Сёння, 9 верасня, у Польшчы пройдзе Агульнанацыянальнае чытанне. Гэтае культурнае мерапрыемства адбываецца штогод пад патранатам прэзідэнта Польшчы: упершыню яно прайшло ў 2012 годзе па ініцыятыве тагачаснага кіраўніка Польшчы Браніслава Камароўскага. Мэта грамадскай акцыі – прапагаванне нацыянальнай літаратуры, у тым ліку польскіх класічных твораў.
Штогод акцыю пачынаюць прэзідэнт Польшчы і першая лэдзі, зачытваючы фрагмент твору польскай літаратуры. Сёлета гэта будзе «Над Нёманам» Элізы Ажэшкі.
У гэтым годзе Агульнанацыянальнае чытанне пройдзе 12 па ліку раз. Трансляваць мерапрыемства будуць Першы, Другі і Трэці каналы дзяржаўнага Польскага радыё. Чытанне адбываецца па ўсёй краіне: выбраны фрагмент твору чытаюць у гарадах і вёсках, у школах, бібліятэках, дыпламатычных прадстаўніцтвах і іншых месцах. Раней Агульнанацыяльнае чытанне адбывалася таксама ў Беларусі сярод польскай нацыянальнай меншасці, а таксама ў Польскім інстытуце ў Мінску ды ў консульствах Польшчы ў Брэсце і Гродне.
Беларуская служба Польскага радыё таксама прымае ўдзел у нацыянальнай акцыі чытання. Штогод наша рэдакцыя сваімі сіламі рыхтуе фрагмент твору ў перакладзе на беларускую мову і зачытвае яго ў эфіры.
Сёлета нашы калегі Яланта Смялоўская і Валеры Саўко прачыталі фрагмент вядомага раману Элізы Ажэшкі, які ў 2003 годзе выйшаў друкам на беларускай мове ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў перакладзе Анатоля Бутэвіча.
слухайце аўдыёфайл
Агульнанацыяльнальнае чытанне – гэта ўнікальная акцыя, якая дапамагае ў пашырэнні польскай літаратуры і з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.
Нечым падобным у беларускім грамадстве можна назваць Агульнанацыянальную дыктоўку.