Беларуская Служба

У Любліне стартуе фестываль «Усход культуры – Іншыя гукі»

06.07.2023 15:01
У рамках мерапрыемства адбудзецца прэзентацыя першай грунтоўнай манаграфіі пра сучасны беларускі тэатр.
Аўдыё
  • У Любліне стартуе фестываль «Усход культуры – Іншыя гукі»
У Любліне стартуе фестываль «Усход культуры – Іншыя гукі»www.innebrzmienia.eu/скрымшот

6-9 ліпеня 2023 года ў Любліне адбываецца фестываль «Усход культуры – Іншыя гукі» (поль. Wschód Kultury – Inne Brzmienia). Гэта ўжо 16-ы фестываль «Іншыя гукі» і адначасова 10-ы пад шыльдай «Усход культуры», то бок праекту, рэалізаванага Нацыянальным цэнтрам культуры праз тры гарады ва ўсходняй Польшчы – Люблін, Беласток і Жэшаў за сродкі Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны.

«Усход культуры – Іншыя гукі» – гэта адно з самых натхняльных музычных мерапрыемстваў у Польшчы, якое дазваляе пабачыць і пачуць у самым сэрцы Любліна сусветныя зоракі і музычныя адкрыцці. Не інакш будзе і на гэты раз, пераконвае праграмны дырэктар Фестывалю «Усход культуры – Іншыя гукі» Агнешка Вайцяхоўска(Agnieszka Wojciechowska):

- Легенда брытанскай электра-сцэны Ladytron, нарвежскі гітарны майстар Стыян Вэстэрхус, легенда нямецкай авангарднай сцэны To Rococo Rot (можна сказаць, гэта рэактывацыя гурта спецыяльна на фестываль у Любліне). Далей, выступіць цікавы гурт з Бельгіі Whispering Sons. У рамках фестывалю будзем святкаваць 25-годдзе музычнага выдавецтва Gusstaff Records. Выступяць звязаныя з ім калектывы. Паявяцца таксама новыя гурты на польскім музычным рынку: Якуб Скарупа, гурты: «ta Ukrainka» ( «тая ўкраінка») «Koń», «Atol Atol Atol», «szorstkie»»,Contemporary Noise Ensemble». Будуць таксама тры украінскія гурты з альтэрнатыўнай сцэны – джазавы «Hyphen Dash» і электронныя «The Lazy Jesus» і «Monoconda».

Фестываль дазваляе пазнаёміцца з найцікавейшымі музычнымі з’явамі на мяжы розных жанраў, традыцый і культурных уплываў:

- Назва фестывалю паказвае на яго місію, напрамак. «Усход культуры»- гэта арыенцір на ўсё цікавае, што адбываецца за нашай усходняй мяжой. Цягам многіх гадоў мы запрашалі ў Люблін артыстаў з Украіны, Беларусі, Арменіі, Грузіі. У тым ліку, у аспекце літаратуры нас вельмі цікавяць балтыйскія краіны: Літва, Латвія, Эстонія. На нашых фестывалях выступалі артысты з Чэхіі, Славакіі. Другі аспект фестывалю і другая частка ягонай назвы, то бок «Іншыя гукі» – азначае цікавасць да музыкі; да таго, як музыкі стараюцца пашыраць ейныя жанравыя рамкі – арыгінальна, па-свойму.

«Усход культуры – Іншыя гукі» – гэта не толькі музыка. Праграма фестывалю таксама багатая падзеямі для аматараў амбіцыйнага кіно, сучаснага мастацтва і літаратуры. Падчас сёлетняга мерапрыемства не будзе музычных прадстаўнікоў з Беларусі, але адбудзецца прэзентацыя цікавай беларускай публікацыі, кажа Агнешка Вайцяхоўска:

- Мы будзем прэзентаваць вельмі цікавую анталогію, якая падсумоўвае 10 гадоў беларускага тэатра. Аўтарамі тэкстаў з’яўляюцца артысты, звязаныя з беларускім тэатрам. Гэта іх голас, які, па зразумелых прычынах, не мог прагучаць у Беларусі. Аўтары расказваюць пра тое, што цікавага адбылося ў беларускім тэатры за апошнія 10 гадоў. Сустрэча адбудзецца ў апошні дзень фестывалю, то бок у нядзелю, 9 ліпеня ў 13.00 у пабе Bałagan. Дарэчы ў згаданым месцы цягам фестывалю будуць праходзіць літаратурныя сустрэчы.

«Эскізы пра найноўшы беларускі тэатр (2010–2020)»( Szkice o najnowszym teatrze białoruskim) – гэта крытычныя тэксты, калектыўная праца, першая грунтоўная манаграфія пра сучасны беларускі тэатр. Выданне ўзнікла ў выніку супрацоўніцтва з Тэатральным інстытутам імя Збігнева Рашэўскага.
У сустрэчы возьмуць удзел: навуковы рэдактар і перакладчык Ірына Лаппо, аўтары – Ганна Карняюк, Эва Венторска. Сустрэча адбудзецца на польскай і беларускай мовах.

Цягам бліжэйшых дзён музычныя канцэрты і суправаджальныя мерапрыемствы будуць праходзіць па ўсім Любліне:

- Фестываль «Усход культуры – Іншыя гукі» праходзіць практычна ва ўсім старым горадзе і цэнтры Любліна. У сваю чаргу канцэрты адбываюцца ля Люблінскага замка. Там будзе размяшчацца наш фестывальны гарадок; будзе наладжаная зона адпачынку, фудтракі. У сваю чаргу паказу фільмаў, выставы і прэзентацыі кнігаў будуць адбывацца ў асноўным на вуліцы Гродзкай у старым горадзе.

Сёлетні фестываль «Усход культуры – Іншыя гукі» арганізаваны ў рамках Еўрапейскай моладзевай сталіцы. Нагадваем, Люблін быў першым горадам у Польшчы, які стаў моладзевай сталіцай Еўропы 2023 года. Міжнароднае журы вырашыла, што менавіта згаданы горад будзе мець магчымасць прадставіць Еўропе важныя для моладзі каштоўнасці, паказаць сваю дзейнасць, скіраваную на моладзь.

У сваю чаргу ў рамках «Маленькіх Іншых гукаў» пройдзе серыя гукавых майстар-класаў для дзяцей і падлеткаў:

- Будзе шмат майстэрняў, як для сем’яў, так і для дзяцей рознага ўзросту. Гэта ў рамках музычнай адукацыі. Будзем, напрыклад, супольна ствараць фестывальную песню, на якую будзе зняты тэледыск. Будуць выставы, кіно-паказы ў суботу і нядзелю.

Фестываль пачынаецца выставамі, якія будуць даступныя для наведвальнікаў з раніцы ў чацвер, 6 ліпеня. Першай падзеяй будзе сустрэча з музычным выдавецтвам Gusstaff Records. У сваю чаргу завершыцца ў нядзелю, 9 ліпеня канцэртам украінскага дыджэйя «The Lazy Jesus»:

- Цікавым аспектам фестывалю з’яўляюцца акцыі, дыскусіі і прэзентацыі, звязныя з сітуацыяй жанчын на музычным рынку. «Усход культуры – Іншыя гукі» з’яўляецца польскім партнёрам сеткі «Keychange», якая займаецца падтрымкай жанчын у музычным сектары. Нас чакаюць натхняльныя дыскусіі і канцэрты артыстак, якія сёлета прадстаўляюць секту «Keychange». Гэта «Lucy Kruger & The Lost Boys» з Германіі, эстонскі праект «Bedless Bones», «Miesha & Tha Spanks» з Канады.

Праграмны дырэктар Фестывалю «Усход культуры – Іншыя гукі» Агнешка Вайцяхоўска запрашае да ўдзелу і нагадвае, што ўступ на ўсе канцэрты і сустрэчы, якія праходзяць у рамках фестывалю – бясплатны.

Размаўляла Анна Задрожна