У польскай культуры па значнасці паўстанне Каліноўскага выступае разам з паўстаннем 1830 года, якое таксама называецца Лістападаўскім. І хаця зрыў 1863 года быў менш паспяховым, на яго аснове было створана шмат раманаў, апавяданняў, фільмаў ды іншых мастацкіх твораў, якія нагадвалі пра той слаўны час. На развіццё папулярнасці паўстання 1863 года ў літаратуры паўплывала тое, што ў канцы 19 стагоддзя пашырылася і стала больш даступнай і моднай прэса. Менавіта падзеі 1863-64 гадоў былі самымі яркімі прыкладамі барацьбы за правы свайго народу: многія людзі асабіста прымалі ўдзел у супраціве. Так паўстала кніжка «Верная рака» польскага класіка Стэфана Жэромскага, на аснове якой у 1983 быў зняты аднайменны фільм. Традыцыю пераказвання падзей 1863-64 гадоў на паперы ды на экране абмяркоўвалі адмыслоўцы падчас сустрэчы інстытута імя Пілецкага пад назвай «Карціны гісторыі». Пра творчасць Жэромскага пра паўстанне расказала прафесар Марыя Яланта Альшэўская з Варшаўскага ўніверсітэта.
-Гэты раман можам аднесці да жанру «супольнай памяці», дакладней - «сакрэтнай» памяці, «падпольнага міфічнага жыцця нацыі». Каб даведацца, адкуль Жэромскі, народжаны ўжо пасля паўстання, узяў ідэю напісаць гэты твор, хопіць прачытаць яго біяграфію. І ў розных успамінах таго часу маем вобраз паўстанца, які прыходзіць у палац, ім займаецца паненка - такіх прыкладаў было дастаткова... Так што напэўна ў памяці яго роднага рэгіёну гэта захавалася - там памяць пра паўстанне была вельмі жывой. Жэромскі сам казаў, што «кожнае дрэва, кожная магіла пра гэта гаварыла». У гэтай аповесці пра каханне знойдзем вельмі цікавую спробу абмеркаваць сялянскае пытанне, але таксама палітычныя пытанні, бо трэба памятаць, што «Верная рака» ставіць пытанне - «каго вы пасылаеце ў бой за незалежнасць?». Адказ гучыць - «пакаленні ў жалобе».
У фільме паўстанне 1863-64 гадоў з'явілася ўжо ў пачатку 20-х гадоў 20 стагоддзя. Тады знялі прынамсі два фільмы, якія закраналі тэматыку нацыянальнага зрыву. Яны былі, канешне, нямымі. Першай прадукцыяй, у якой мы пачулі галасы актораў, была першая экранізацыя «Вернай ракі» з 1936 года. Пасля Другой сусветнай вайны паўстанне не вельмі ахвотна згадавалася ў культуры. Аднак і ў Студзеньскім паўстанні камуністычныя ўлады Польшчы знайшлі месца на ідэалагічную канфрантацыю. Дакладней пра матывы ў фільмах аб паўстанні расказвае доктар Мікалай Міроўскі з Музея гісторыі Польшчы.
-Тое, што аб’ядноўвае ўсе польскія фільмы пра паўстанне 1863-64 гадоў, гэта безумоўна пакутніцкі фактар. Паўстанцы – адважныя байцы, іх недахопы прыкрытыя, а расіяне адназначна паказаныя як акупанты, як ворагі, як жорсткія людзі. Такую агульную карціну можна вынесці з фільмаў даваеннага перыяду. Зусім інакш сітуацыя выглядае ў кінаіндустрыі Польскай Народнай Рэспублікі. Кіно ПНР ставіць націск на крытычны ды рэвізіяністычны падыход да тэмы. І тут на самой справе толькі «Верная рака» 1983 года паказвае поўную карціну паўстання. У іншых фільмах мы можам убачыць часткі, асобныя сцэны, рэтраспекцыю... І насамрэч паўстанне 1863-64 гадоў у фільмах ПНР з’явілася толькі ў 70-я гады, у фільме «Яраслаў Дамброўскі». Там у прынцыпе ўбачым адну сцэну пра паўстанне. Яно прысутнічае таксама ў культавых творах польскага кіно: «Ночы і дні» Ежы Антчака, серыяле «Лялька» Рышарда Бэра ды «Самай доўгай вайне наважытнай Еўропы». І тут у большасці паўстанне паказана ў рэтраспекцыі. Рэжысёры расказваюць, чым былі падзеі 1863-64 гадоў для тых, хто перажыў і жыве ў пазнейшы час, у новых умовах. Падобная сітуацыя з фільмам «Над Нёмнам», які падобна паказвае паўстанне.
Адзін з удзельнікаў сустрэчы пра паўстанне Каліноўскага у фільме ды ў літаратуры задаў пытанне, ці не варта было б стварыць фільм пра гэтыя падзеі ў атмасферы вэстэрна? Паводле доктара Мікалая Маркоўскага ідэальнай постаццю для такіх эксперыментаў мог бы быць Кастусь Каліноўскі. І гэтая ідэя магла б паспрыяць таму, каб Беларусь ды Літва пачалі ствараць свае інтэрпрэтацыі гэтых падзеяў у кінаіндустрыі. Менавіта тэма памяці пра паўстанне ў краінах іншых, чым Польшча, заняла апошнія некалькі хвілін сустрэчы. Прафесар Марыя Яланта Альшэўская расказала, што зараз перадусім у Беларусі гэты ўздым свядомасці і зацікаўлення паўстаннем вялікі.
-Зрэшты, трэба сказаць, што менавіта зараз я атрымала запрашэнне на сустрэчу па-беларуску, прысвечаную Каліноўскаму. А яшчэ хачу сказаць, што з прычыны таго, што мая сям’я родам з цяперашняй Беларусі, я сачу за тым, што адбываецца ў гэтай краіне ўласна зараз. І ёсць акцыі аднаўлення могілак паўстанцаў 1863 года ды салдатаў 1920 года. Бо атрымалася, што насуперак прапагандзе зараз там нараджаецца гэтае «міфічнае падпольнае жыццё нацыі», пра якое мы казалі. І людзі збіраюцца, ідуць на могілкі, а помнікі, якія былі знішчаныя, зараз аднаўляюцца. Бачна, што беларусы шукаюць сваіх каранёў.
Вядучы Матэвуш Вернер заўважыў, што цікавай ідэяй было б арганізацыя кінавечара ў Беларусі ды Літве з паказам фільмаў пра паўстанне Каліноўскага. І згаданая ідэя здаецца вельмі цікавай, бо сапраўды памяць пра гэты ўздым нацыянальнай свядомасці народаў Рэчы Паспалітай павінна акцэнтавацца ў адносінах між палякамі, беларусамі, літоўцамі, габрэямі, украінцамі і іншымі народамі, якія не згаджаліся на царскае панаванне. І, хто ведае, можа праз нейкі час ўбачым і беларускую стужку ці новую кніжку, прысвечаную слаўным падзеям 1863-64 гадоў.
Альберт Ежы Вяжбіцкі