Беларуская Служба

Музыка Андрэй Пячынскі: Ужо зразумела, што калі й вернемся, то няхутка. Таму трэба падпарадкоўваць свае сэнсы пад новыя абставіны

15.05.2025 20:12
Музыка Андрэй Пячынскі з гурта Sož дзеліцца гісторыяй перастварэння ў эміграцыі музычнага праекту, і досведам прыняцця і адаптацыі, што могуць заняць некалькі год.
Аўдыё
  • Музыка Андрэй Пячынскі з гурта Sož: Мы не становімся далей ад Гомеля, Гомель не становіцца далей ад нас.
     So.
Музыка Андрэй Пячынскі з гурта Sož.Беларуская рэдакцыя Польскага радыё/Radyjo.net

Слухайце размову ў далучаным файле!

— Гурт Sož сябе самапрэзентуе як «electro post-punk from Homiel, reborn in Warsaw», што вы ўкладаеце ў гэтыя словы?

— Мы сабраліся ў Гомелі ў 2020-ым, працавалі над матэрыялам дыстанцыйна, і ўвогуле не планавалі жывых выступаў, не планавалі гурта. Потым увесь склад нашага праекта апынуўся ў эміграцыі ў Польшчы. Раз такое супадзенне, то ўжо трэба было ладзіць жывыя імпрэзы. Фактычна мы нарадзіліся як праект у Гомелі, аформіліся як гурт у Варшаве. А што такое электрапостпанк? Мы граем постпанк з драм-машынай. У нас няма жывога бубнача. 

— Чым вы займаліся да ўсіх гэтых падзей, да эміграцыі? 

— Некалькі разоў у жыцці я зарабляў музыкай і большую частку жыцця музыкай займаюся, але гэта не асноўны занятак, не сродак заробку. У апошнія гады ў Беларусі я займаўся перакладамі з англійскай на рускую, на беларускую мовы. У мяне дзве асноўныя спецыялізацыі — інфармацыйныя тэхналогіі і пераклад. 

— Вы прыехалі дарослым чалавекам у новую краіну з новай мовай, з іншым заканадаўствам. Прыехалі пачынаць сябе спачатку. 

— Так.

— У вас гэта атрымалася?

— Я скажу, што пакуль не атрымалася, я ў працэсе. Так, ужо больш за тры гады ў працэсе. Я думаю, што гэта цалкам будзе зразумела нашаму чалавеку. У эміграцыі, асабліва, калі ты ўжо не студэнт, калі крыху за 30, 40 год і ўсё спачатку пачынаць, гэта цяжка. Гэта цяжка. Нават, мне з маёй айцішнай спецыяльнасцю дагэтуль не ўдалося знайсці працу па прафесіі. Ну, тут яшчэ крызіс у індустрыі грае сваю ролю. Пэўныя цяжкасці ёсць, калі пачатку, ты не ведаеш мовы, не ведаеш, як што працуе ўвогуле, якія законы, якія правілы, што ты маеш рабіць увогуле. 

Я пэўны час правёў у разгубленасці. Цяпер вымушаны зарабляць фізічнай працай, бо есці нешта трэба, але я ўсё-такі шукаю цывільную працу, спадзяюся, што вярнуся на нармальную працу — працаваць галавой, а не рукамі. 

— На вас уплывае фізічная праца? Ці забірае рэсурсы? 

— Нешта забірае, нешта дадае. Да эміграцыі не надта шмат працаваў рукамі, а цяпер адчуваю, што нават здароўе паляпшаецца. Так! Бо не хапала пэўнай фізічнай нагрузкі з маімі офіснымі ды фрылансерскімі звычкамі. Не магу сказаць, што я пачаў неяк па-іншаму мысліць, але адчуваю сябе здаравейшым, і вядома не толькі фізічна здаравейшым, але і ментальна. Так што ёсць і плюсы.


 Sož.
Sož. 

— Вернемся да музыкі. Вы перасабралі свой гурт, калектыў наноў у Варшаве. Для каго вы цяпер граеце, ствараеце песні, музыку? Для эмігранцкага асяроддзя? 

— Цяпер у нас паўстае такое пытанне размежавання — што мы маем рабіць далей? Бо пачыналі працаваць менавіта для эмігранцкай аўдыторыі, са зразумелымі гэтай аўдыторыі меседжамі.

Мы колькі год тут, у эміграцыі. І ўжо зразумела, што, калі мы ўвогуле й вернемся, то гэта будзе не хутка. І трэба неяк падпарадкоўваць сваё жыццё, і сэнсы, якія мы даносім, пад новыя абставіны. Працаваць з новай аўдыторыяй.

Думаем, як можна выйсці на польскую аўдыторыю, бо мы жывём у Польшчы, хацелася б таксама зацікавіць польскага слухача. У нас ёсць адзін трэк на польскай мове, пакуль вагаемся, не ведаем, ці будзем яшчэ рабіць па-польску нешта. Але пакрысе адыходзім ад таго, каб толькі для эмігрантаў і пра эміграцыю.

— Ці былі канцэрты, на якія прыходзілі палякі, а не толькі беларусы?

— Мяркую, што на ўсе канцэрты варшаўскія пэўны адсотак палякаў прыходзіць, але ў нас была такая ўдалая імпрэза, мы назвалі яе «Людзі ўсходу», адсылачка да польскага гурта Siekiera. Мы разлічвалі на тое, што адсылка будзе зразумелая польскаму слухачу, прыйдуць палякі, паслухаюць, ім будзе цікава. Ігралі чатыры гурты, і мы сабралі варшаўскую публіку, прадалі солдаўт. Ці не палова гэта была польская публіка. Усё было нармальна, нават добра. 

— 16 траўня запланаваны канцэрт, распавядзіце, што чакае слухачоў.

Падвойная прэзентацыя, мы прэзентуем свой сінгл C'est la Vilnia. Яго можна паслухаць на ўсіх стрымінгавых пляцоўках. Relikt прэзентуе свой сінгл Scizoryk. Адкрываць канцэрт будзе фолк-калектыў «Прастора», які выконвае  архаічныя беларускія песні. Цікава, што калектыў польскі, то бок гэта польскія жанчыны спяваюць беларускія народныя традыцыйныя песні. Пачынаецца гэта ўсё з фолка, потым пераходзіць да нашага змрочнага саўнду электрычнага. Потым вызваляем месца для Relikt, а іх не трэба нават падстаўляць, усе ведаюць. Будзе цікава, і цікава будзе розным людзям. 

Больш інфармацыі на старонцы падзеі ў Facebook

Афіша канцэрта.
Афіша канцэрта.
— Вы самі сказалі пра змрочны саўнд. Жыццё цяпер даволі складанае, ніяк не выйдзем з турбулентных падзей —  цяжкіх для краіны, для людзей. І музыка змрочная. 

— Гэта наўпроставае адлюстраванне нашых уласных эмоцый, іх перапрацоўка. Як можна расказваць весела пра сумныя рэчы? А мы расказваем пра сумныя рэчы. 

— Кім натхняецеся?

— Захапляемся класікай гэтага жанру. Гэта The Cure, Joy Division, Sisters of Mercy. Але ва ўдзельнікаў гурта музычныя густы розныя. Мы часам нават канфліктуем, бо калі пачынаем ствараць новую песню, то вядома, што ў кожнага нейкія свае рэферансы. 

— У вас нават два трэкі, звязаныя з Вільняй: C'est la Vilnia і Stotis. Чаму?

— Па-першае, Вільня гэта даволі вялікі, даволі значны перыяд жыцця нашага фронтмэна Алеся Плоткі. Вельмі эмацыйна гэта перыяд Алесь успрымаў. І гэта своеасаблівы мэсыдж ад эмігрантаў эмігрантам. Але C'est la Vilnia — гэта ўмоўны горад. Проста добра кладзецца на тэкст, магло б быць і C'est la Warszawa, проста не так гучыць, не так меладычна. Мы спяваем пра ўмоўны горад, адкуль не даходзяць лісты. 

Да слова, прэзентацыя C'est la Vilnia адбудзецца ў Вільні 14-га чэрвеня.

— Падтрымліваеце сувязь з Гомелем? У вас засталіся там знаёмыя, сябры? Ці абарвалася ўсё і не даходзяць лісты?

— Шмат хто параз'язджаўся, мала сяброў і знаёмых там засталося. Але засталіся. Праз інтэрнэт трымаем нейкую сувязь, калі-нікалі размаўляем.

Калі вы сябруеце дзесяць год і болей, а потым раз'язджаецеся па розных тэрыторыях, праходзіць яшчэ нейкі час і вы зноў сустракаецеся, то, мяркую, для падладжвання адзін пад аднаго трэба пару гадзін. І ўсё — як быццам не было гэтага разлукі. Я мяркую, што мы не становімся далей.

Мы не становімся далей ад Гомеля, Гомель не становіцца далей ад нас. 

— Эміграцыя не змяняе людзей? Не змяніла вас?

— Змяняе, канешне. Безумоўна, эміграцыя змяняе людзей. Гэта працэс складаны, неадназначны. Мне цяжка аб гэтым разважаць. Лепей, як бы нехта іншы сказаў, што ў ва мне змянілася ці не. 

— Ёсць шанец жыць за кошт музыкі, калі ты эмігрант? Выступаць у Еўропе, наладзіць  сетку гастроляў, канцэртаў па розных краінах? Ці ўсё ж складана ўнесці свае імёны на музычны еўрапейскі рынак? 

— Каб мы ведалі, як гэта працуе і як туды трапіць, мы б вельмі шчыльна гэтым займаліся. Шоў-бізнес і музычная яго галіна ўсё-такі застаюцца часткова для нас загадкай. Нешта робім, нешта атрымліваецца, нешта не атрымліваецца, але гэта, ведаеце, так — усляпую. Ніхто нам інструкцый не раздаваў. 

Я мяркую, што такая магчымасць ёсць нават для эмігрантаў з эмігранцкімі гуртамі, эмігранцкімі праектамі. Магчыма, я не буду сцвярджаць. Але думаю, што, напэўна, можна зарабляць музыкай і жыць з музыкі. Як? Гэта ўжо іншае пытанне.

вх