональд Туск, які афіцыйна абверг любыя планы па адмене мерапрыемства.

Тактычнае абмундзіраванне тэрарыста і тое, што ён страляў з вінтоўкі AR-15, імгненна стала прычынай распаўсюду фэйка пра тое, што ён нібыта зʼяўляецца салдатам Войска Польскага. Гэтая версія ахапіла амаль 18 млн праглядаў, аднак хутка страціла актуальнасць пасля абвяржэння яе паліцыяй.

Дэзынфармацыйная прастора і тролі не могуць жыць без тэмы Украіны – яна таксама зʼявілася падчас тэракту ў Кракаве. Прапагандысцкія рэсурсы Расіі і Беларусі, а таксама польскія нацыяналістычныя акаўнты актыўна прасоўвалі версію пра знешні след кракаўскай трагедыі. Так, лукашэнкаўскія медыя заяўлялі, што вінтоўку AR-15 нібыта немагчыма легальна атрымаць у Польшчы, а значыць, за стралком стаіць нейкая арганізаваная сетка. Таксама распаўсюджвалася версія аб прыналежнасці паляка да пэўнай віртуальнай групоўкі і каардынацыі яго дзеянняў з тэрыторыі Украіны з мэтай пасварыць Варшаву і Кіеў.

У першыя хвіліны пасля тэракту шматлікія карыстальнікі і асобныя СМІ тыражавалі панічныя пасты аб тым, што нападнікаў было двое ці трое, і што яны працягваюць хавацца ў цэнтры горада. Паліцыя ў аператыўным парадку абвергла гэтыя звесткі, пацвердзіўшы, што злачынца дзейнічаў у адзіночку.

Штучны інтэлект быў створаны ў імя развіцця чалавецтва, аднак у дадзеным выпадку ён сыграў негатыўную ролю – падчас кракаўскіх падзей тэхналогія быў выкарыстаны для стварэння фальшывых візуальных доказаў.

Так, карыстальнікі сацсетак публікавалі рэалістычныя, але цалкам згенераваныя нейрасеткай здымкі нібыта з кракаўскага Галоўнага рынку. На гэтых выявах штучна перабольшваліся маштабы знішчэнняў, дадаваліся неіснуючыя дэталі і шакуючыя сцэны насілля. Больш за тое, у сеціве «гуляў» згенераваны з дапамогай ШІ здымак, на якім кіраўнік МУС Польшчы Марцін Кярвіньскі нібыта адлюстраваны з выканаўцам тэракту. Фатаграфія мела пацвердзіць тэорыю змовы, што за тэрактам стаіць польскі ўрад.

Віцэ-прэмʼер і міністр лічбавых тэхналоній Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі ў эфіры Польскага радыё адзначыў, што падобныя ШІ-падробкі ствараюцца для правакавання панікі. Кожны рэпост і каментар пад такой выявай алгарытмы сацсетак счытваюць як прыклад высокага зацікаўлення, што шматкроць накручвае ахопы дэзынфармацыі.

Асобнай тэмай стаў удзел у распаўсюджванні дэзынфармацыі традыцыйнымі СМІ, а першае месца на ганебным п’едэстале заняў польскі інфармацыйны тэлеканал «Рэспубліка». Праблема была б меншай, калі гэта было невялікае тэлебачанне з абмежаваным ахопам, але гэта – буйное СМІ, якое займае першае-другое месца сярод польскіх інфармацыйны тэлеканалаў і мае шматмільённую аўдыторыю.

Тэлебачанне ў адкрытую падтрымлівае буйнейшую апазіцыйную партыю права-каталіцкай арыентацыі «Права і справядлівасць» і адкрыта займаецца прапагандай. У часы, калі ПіС кіраваў у Польшчы, «Рэспубліка» атрымлівала мільённыя замовы на рэкламу ад дзяржаўных кампаній і інстытутаў. Яе журналістаў, дарэчы, часта называюць прапагандыстамі.

Дык вось, галоўны рэдактар канала Томаш Сакевіч у прамым эфіры з цэнтра Кракава заявіў, што на месцы трагедыі нібыта няма сілавікоў, бо ўсе паліцэйскія рэзервы перакінутыя ў Варшаву да будынка Канстытуцыйнага суда, дзе адбываюцца пратэсты на палітычнай глебе. Пры гэтым падчас уключэння за спіной у самога Сакевіча ў кадры знаходзіўся супрацоўнік паліцыі.

Сакевіч таксама распаўсюдзіў фэйк аб тым, што да арганізацыі або здзяйснення нападу нібы датычныя замежнікі. І тут варта зазначыць, што «Рэспубліка» не скрывае сваіх антыімігранцкіх поглядаў, якія мяжуюць з расізмам.

Кіраўніца Нацыянальнай рады па тэлерадыёвяшчанні ініцыявала афіцыйную праверку пасля паступлення масавых скаргаў ад гледачоў, пытаннем таксама занялася пракуратура. Рэгулятар папрасіў у вяшчальніка прадаставіць запісы эфіраў і пісьмовыя тлумачэнні для ацэнкі наконт парушэння закона аб тэлерадыёвяшчанні, што пагражае каналу буйным фінансавым штрафам альбо пазбаўленнем ліцэнзіі.

У сваю чаргу беларус Яўген Собалеў, які жыве ў Польшчы, накіраваў у варшаўскую пракуратуру заяву на Томаша Сакевіча. Ён запатрабаваў праверыць словы прапагандыста аб удзеле замежнікаў на прадмет публічнага распальвання нянавісці на нацыянальнай глебе.

Псіхолагі і спецыялісты па сучасных тэхналогіях зазначаюць, што ў складаныя і крызісныя перыяды людзям хочацца хутка знайсці вінаватых ды атрымаць зразумелае тлумачэнне таго, што адбываецца, а канспіралогія і фэйкі даюць ілюзію кантролю над сітуацыяй. Акрамя таго, сацыяльныя сеткі падладжваюць стужку інфармацыі пад зацікаўленні карыстальніка, паказваючы толькі падобныя меркаванні. І таму ў яго ствараецца ілюзія, што «так думаюць усе», а гэта замацоўвае веру ў ілжывыя наратывы. Чалавеку значна лягчэй паверыць у інфармацыю, якая супадае з яго поглядамі, страхамі ці карцінай свету. Калі навіна «зручная», мозг часта прапускае праверку фактаў. Варта таксама не забываць пра адзін важны факт: у пераважнай большасці людзі – лянівыя, і ім звычайна не хочацца праверыць тую ці іншую інфармацыю.

Валеры Саўко