Беларуская Служба

Беларускі дырыжор Іван Касцяхін аднавіў страчаную оперу Горскага «Маргер» і шукае тэатр, дзе магчыма было б паставіць твор

02.03.2023 17:28
Опера «Маргер» магла б быць пастаўленая ў Мінску. Але ў іншых умовах.
Аўдыё
  • Беларускі дырыжор Іван Касцяхін і дырэктар Biuro Polonijne Гжэгаш Сарачыньскі прадставілі ў Варшаве адноўленую партытуру страчанай оперы кампазітара Канстанціна Горскага «Маргер».
      Biuro Polonijne             .
Беларускі дырыжор Іван Касцяхін і дырэктар Biuro Polonijne Гжэгаш Сарачыньскі прадставілі ў Варшаве адноўленую партытуру страчанай оперы кампазітара Канстанціна Горскага «Маргер». Фота: Radyjo.net

Беларускі дырыжор Іван Касцяхін і дырэктар Biuro Polonijne Гжэгаж Сарачыньскі прадставілі ў Варшаве адноўленую партытуру страчанай оперы кампазітара Канстанціна Горскага «Маргер». Гэта крыху дэтэктыўная гісторыя, у якой шмат шчаслівага збегу абставінаў, адданасці сваёй працы.

Слухайце далучаны файл!

Спачатку — пра асобаў гэтай гісторыі. Іван Касцяхін – былы дырыжор беларускага Нацыянальнага тэатру оперы і балета, ён быў звольнены па палітычных прычынах. Апошні час жыве ў Варшаве.

Гжэгаж Сарачыньскі, дырэктар Biuro Polonijne, раней доўгі час працаваў консулам у Харкаве ва Украіне. Ён шмат высілкаў прыклаў да таго, каб раскрыць асобу кампазітара Канстанціна Горскага, знайсці матэрыялы яго музычнай спадчыны.

Уласна сам Канстанцін Горскі. Чалавек, які нарадзіўся ў  1859 годзе пад Лідаю, гэта сучасная Беларусь, жыў на тэрыторыі сучасных Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы. У 1905 годзе Канстанцін Горскі напісаў оперу паводле паэмы «Маргер» Уладзіслава Сыракомлі. Прэм'ера твора адбылася ў 1927 годзе, ужо пасля смерці кампазітара, і гэта быў першы і апошні яе паказ.

У оперы прадстаўлены напаўгістарычныя падзеі, якія адбываліся ў XIV стагоддзі. Паданне сведчыць, што на Замкавай гары ў мястэчку Пулен над Нёмнам (гэта ваколіцы сучаснага горада Коўна) быў замак літоўскага князя Маргера. У 1336 г. князь разам з дружынай і мясцовым насельніцтвам аказаў гераічны супраціў тэўтонскаму наступу. У оперы ёсць любоўная лінія, моманты асабістага выбару і кропкі незваротнасці гэтага выбару, якая прыводзіць да таго, што абаронцы замка падчас чарговага наступу церпяць паразу, гінуць іх сем’і і ўласна кароль Маргер. Адным словам драматычны і маштабны твор.

У другую сусветную вайну партытура для аркестра оперы «Маргер» згарэла. Цудам захаваўся толькі клавір – ноты для спеваў з фартэпіяна.

— Асоба кампазітара цікавая сама па сабе, бо ён аб’ядноўвае ў сабе некалькі дзяржаў і народаў, — расказвае Іван Касцяхін. — Канстанцін Антоній Горскі, можна крыху, спрачацца пра яго паходжанне, але нарадзіўся ён пад сценамі рыцарскага замка Гедыміна ў Лідзе. Адукацыю атрымаў у сям’і, ён яўна вылучаўся здольнасцямі, граў на скрыпцы ў хатнім ансамблі. Яго аддалі вучыцца музыцы, і ён прайшоў доўгі шлях праз Варшаву, Вільню, Санкт-Пецярбург, дзе пасябраваў і вучыўся ў Рымскага-Корсакава кампазіцыі, як скрыпач – у Леапольда Аўэра, гэта была, бадай што, лепшая школа на той момант. Таксама пасябраваў з Пятром Чайкоўскім. Затым лёс занёс яго на некаторы час у Тыфліс, пазней у Харкаў, дзе і была напісаная опера «Маргер». Пасля рэвалюцыі ён пераехаў у Познань, дзе працягваў працаваць канцэртмейстрам аркестра Тэатра оперы і балета Познані.

Іван Касцяхін распавёў, пра выпадковую сустрэчу з творчасцю Канстанціна Горскага. Клавір оперы «Маргер» яму паказаў вядомы оперны спявак, дырэктар «Беларускай капэлы», прафесар Віктар Скарабагатаў. Скарабагатаў паказаў ксеракопію з ксеракопіі клавіра, заўважыўшы, што аднавіць партытуры для цэлага аркестра – вялікая і сур’ёзная праца.

— Я прыадкрыў першую старонку, а дырыжорскі погляд ён які? Адразу пачынаеш агучваць ноты, якія бачыш, у галаве гучыць саўндтрэк. Я адкрыў — і музыка адразу загучала. Я папрасіў сыграць, пайшоў у клас і да гадзіны ночы іграў першыя 40-50 старонак. У музыку я закахаўся адразу, гэта дакладна, — прызнаецца Касцяхін.

Працу над аднаўленнем партытуры оперы «Маргер» для аркестра Іван Касцяхін пачаў яшчэ ў Мінску. Ужо ў Варшаве дырыжор пазнаёміўся з дырэктарам Biuro Polonijne, былым консулам у Харкаве Гжэгажам Сарачыньскім, які шмат часу прысвяціў даследаванню асобы Горскага. І нават мае арыгінал таго самага клавіра, з копіямі якога і працаваў Касцяхін.

Гжэгаж Сарачыньскі дэманструе арыгінал клавіра оперы кампазітара Канстанціна Горскага «Маргер». Гжэгаж Сарачыньскі дэманструе арыгінал клавіра оперы кампазітара Канстанціна Горскага «Маргер».

— Мяне ўразіла першая сустрэча з арыгінальным клавірам. У маёй ксеракопіі з ксеракопіі была плямка была, быццам нехта варэннем капнуў. А калі я адкрыў арыгінал клавіра, адтуль пялёстак выпаў. І мне Гжэгаж кажа: «Гэта пялёсткі ружаў, якія жонка кампазітара туды змяшчала». Быццам кампазітару руку паціскаеш. Гэтых перасячэнняў вельмі шмат. Скончаная партытура, і сёлета 200 год з даты нараджэння Сыракомлі, а ў наступным годзе — сто год ад смерці Горскага. Так перасячэнняў вельмі шмат, — гаворыць артыст.

Можна спрачацца, да культурнай спадчыны якога народа належыць творчасці Горскага, але дакладна гэты кампазітар шмат узяў з культур тых людзей, краін, у якіх ён вучыўся, дзе жыў.

Натуральна, паўстае пытанне: калі зробленая такая вялікая праца, і ўжо ёсць партытура для аркестра, ці можна будзе пабачыць адноўленую оперу на сцэне тэатру?

— Мы цяпер наладжваем кантакты з рознымі арганізацыямі, якія могуць нам дапамагчы і фінансава, і арганізацыйна, і ў нашай камунікацыі з мастацкімі кіраўнікамі, дырэктарамі тэатраў польскіх, літоўскіх. Нажаль, не беларускіх і ўкраінскіх, пакуль. Гэта доўгі шлях. Сама пастаноўка, калі рашэнне прынятае, гэта час на тое, каб вывучыць партыі, аркестру, хору, салістам, гэта сцэнаграфія і гэтак далей. Па часе гэта можа займаць ад паловы года да года. Але ёсць формы не больш лёгкія, а больш танныя. Гэта запіс, канцэртнае выкананне. Мы над гэтым таксама працуем.

Іван Касцяхін спадзяецца, што опера з’явіцца на сцэнах тэатраў Польшчы, і аднойчы ў Мінску і Харкаве. Паводле яго слоў, калі б не падзеі 2020-га і наступных гадоў, верагоднасць таго, што опера была бы пастаўленая ў Мінску вялікая.

Па словах Івана Касцяхіна, тое, што оперу аднавіў беларускі артыст, важны момант. Напрыклад, дазваляе дакладна захаваць беларускамоўны варыянт лібрэта.

Іван Касцяхін гаворыць, што ёсць важная задача – працаваць над захаваннем музычнай спадчыны Беларусі. Ёсць шмат твораў, чарга якіх яшчэ не надышла.

— Захаванне музычнай спадчыны, тое, што трыццаць гадоў рабіла музычная капэла Віктара Скарабагатава. І дзякуючы яму клавір патрапіў да мяне. Гэта трэба працягваць, бо ёсць шмат архіваў, твораў, чарга якіх яшчэ не надышла. Вось надышла чарга «Маргера». Спадзяюся, будуць і наступныя. Для мяне гэта адзін з тых напрамкаў, якім б я хацеў займацца. Будзем шукаць магчымасці, — гаворыць дырыжор.

вх