25 сакавіка ў Варшаве адбудзецца святочны канцэрт з удзелам беларускага Вольнага аркестра, оперных салістаў і вядомых беларускіх дзеячаў.
Прагучаць вядомыя творы: «Пагоня», «Ваяцкі марш», «Муры», «Магутны Божа» ў выкананні аркестра і салістаў, сярод якіх: Сяржук Доўгушаў, Лявон Маліноўскі, Ана Мацкевіч, Вольга Гоманава.
Святкаванне ў гэтым годзе пройдзе ў анлайн-фармаце на канале Цэнтра беларускай салідарнасці.
Беларускі музыка Сяржук Доўгушаў тлумачыць, чаму варта паслухаць менавіта іх канцэрт:
-Мне падаецца, што канцэрт такога годнага фармату адбудзецца ўпершыню: з аркестрам і нашымі важнымі гістарычнымі творамі, як «Пагоня», «Ваяцкі марш». Будуць цікавыя выступоўцы. Адзінае, гэта ўсё адбудзецца анлайн. Падчас святкавання пройдзе прэзентацыя Вольнага аркестру. Гэта мой праект. Пасля прыезду ў Варшаву захацелася стварыць калектыў класічных музыкаў, беларусаў, якія б прафесійны выконвалі беларускія творы. І на гэтым канцэрце менавіта прагучаць вартыя творы. Будзе і неспадзяванка: выступ амерыканскага тэнара.
Сяржук, а чым для вас асабіста з’яўляецца 25 сакавіка, Дзень волі. Чаму важна яго святкаваць?
-Гэта адно з галоўных святаў для беларусаў. Для тых, хто шануе і ведае сваю гісторыю. Гэта свята нашай годнасці і незалежнасці. Чаму я кажу, што адным з важнейшых твораў на нашым канцэрце будзе наш гімн незалежнасці «Ваяцкі марш». У 2020 годзе яму споўнілася 100 гадоў, пад гэты гімн здабывалася нашая незалежнасць, пад гэты гімн працавала Рада БНР. Думаю, у гэтым годзе, як ніколі, беларусы ва ўсім свеце будуць па-іншаму падыходзіць да гэтай даты, святкаваць таксама будуць з іншым стаўленнем.
Пачатак канцэрту варшаўскага вольнага хору сёння, 25 сакавіка, а 21:00 (па беларускім часе), па спасылцы: https://cutt.ly/axzu1vj.
У далучаным гукавым файле слухайце поўную размову з Сяржуком Доўгушавым.
слухайце аўдыё