Беларуская Служба

Беларускі летні фестываль у Кракаве, які збірае тысячы ўдзельнікаў, звяртаецца па дапамогу (ФОТА/ВІДЭА)

12.05.2025 06:02
«Прывітанне, беларусы і беларускі сусвету! На сувязі — Letucień, летні беларускі Пікнік у Кракаве».  
Аўдыё
  • Беларускі летні фестываль у Кракаве, які збірае тысячы ўдзельнікаў, звяртаецца па дапамогу
 Letucień
Пікнік Letucień штогод збірае ў ліпені ў Кракаве тысячы ўдзельнікаў крыніца: facebook.com/picnic.letucien

Беларускі фестываль Letucień, які штогод збірае тысячы беларусаў і сяброў Беларусі з розных краін у Кракаве, апынуўся пад пагрозай. Арганізатары просяць набыць сімвалічны білет і падтрымаць фестываль. 

«Прывітанне, беларусы і беларускі сусвету! На сувязі — Letucień, летні беларускі Пікнік у Кракаве. Нават калі ты ніколі не быў ці не была на Пікніку — уяві сабе, як жа файна сабрацца разам: вялікі парк з пышнымі дрэвамі, гоман і смех, знаёмыя, якіх даўно не бачыў, твая любімая музыка, што льецца са сцэны, пах дранікаў ды кавы — і бясконцае лета», - пішуць арганізатары, зазначаючы, што сёлета ён можа не адбыцца. Чаму? «Таму што ў Пікніка Letucień няма фінансавання. Ёсць толькі мы — і вы», - падкрэсліваюць актывісты.

Канцэрты - неад'емная частка пікніка Канцэрты - неад'емная частка пікніка

Пікнік узнік у 2020 годзе як невялікае сяброўскае свята беларусаў у Польшчы, але ўжо праз некалькі гадоў ператварыўся ў маштабны фестываль з музыкай, кірмашом, танцамі, семінарамі, фізічнымі актыўнасцямі і атмасферай сапраўднага згуртавання.

Сямейная атмасфера, сябры, любоў, свабода - дэвізы фестывалю  Сямейная атмасфера, сябры, любоў, свабода - дэвізы фестывалю

Лера і Даша, якія з’яўляюцца аднымі з арганізатараў фестывалю, у размове з Польскім радыё звяртаюць увагу на тое, што арганізаваць мерапрыемства – гэта вялікія фінансавыя выдаткі. Паводле іх, плаціць прыходзіцца за ўсё: за сцэну, мікрафоны, палаткі, транспарт удзельнікаў і нават за стог сена, у якім госці фестывалю могуць паляжаць і адчуць вясковую атмасферу. Дапамагае мэрыя, але падтрымка гарадскіх улад Кракава – гэта перш за ўсё арганізацыйныя пытанні, звязаныя з правядзеннем пікніка, напрыклад, бясплатнае прадастаўленне парку і інфраструктуры для фестывалю. Усё астатняе прыходзіцца браць у арэнду, зазначаюць дзяўчаты. 

Пікнік Letucień пачынаўся пяць гадоў таму як сяброўская сустрэча, на якую прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. У мінулым годзе на ім ужо пабывала некалькі тысяч – не толькі з Польшчы, але і іншых краін. Лера і Даша гавораць, што Letucień прыцягвае не толькі беларусаў, але і палякаў, чэхаў, італьянцаў, які атрымліваюць дасканалую нагоду для таго, каб пазнаёміцца з беларускай культурай.

Пікнік без беларускіх дранікаў? Немагчыма! Пікнік без беларускіх дранікаў? Немагчыма!

Арганізатаркі падкрэсліваюць, што з самага пачатку пікніка яго каманда, якая цяпер вырасла да 30 арганізатараў і 70 валанцёраў, стварае свята для ўсіх — без ганарараў, часам укладваючы свае грошы. У размове Лера і Даша некалькі разоў падкрэслілі, што ўваход на фестываль – бясплатны.

Пад ліпеньскім небам Кракава Пад ліпеньскім небам Кракава

Фестываль запланаваны на 26 ліпеня. У праграме традыцыйна будуць канцэрты, сямейныя зоны, мастацтва, кірмаш, адукацыйныя пляцоўкі і шмат месца для сяброўскіх сустрэч пад паркавымі дрэвамі. 

«Свята не адбудзецца без вас. Калі робім — то разам», — кажуць арганізатары. 

Падтрымаць пікнік Letucień можна, прайшоўшы па спасылцы

Поўная размова з Лерай і Дашай пра гісторыю фестывалю, праграму, артыстаў і планы – слухайце аўдыёфайл 

размаўляў Валеры Саўко    

на здымках: на пікніку Letucień 

крыніца фота: facebook.com/picnic.letucien

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы