У панядзелак, 5 красавіка ва ўзросце 74 гадоў памёр Кшыштаф Краўчык – спявак, гітарыст і кампазітар, адзін з самых вядомых галасоў польскай музычнай сцэны. Жудасная навіна для польскай эстрады. Папулярнасць музыкі ў Польшчы цяжка пераацаніць. Кшыштаф Краўчык знаходзіўся на першых пазіцыях у рэйтынгу любімых выканаўцаў адразу некалькіх пакаленняў. Без сумневу кожны паляк адразу зможа прыгадаць некалькі хітоў Краўчыка. Ён быў адным з самых вядомых польскіх вакалістаў.
Кшыштаф Краўчык нарадзіўся 8 верасня 1946 года на поўдні Польшчы ў сталіцы Сілезіі, горадзе Катавіцы. Яго мастацкая кар'ера доўжылася больш за 55 гадоў. Дэбютаваў у 1963 годзе ў легендарным гурце «Трубадуры», з якімі працаваў да 1973 года. Разам з «Чырвонымі гітарамі», «Трубадуры» былі самым папулярным польскім калектывам, іх слава дасягала нават Савецкага Саюзу, кружэлкі гуртоў высока цаніліся тамтэйшымі меламанамі.
Кшыштаф Краўчык спяваў разам з «Трубадуры» іх самыя вялікія хіты «Znamy się tylko z widzenia», «Krajobrazy», «Byłaś tu», «Kim jesteś» i «Ej, Sobótka, Sobótka». Асабіста мне вельмі падабаецца лірычная песня «Znamy się tylko z widzenia». Паэтычную назву твора магу перакласці толькі даслоўна «Ведаем адзін аднаго толькі візуальна».
Разам «Трубадурамі» Кшыштаф Краўчык запісаў 9 пласцінак. Кампазітар, які разам з Краўчыкам заснаваў групу, Марʼян Ліхтман успамінае першую сустрэчу з ім:
-Выйшаў цыбаты хлопец, які заспяваў песню «Зуб, баліць мне зуб», мяне гэта моцна расмяшыла. З таго часу яго палюбіў яго, мы «злавілі адзін аднаго». Я тады спяваў, выкарыстоўваючы верхнія рэзанатары. Ён у мяне запытаўся, як гэта, спяваць такім чынам. У тыя, маладыя гады ён меў такі беленькі, шчанячы галасок. Паказаў яму як спяваць, выкарыстоўваючы верхнія рэзанатары. І ўжо праз два тыдні ён прыйшоў і заспяваў, заспяваў як Кшыштаф Краўчык. Несамваіты талент!
Пачынаючы з 1973 года Кшыштаф Краўчык пакінуў «Трубадураў» і пачаў сольную кар’еру. З таго часу ён нарадзіў мноства хітоў, якія і зараз пастаянна гучаць на польскіх радыёстанцыях: «Parostatek» (па-бел. «Параход» ), «Chciałem być», «To co dał nam świat», «Mój przyjacielu» («Мой сябр»), «Trudno tak», «Bo jesteś ty» («Бо гэта ты»).
Папулярнасць Кшыштафа Краўчыка добра дэманструюць шматлікімі гастролі па Еўропе і свеце, а таксама мноства музычных прэмій узнагарод, якімі была ўганаравана творчасць музыкі. За сваю карʼеру Кшыштаф Краўчык спяваў і запісваў дыскі з разнастайнай музыкай ад поп да рытму і блюзу, свінга, рок-н-ролу, кантры, танга, танцавальнай музыкі, фолку, рэгі, а нават цыганскімі песнямі. За 47 гадоў сольнай кар’еры Кшыштаф Краўчык запісаў каля сотні дыскаў даў тысячы канцэртаў. У размове з Польскім радыё ў 1989 годзе Кшыштаф Краўчык казаў, што да кожнага канцэрту, да кожнага выступу ён ставіцца надзвычай сурʼёзна:
-Я дасканала разумею ўвагу і хваляванне маіх слухачоў. Як калісці я чакаў пачатку выступу майго бацькі Яна-Марыі Краўчыка, ён быў акторам і спеваком, так сёння яны вельмі заангажваны. Яны зычаць мне дабра, хочуць, каб усё было добра. Кожны канцэрт вельмі важны, нават калі я моцна стомлены, нават калі я ўжо стамляюся ад самаго сябе. З гэтым Краўчыкам я вымушаны жыць ужо больш за сорак гадоў! Для мяне гэта пытанне служэння людзям.
На жаль, смерць не абмінае нават самых вялікіх зорак. Кшыштаф Краўчык, музыка, на творах якога вырасла пакаленне маіх польскіх аднагодкаў, у апошні раз адплыў, цытуючы яго песню, « w piękny rejs» («у прыгожы рэйс»).
Поўны матэрыял, прысвечаны спеваку, слухайце ў далучаным гукавым файле!
эж