Беларуская Служба

Святлана Алексіевіч: Са словамі ў мяне цяпер складана, бо не ведаю, як прабіцца да постсавецкага чалавека

17.06.2025 08:08
Пісьменніца Святлана Алексіевіч прызналася, што мае пачуццё віны за сваю эміграцыю.
Аўдыё
   , 16  2025 .
Святлана Алексіевіч у Варшаве, 16 чэрвеня 2025 года.screenshot video @t.me/euroradio

У Варшаве  з аншлагам прайшла сустрэча з Нобелеўскай лаўрэаткай, пісьменніцай Святланай Алексіевіч.

У пачатку сустрэчы кіраўніца ПЭН Беларусь Таццяна Нядбай паведаміла, што некаторыя пустыя крэслы ў залі, пустое крэсла на сцэне – гэта знак салідарнасці з творцамі, якія або загінулі, або ў зняволенні. Яна згадала імёны Нобелеўскага лаўрэата прэміі міру, праваабаронцы, літаратара Алеся Бяляцкага, журналісткі Кацярыны Андрэевай, журналіста Мікалая Дзядка, адваката, пісьменніка Максіма Знака, філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Усе гэтыя людзі былі асуджаныя на вялікі тэрміны з палітычных матываў у Беларусі.

Святлана Алексіевіч прызналася, што выезд з краіны не ёсць для яе лёгкім, бо яна мае пачуццё віны, а таксама выказала здзіўленне, колькі людзей прыйшлі на сустрэчу, «людзей, якія яшчэ вераць у сілу слова».

– Гэта мая другая эміграцыя, і, канешне, я сумую па сваіх родных месцах. У сувязі з тым, чым я займаюся, мне трэба жыць сярод маіх людзей, каб бачыць, як яны гавораць, як рухаюцца. Маё вока мусіць шмат бачыць, а вуха – чуць. Нягледзячы на ўсю нашу тэхнагеннасць мы звязаныя з роднымі месцамі амаль фізіялагічна. Нешта нас прывязвае да захаду сонца, да родных пейзажаў, што складана нават злавіць словам.

У Варшаве  з аншлагам прайшла сустрэча з Нобелеўскай лаўрэаткай, пісьменніцай Святланай Алексіевіч. У Варшаве з аншлагам прайшла сустрэча з Нобелеўскай лаўрэаткай, пісьменніцай Святланай Алексіевіч.
На фота: Святлана Алексіевіч
Таццяна Нядбай – беларуская літаратарка, перакладчыца, праваабаронца, старшыня Беларускага ПЭНа, Юстына Чэхоўска – польская перакладчыца, сябра Праўлення Польскага ПЭН-клуба, сузаснавальніца Таварыства перакладчыкаў літаратуры. 

Пра асэнсаванне часу

– У мяне ёсць вялікі пакой, у якім я сустракаюся з сябрамі, сустракаюся з тымі, з кім хачу пагаварыць аб новай сваёй кнізе і аб тым, што адбываецца ў свеце. Бо мы ўсё крышку звар'яцелі ад таго, што адбываецца, хочацца з кімсьці пра гэта пагаварыць. І я не думаю, што мы страцілі сувязь адзін аднаго праз слова. Нездарма Бог нам даў слова, у ім ёсць таямніца злучэння нас. Іншая справа, што ў такі час, як сёння, упадаеш у роспач, нават тады, калі слова – твая справа. Вось і мне цяпер гэтыя словы цяжка знайсці, каб мы загаварылі, каб мы былі адзін аднаму цікавыя.

Я не хачу сказаць, што словы нічога не робяць. Я проста кажу, што бывае так, калі ты не можаш паспець за часам, які так хутка мяняецца. Пра будучыню цяжка казаць, пра мінулае цяжка казаць. У рускіх ёсць нават прымаўка: мінулае таксама цяжка прадказаць.

Нам патрэбныя, відаць, сёння нейкія іншыя словы, можа, і іншая філасофія жыцця, і мы знаходзімся ў пошуку. І ўсё носіць нейкі адбітак часовасці, а часовасць гэта вельмі небяспечна, таму што без канца з газет, ад нашых розумаў сыходзяць словы, нейкія думкі аб трэцяй сусветнай вайне. Свет сёння вельмі нечаканы і вельмі хуткі.

Пра каштоўнасць жыцця

– Я думаю, калі б мы селі селі адзін насупраць аднаго, калі б раптам у нас атрымаўся той настрой, калі гаворым не проста пра жыццё, а пра таямніцу жыцця, то, нягледзячы на тое, што столькі ідзе войнаў у свеце, вайна ідзе нават у цэнтры Еўропы, я думаю, што мы больш за ўсё казалі б пра тое, што хочацца жыць, не хочацца паміраць. Кожны з нас успомніў бы нейкія моманты свайго жыцця, калі жыццё пранізвала цябе.

Перад адʼездам з Мінска я ехала ў таксі. Ехаў такі чалавек, можна сказаць, рабацяга. І раптам ён мне сказаў, што таксама чытаў нейкую маю кнігу. А потым кажа: «Хочаш, я скажу, што такое жыццё?» Кажа, што старыя грузіны мелі асаблівасць, яны на магіле чалавека, нават калі ён паміраў ва ўзросце пад 100 гадоў, пісалі 5-6 гадоў. А людзі прыезджыя не маглі зразумець, чаму так. І высвятляецца, што калі чалавек паміраў у здаровым розуме, то ўспамінаў не ўсё сваё жыццё, а падлічваў, наколькі гэта было магчыма, колькі часу ён быў насамрэч шчаслівы.

«Ты ведаеш, я, напэўна, каля гадзіны быў шчаслівы, — кажа, — хаця мне ўжо 50 гадоў»

Першае, што ён назваў, калі яму далі на рукі яго дзяцей. А другі момант, калі ён піў віно з чаравіка жанчыны.

«Гэта ўсё, ты разумееш, гэта ўсё», – кажа мужчына.

А ў гэты час усе гавораць пра вайну, гавораць пра рэвалюцыі. А дзе ж я, дзе маё шчасце?

Сучасны чалавек задумаўся пра гэта. Надзець дурныя боты, каб ісці і паміраць. Не думаю, што камусьці вельмі хочацца гэтага. Час кідае, напрыклад, тых жа ўкраінскіх хлопцаў, ісці і паміраць. А яны хацелі б жыць.
І таму я думаю, што нягледзячы на 21 стагоддзе, мы ўсё ж такі жывем у нейкім новым сярэднявеччы.


Пра смерць чырвонай ідэалогіі

– Канешне, мы ўсе 30 гадоў таму былі наіўныя. Мы думалі, што памёр камунізм, памерла гэтая чырвоная ідэя і чырвоны чалавек, які быў заняты ёй. Але мы былі наіўнымі, таму што калі чалавек, калі браць чалавека сацыялізму, дзясяткі гадоў сядзеў у лагеры. Не можа ж ён выйсці за вароты лагера і тут жа быць вольным. Гэтыя міфы сядзяць у глыбіні свядомасці, яны мацнейшыя, чым нашы словы, таму што яны там, пад свядомасцю. І таму камунізм яшчэ не мёртвы.

Я была ў Афганістане і напісала кнігу аб гэтым, але тады ні адна з мацярок, ні адзін з хлопцаў, з якімі я размаўляла ў Кабуле і іншых афганскіх гарадах, не падтрымлівалі вайну. Яны ў асноўным ненавідзелі камунізм. А цяпер дастаткова ўвайсці толькі ў ютуб – рускія людзі гінуць, каб купіць лядоўню, заплаціць іпатэку.

Вось што казаў рускі мужчына: «Мы сабралі на сямейную раду, пагаварылі – дачка, жонка і я. І вырашылі, што ў нас шмат даўгоў, трэба заплаціць іпатэку, набыць машыну, мне трэба ісці на вайну. І я пайшоў на вайну».
Або словы іншага чалавека, які казаў, што пойдзе на вайну:

«Ненавіджу хахлоў».
«За што ненавідзіце», – пытаюся я.
«Проста так», – адказвае.

Я магу шчыра прызнацца, што са словамі ў мяне зараз вельмі складана, бо я не ведаю, як прабіцца да гэтага постсавецкага чалавека.

Але чырвоны чалавек – гэта таксама рэальнасць. Думаю, што людзі ў Расіі пакрыўджаныя. Яны пакрыўджаныя, што гэтую краіну, гэты вялікі рускі пірог падзялілі без іх. Што іх дзядулі, бабулі, бацькі працавалі, напрыклад, на фабрыцы, а гэтую фабрыку аддалі за капейкі іншым людзям і цяпер у тых мільярды. Яны ж не могуць вучыць дзяцей сваіх, не могуць згуляць добрае вяселле сваёй дачцэ.

Думаю, нешта падобнае адбываецца і ў Амерыцы. Нейкая частка людзей запярэчыла, што з ёй не лічацца. І знайшоўся Трамп, які кажа ад імя гэтых людзей. Гэта ж адбываецца і ў іншых краінах, напрыклад, у Венгрыі, Славакіі – я бачыла тых жа пакрыўджаных людзей. Мне, як пісьменніку, здаецца, што я бачу нейкі бунт пакрыўджаных людзей. І мы аказаліся нямоглыя перад гэтым.

Ёсць добрая метафара да ўсяго гэтага. Рускі пісьменнік Аляксандр Кабакаў казаў, што быў працяглы час, калі мы змагаліся з драконам – з камунізмам. І нам падабалася гэтая страшная, але прыгожая барацьба. І вось мы перамаглі гэтага дракона, азірнуліся – вакол поўна пацукоў. А мы не ведаем, як змагацца з пацукамі. Ні нашая літаратура, ні ўсё нашае мастацтва не ведае, як змагацца з пацукамі. Гэта тыя монстры, якія сядзяць у кожным чалавеку.

Узнялося нешта жывёльнае, нейкія інстынкты. Тое, пра што мы мала ведаем.

Пытанні з залі:

Пра Украіну

— Я заўсёды казала, што трэба дапамагаць Украіне. Украіна павінна, калі не перамагчы, то спыніць Пуціна. Гэта віна Еўропы і Амерыкі, што загінула столькі людзей, бо своечасова не далі самалёты, своечасова не далі тэхніку.

Якія тады кнігі чытаць?

— Ведаеце, гэта самае неспасцігальнае для мяне: чаму гісторыя паўтараецца, а чалавек іншы? Можа быць ідзе нейкае назапашванне, і мы вядзем у нейкую новую філасофію. Але без кніг мы будзем яшчэ горшымі

Пра кнігі, праца на якімі спынілася

Святлана Алексіевіч працавала над дзвюма кнігамі: пра каханне, пра старасць. Але праца спынілася, бо яна, паводле слоў пісьменніцы, мусіць найперш завяршыць сваё назіранне за «чырвоным чалавекам».

Працоўная назва новай кнігі «У чаканні новых варвараў».


.  

Пра русіфікацыю Беларусі

– Усё ж адбываецца нейкі супраціў у нас: зʼяўляюцца маладыя людзі, якія хочуць размаўляць па-беларуску, чытаць беларускія кнігі. Ніхто не ведае, чым скончыцца. Але кожны з нас павінен супраціўляцца, а іншага варыянту няма.

Што рабіць з ворагамі?

Я чула развагі: адбудзецца «Новая Беларусь», але што мы будзем рабіць маленькімі і вялікімі катамі?

Адзін хлопец, які пацярпеў, мяне прымусіў задумацца, бо ён сказаў, што хацеў бы ўсіх ворагаў бачыць мёртвымі. Я адказала, што нянавісць яшчэ нікога не выратавала. Яна будзе пладзіць новую нянавісцю, гэта бясконца. Але ён не паверыў мне, таму што вельмі шмат перажыў.

Думаю, павінна быць два шляхі. З аднаго боку закон, а з іншага — зноў жа любоў. Акрамя любові, нас нічога не выратуе.

Пытанне ад былога палітзняволенага, журналіста Аляксандра Івуліна: Чаму вы навучыліся ў Васіля Быкава?

– Думаю, што ў кнігах Быкава – галоўны ўрок, што жыццё ўвесь час ставіць нас перад выбарам. І ты павінен выбіраць. А ў жыцці гэта быў, мне здаецца, іранічны чалавек, які іранізаваў над сабой, над тым, што адбываецца. Ён разумеў, што слова не павінна быць цяжкім, але і не тое, каб лёгкім. Яно павінна быць як невыносная лёгкасць быцця.

Пра Польшчу і палякаў

– Я мушу сказаць вялікі дзякуй Польшчы і палякам, ураду і асобным людзям, якія вельмі шмат зрабілі для Беларусі. Калі паразмаўляць з беларусамі, яны абавязкова раскажуць нейкую гісторыю, як нейкі паляк ці полька яго ратавалі. Я не ведаю, ці ўлады могуць цяпер нешта зрабіць, але кожны паляк нешта можа зрабіць для іншага чалавека з Беларусі.

Прыйшоў час, калі мы маем справу з фашызмам, з дыктатурай, і гэта час народнай дапамогі, калі людзі дапамагаюць адзін аднаму.

Што вы б сказалі людзям у Беларусі, якія зрабілі не той выбар, не на добрым баку?

– Я магу сказаць вельмі сцісла: трэба выбіраць будучыню. Ніхто не выбірае мінулае. Яшчэ б дадала, што ў вас ёсць яшчэ дзеці. А вы супраць будучыні.

Ці будзе канец Расіі, Расіі Пуціна?

– Я не астролаг. Але магу сказаць, што час ім не перамагчы. Час ніколі не ідзе назад, ён заўсёды імкнецца наперад. Бывае, ёсць прыпынкі, можна збіцца са шляху. Але час заўсёды коціць наперад.


Чарга за аўтографам. Чарга за аўтографам.
. .

вх