Беларуская Служба

Запрашаем усіх далучыцца да «Ночы музеяў 2025» і адчуць магію культуры ў начны час!

16.05.2025 12:30
Гэта ўнікальная магчымасць наведаць месцы, якія нармальна часта недаступныя для наведвальнікаў.
Аўдыё
Кракаў ноччу PublicDomainPictures/pixabay.com

У ноч з 17 на 18 траўня 2025 года Польшча зноў далучыцца да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» — унікальнай ініцыятывы, якая дазваляе бясплатна або за сімвалічную плату наведаць музеі, галерэі, культурныя ўстановы, а нават сядзібы дзяржаўнай адміністрацыі. Згаданая падзея з’яўляецца неад’емнай часткай культурнага календара ў Польшчы, прыцягваючы мільёны наведвальнікаў.

Гісторыя і развіццё

Ідэя «Ночы музеяў» нарадзілася ў Берліне ў 1997 годзе, калі ўпершыню музеі адкрылі свае дзверы для наведвальнікаў у начны час. Ініцыятыва хутка распаўсюдзілася па ўсім свеце. Польшча далучылася да яе ў 2003 годзе. З таго часу колькасць удзельнікаў і наведвальнікаў мерапрыемства пастаянна расце. У 2024 годзе, напрыклад, толькі ў Вроцлаве ўсе аддзелы тамтэйшага Нацыянальнага музея наведала амаль 16 тысяч чалавек.



Што чакае нас у 2025 годзе?

У гэтым годзе ў акцыі прыме ўдзел некалькі сотняў музеяў і культурных устанoваў па ўсёй Польшчы. Наведвальнікі змогуць паглядзець розныя экспазіцыі; прыняць удзел у майстар-класах, канцэртах і іншых мерапрыемствах.



І так, Музей шакаладу ў Познані(Poznań) запрашае на паказ ручнога вырабу шакаладу, майстар-класы па стварэнні праліне і шакаладную віктарыну з прызамі.

У Мазавецкім музеі ў Плоцку(Płock) можна будзе палюбавацца раней не экспанаванымі эскізамі Агюста Радэна, Эдуара Манэ, Яцэка Мальчэўскага і Станіслава Выспянскага. Унікальная выстава: «Такога тут яшчэ ніколі не было» будзе даступная для наведвальнікаў толькі ў гэтую адну ноч.

Інтэрактыўныя кінапаказы, прэм'еры выставаў, а нават майстар-класы па вырабе кальчугі. Усё гэта ў рамках XX  «Ночы музеяў» у Гданьску. У рамках мерапрыемства можна будзе наведаць мноства аб’ектаў за сімвалічны  «адзін злоты», нагадвае віцэ-прэзідэнт Гданьска Моніка Хабёр(Monika Chabior):

- Еўрапейскі Цэнтр Салідарнасці можна будзе наведаць разам з музыкам Томкам Ліпіньскім – сузаснавальнікам, між іншым, легендарнага польскага гурта Tilt.  Прапануем Silent Disco і караоке.

У суботу на вуліцы Гданьска выедуць таксама бясплатныя старадаўнія аўтобусы і трамваі.

Дарэчы, калі нехта хоча пракаціцца на гістарычным аўтобусе «Ельч», то такая нагода з’явіцца ў Беластоку. На поўнае ўспамінаў падарожжа ў рэтра-стылі ў сацсетках запрасіў тамтэйшы Клуб аматараў грамадскага транспарту:

- 17 траўня ў рамках «Ночы музеяў» вы зможаце разам з Клубам аматараў грамадскага транспарту адправіцца ў горад і пракаціцца па маршруце музейнай лініі «А»!

З 17:00. да поўначы, зацікаўленыя могуць шукаць гістарычнага «Ельца» ў Цэнтры аўтобуснага вакзала.

Сёлетняя  «Ноч музеяў» - гэта першае буйное мерапрыемства пасля нядаўняга буйнога рамонту і змены назвы ў Музей Верхняй Прусіі ў Морангу (Morąg) - мястэчку на паўночным усходзе Польшчы (раней гэта быў Музей Варміі і Мазураў – рэд.), нагадвае кіраўнічка ўстановы Анжаліка Рэйс (Angelika Rejs):

- Вядома, першым важным пасля пераадкрыцця мерапрыемствам будзе для нас «Ноч Музеяў», калі можна будзе бясплатна наведаць усе нашыя выставы. Зразумела, наведванне адбудзецца ўвечары.

17 траўня для наведвальнікаў адкрыецца адзінае ў Польшчы Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане (Różan) у цэнтральнай Польшчы. «Звычайна гэтае месца закрытае для шырокай публікі», — падкрэсліла дырэктарка Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў з Отвацка Анэта Корчыц (Aneta Korczyc):

- Шчыра запрашаем усіх зацікаўленых наведаць Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане ў ноч 17 траўня, то бок пры нагодзе акцыі «Ноч музеяў». Гэта будзе нашая другая «Ноч музеяў». Экскурсія не патрабуе ніякай падрыхтоўкі. Гэта бяспечнае месца, дзе доза радыяцыі ніжэйшая, чым, напрыклад, у Закапанэ (у польскіх гарах Татры –рэд.) ці ў Гдыні (на ўзбярэжжы Балтыйскага мора –рэд). Сардэчна запрашаем вас у гэты дзень. У іншыя дні таксама можна паглядзець Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў, але не ноччу.

Наведвальнікі змогуць даведаюцца пра працэсы збору, апрацоўкі і захоўвання радыеактыўных адкідаў.

Запрашаем у сядзібы парламента і Канцылярыю прэм’ера

У бліжэйшую суботу, 17 мая, можна будзе наведаць будынак польскага парламента. Экскурсаводы чакаюць вас з 19:00 па 24:00. Галоўнай тэмай прагулкі стане міжваенны перыяд, у тым ліку пачатак будаўніцтва Залы пасяджэнняў Сейма ў 1925 годзе. Спецыяльна да гэтай нагоды будзе арганізаваная выстава архіўных фатаграфій, якія паказваюць сядзібу парламента з перспектывы мінулага і сучаснасці.

У сваю чаргу кіраўнік польскага ўрада Дональд Туск запрашае наведаць Канцылярыю прэм’ера. Можна будзе ўбачыць кабінет старшыні Рады міністраў, прыняць удзел у майстар-класах па дыпламатычным пратаколе:

- Гэтыя дзверы адчыняцца для ўсіх і можна будзе пазнаёміцца з усімі сакрэтамі Канцылярыі прэм’ера. Пачынаем з 18.00. Адна просьба, не нарабіце беспарадку ў маім кабінеце.

На адну ноч раней, чым у іншых гарадах, то бок ужо з пятніцы на суботу, «Ноч музеяў» пачнецца ў Кракаве. Гэта, як кажуць арганізатары, дае магчымасць пазнаёміцца ​​з багаццем кракаўскай культуры і на наступны дзень, прыняць удзел у падобным мерапрыемстве ў іншым месцы.  «Ноч музеяў» у Кракаве адбудзецца ўжо ў 21-ы раз. У мінулым годзе ў ёй прыняло ўдзел 100 000 чалавек.



«Ноч музеяў» — гэта не толькі магчымасць бясплатна наведаць музеі, але і шанец адкрыць для сябе новыя аспекты культуры і гісторыі. Мы пералічылі толькі некалькі мерапрыемстваў, запланаваных на гэты дзень. Больш падрабязную інфармацыю пра «Ноч музеяў 2025» можна знайсці на старонках і ў сацсетках паасобных культурных установаў.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Пяць рарытэтаў у адной прасторы: унікальная выстава беларускіх артэфактаў у Варшаве

14.05.2025 09:10
Разам яны будуць паказаныя толькі раз - на Ноч музеяў у Музеі Вольнай Беларусі.