Гісторык Павел Лесіш прагартаў польскія турыстычныя даведнікі, звярнуўшы ўвагу на мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Адама Міцкевіча. Даследчыка цікавілі даведнікі ад XIX стагоддзя да 1939 года — пераважна Вільня, але таксама іншыя мясцовасці Літвы і Беларусі, з якімі былі звязаны жыццё і творчасць вялікага польскага паэта, якога сваім лічаць таксама і на яго гістарычнай бацькаўшчыне.
Як высветліў Павел Лесіш (Paweł Lesisz), мясціны Вільні, звязаныя з Адамам Міцкевічам, упершыню адзначаны ў турыстычным даведніку па горадзе, аўтарам якога быў Адам Ганоры Кіркор. Гэта было яшчэ ў XIX стагоддзі.
Пасля 1905 года, калі ўлады Расійскай імперыі пасля саракагадовай забароны зноў дазволілі друкаваць кнігі на польскай мове (а таксама на беларускай і літоўскай) у Літве і Беларусі, у Вільні выйшла некалькі такіх кніг для вандроўнікаў. У 1920-я – 1939 гадах, калі Вільня знаходзілася ў складзе Польшчы, у Вільні, Варшаве і Познані пабачыла свет яшчэ больш даведнікаў па старажытнай сталіцы Літвы, у якіх упаміналіся мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Міцкевіча.
Павел Лесіш абагульніў гэты матэрыял і ўпершыню прадставіў яго на міжнароднай навуковай канферэнцыі «Палякі ў Літве і краінах Балтыі», якая прайшла ў пачатку лістапада ў эстонскім горадзе Тарту. Форум арганізаваў Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта (Studium Europy Wschodniej Uniwersytetu Warszawskiego) сумесна з Міністэрствам замежных спраў Польшчы.
Турыстам раілі наведаць у Вільні дамы, у якіх жыў Міцкевіч. Гэтаму спрыяла тое, што гістарычны цэнтр горада добра захаваўся. І многія з гэтых адрасоў можна знайсці і на сучаснай карце сталіцы Літвы.
Павел Лесіш расказвае пра перыяд да 1939 года.
— Даведнікі перыяду пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і даваеннага часу рэкамендавалі турыстам наведаць у Вільні дом на зав. Бернардзінскім, 11 (цяпер Bernardinų gatvė). Лічылася, што менавіта ў гэтым памяшканні была створана паэма «Гражына». Клос паведамляў сваім чытачам, што кватэру можна было наведаць, бо ў той час яна належала журналісту Яну Обсту, які бясплатна пускаў туды наведнікаў у вызначаныя гадзіны — з 12:00 да 15:00. Аўтары тагачасных даведнікаў таксама рэкамендавалі агледзець іншыя дамы, так ці інакш звязаныя з Міцкевічам, у тым ліку дом на Літаратурным завулку і на вуліцы Святога Казіміра. Вялікай папулярнасцю ў аўтараў даведнікаў карыстаўся і Віленскі ўніверсітэт. Звярталася ўвага на тое, што менавіта Міцкевіч быў адным з яго найважнейшых выхаванцаў. У даваенны перыяд адзін з двароў універсітэта насіў імя паэта.
Даведнікі раілі наведаць палац Пацаў не толькі таму, што ў яго сценах бывалі, у прыватнасці, польска-літоўскі манарх Ян Сабескі ці французскі Напалеон. Галоўнай прычынай было тое, што ў двары гэтага палаца збіраліся філаматы і філарэты — удзельнікі маладзёжных таварыстваў, пераважна студэнтаў Віленскага імператарскага ўніверсітэта, сярод якіх быў і Міцкевіч. Касцёл Святых Янаў згадваўся ў кнігах для турыстаў як месца, дзе быў устаноўлены бюст Міцкевіча.
Важнае месца ў даведніках займалі і віленскія могілкі, бо там былі пахаваны людзі, так ці інакш звязаныя з паэтам.
Шукаючы месца Адама Міцкевіча сярод іншых вядомых палякаў у кнігах для турыстаў, Павел Лесіш рэзюмуе.
— Прааналізаваныя даведнікі перыяду пасля падзелаў Рэчы Паспалітай выкарыстоўваюць вельмі завуаляваную, эзопаву мову, прымушаюць глядзець глыбей, бачыць Вільню так, каб нівеляваць русіфікатарскія аспекты, якія праводзіліся тагачаснымі ўладамі. З лібералізацыяй, а пазней і са шматлікімі пераходамі Вільні ў розныя палітычныя арбіты, ажно да ўваходжання ў склад даваеннай Польшчы, гэта тэндэнцыя знікае. Даведнікі пачынаюць больш смела апісваць мясціны, звязаныя з Міцкевічам, ужо не стрымліваючыся гаварыць пра яго ўдзел у паўстанні супраць цара. Акрамя таго, пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы ў даведніках становіцца больш згадак пра жыццё ў Вільні паэта Юліюша Славацкага, а з умацаваннем папулярнасці Юзафа Пілсудскага ён, таксама звязаны з Вільняй, усё часцей з'яўляецца на старонках турыстычных выданняў.
Адам Міцкевіч нарадзіўся паміж сучаснымі Баранавічамі (тады яшчэ гэты населены пункт не існаваў) і Навагрудкам, у Завоссі. Гэтыя мясціны таксама шырока папулярызаваліся ў даваенных даведніках для турыстаў.
— Пра гэта, між іншым, піша Юзаф Шукевіч у турыстычным даведніку па Віленшчыне і Навагрудчыне, выдадзеным у 1939 годзе. Ён прысвяціў мясцінам, звязаным з Міцкевічам, шмат старонак. Аўтар заахвочваў падарожнікаў ісці так званым Міцкевічаўскім шляхам, які ахопліваў Беняконі, Ліду, Навагрудак, возера Свіцязь, Варончу, Гарадзішча і Калдычэўскае возера. У 1939 годзе ў Баранавічах выйшла ілюстраванае выданне «Даведнік па Міцкевічавых і Рэйтанавых мясцінах Навагрудскай зямлі», у якім былі апісаныя маршруты экскурсій, звязаных з Прарокам.
Wieszcz (Прарок) — так называюць Міцкевіча палякі. І гэта невыпадкова, — падкрэслівае Павел Лесіш.
— На мяжы XIX–XX стагоддзяў Адам Міцкевіч лічыўся сярод польскай інтэлігенцыі найвялікшым паэтам і палякам, які паходзіў з Літвы. Яго ўспрымалі як найбольш выдатнага прадстаўніка віленскіх філаматаў і філарэтаў, а таксама аднаго з самых выдатных выпускнікоў Віленскага імператарскага ўніверсітэта. Міцкевіча лічылі чалавекам выключнай тактоўнасці, які валодаў талентам знаходзіць дакладныя словы для апісання рэчаіснасці. Выказаныя ім меркаванні, нават задоўга да таго, як ён набыў шырокую вядомасць, для наступных пакаленняў станавіліся канчатковым аргументам, які спыняў любыя дыскусіі. Эдвард Паўловіч у сваім нарысе пра Навагрудчыну пачатку XX стагоддзя прама і адкрыта пісаў пра культ Міцкевіча. Казімеж Круль у падручніку, выдадзеным у 1900 годзе, называў Прарока найвялікшым паэтам свайго часу, а яго паэму «Пан Тадэвуш» — самым выдатным эпічным творам польскай літаратуры. Паэта чыталі прадстаўнікі заможных слаёў грамадства, а таксама тыя, хто імкнуўся да іх належаць. Міцкевічам гаварылі і пісалі, не заўсёды ўказваючы на тое, што цытуюць той ці іншы ўрывак з яго твораў або драм: распазнаваць гэтыя тонкія алюзіі заставалася самім чытачам. Сёння мы маглі б назваць гэта своеасаблівым «свістком для сваіх»: падобна да таго, як свішчуць сабакам, — чалавек такога сігналу не ўспрыме, а сабакі зразумеюць. Іншымі словамі, тыя, хто павінен быў зразумець схаваны сэнс, яго разумелі. Так, напрыклад, у адным з даведнікаў, якія апісвалі дарогу ў Баранавічы, без указання дакладнага месцазнаходжання згадваліся аб pagórkach leśnych, łąkach zielonych («лясістых пагорках, зялёных лугах»).
Гэтыя радкі адсылалі да творчасці Міцкевіча.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё