Беларускі пісьменнік, журналіст, блогер і аўтар ютуб-канала «Міністэрства Сепкультуры» Аляксандр Чарнуха ў сваёй новай кнізе «Гвалт» закранае важныя, нярэдка балючыя тэмы, што датычацца не толькі беларускага кантэксту, але і ўсяго чалавецтва.
— Ваша новая кніга называецца «Гвалт». Чаму вы абралі такую назву, і як вы яе разумееце ў кантэксце беларускага грамадства і культуры?
— Я абраў такую назву, таму што пісаўся цыкл апавяданняў, якія складаліся ў пэўную канцэпцыю — усе былі аб’яднаныя тэмай гвалту. Гэта вельмі актуальная тэма не толькі для беларускага грамадства, але і ў сусветным кантэксце, асабліва цяпер. Мне падаецца, што ўсе мы бываем і гвалтаўнікамі, і ахвярамі адначасова. Думаю, што кожны з нас павінен спачатку забіць дыктатара ў сабе. Таму гэтыя апавяданні і склаліся ў такую канцэпцыю. Але яны не толькі пра фізічны гвалт, а і пра псіхалагічны, і пра гвалт паміж пакаленнямі. Тут шмат розных тэм, і ўсе дзесяць апавяданняў розныя па стылістыцы і зместу.
— У апавяданнях з «Гвалту» фантазія часта сутыкаецца з беларускай рэальнасцю. Чаму для вас важна спалучаць рэалістычнае з фантастычным, і што гэта дае чытачу?
— У маёй творчасці заўсёды быў зміксаваны фікшн і нон-фікшн, бо я часта выкарыстоўваю сюжэты з нашага жыцця, і «Гвалт» не выключэнне. Там шмат з рэальнасці. У гэтыя сюжэты я дадаў трохі сюррэалізму, каб яшчэ больш падкрэсліць абсурднасць нашай рэчаіснасці. Таму кожны чытач у залежнасці ад начытанасці і ўласных чаканняў успрымае тэксты па-свойму. Хтосьці, напрыклад, у апавяданні «Дзяльба кабанчыка» — маім дыялогу з класікай беларускай літаратуры — убачыць тыповую вясковую гісторыю, а нехта — зусім іншы сэнс. Усё залежыць ад чытача.
— Ці існуе ў гэтых тэкстах нейкая агульная нітка — матыў, герой або стан, які аб’ядноўвае ўсе апавяданні кнігі?
— Толькі тэма гвалту — і тое вельмі ўскосна. Героі ўсе розныя, сюжэты таксама. Ёсць апавяданне, напісанае ад імя дзяўчыны, іншае — ад імя маленькага хлопчыка. Ёсць і ад асобы непрыемнага чалавека, з якім наўрад ці хто хацеў бы сутыкнуцца ў жыцці. Апавяданні адрозніваюцца — і паводле персанажаў, і паводле гледзішча: ад першай і трэцяй асобы.
— Наколькі аўтабіяграфічнымі можна лічыць некаторыя вашыя апавяданні? Які ўплыў аказала музыка і журналісцкая праца на тэксты «Гвалту»? Ці ёсць тут схаваныя цытаты або алюзіі на гурты, музычныя падзеі?
— На музычныя падзеі — дакладна няма алюзій. Што да аўтабіяграфічнасці, то, канешне, кожны пісьменнік так ці іначай выкарыстоўвае асабісты досвед, і я не выключэнне. Некаторыя сюжэты ўзнікаюць з маіх успамінаў, але гэта не значыць, што яны пра мяне. Акрамя аднаго апавядання — «Хай згарыць». Яно пра маю маці. Я нават не змяняў яе імя. Яна вельмі складана памірала ў 2017 годзе ад анкалогіі. Адна сцэна з аддзялення хіміятэрапіі там апісана амаль дакладна.
— «Міністэрства Сепкультуры» — гэта платформа для глыбокіх разваг пра музыку і культуру. Ці адчуваеце вы, што ваш літаратурны стыль фарміраваўся пад уплывам YouTube-фармату?
— Не, не адчуваю. Я пачаў пісаць значна раней. Кніга «Свінні» была напісаная да таго, як з’явіўся канал. Таму ўплыву фармату YouTube я не адчуваю.
— Беларуская літаратура апошніх гадоў часта гаворыць пра траўму, гвалт, асабістую і нацыянальную памяць. Дзе вы бачыце «Гвалт» у гэтым кантэксце?
— У многім. Некаторыя формы гвалту перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Напрыклад, рытуал забойства кабанчыка, пра які я пішу. Дзеці з малога глядзяць, як забіваюць жывёлу, смаляць яе, дастаюць вантробы... Ці смяротнае пакаранне і самыя вынаходлівыя яго формы, якія існуюць і захаваліся яшчэ са старажытных часоў. Ці цынічныя формы кэнсэлінгу, калі чалавека адмяняюць за непапулярнае меркаванне. Ці гвалт з боку бацькоў, якія бяруць на сябе адказнасць вырашаць будучыню сваіх дзяцей, а пасля расчароўваюцца ў сваіх жа ўчынках. Такіх прыкладаў шмат, і я апісваю ў “Гвалце” толькі некаторыя з іх.
Ці не з гэтага вырастае агульнанацыянальная жорсткасць? Ці не таму мы часта не ўмеем дзяліцца эмоцыямі, не ўмеем быць эмпатычнымі?
— Хто з беларускіх або сусветных пісьменнікаў найбольш паўплываў на вас падчас працы над кнігай?
— Калі пісаў «Гвалт», не адчуваў уплыву іншых пісьменнікаў. Ёсць аўтары, якія мне падабаюцца, але гэта крыху іншая сфера. У працэсе працы галоўным «натхненнем» былі, хутчэй, навіны. Там сапраўды шмат крыніц натхнення, калі гэта можна так назваць.
— У вашых творах адчуваецца асаблівая аўтарская іронія і сатыра. Ці лічыце вы гумар інструментам барацьбы з гвалтам?
— Канешне. Гумар — гэта ўніверсальны сродак, антыдэпрэсант і спосаб барацьбы з цёмнымі часамі. Усе пачвары баяцца ўсмешкі. Калі ты смяешся ім у вочы — яны знікаюць. Усмешка разбурае цемру вакол нас.
— Што вы хацелі б, каб чытач адчуў пасля апошняй старонкі «Гвалту»? І ці ёсць ужо думкі пра наступную кнігу?
— Я б хацеў, каб чытач быў гатовы да дыялогу, да рэфлексіі. Што да новай кнігі — пакуль няма глабальных планаў. Зараз адбываюцца сустрэчы з чытачамі. Калі прыйдуць новыя думкі — сяду пісаць.
— Паколькі ўжо былі сустрэчы з чытачамі, напэўна, нехта падказвае нейкія думкі — якія высновы зрабілі пасля іх?
— Я заўсёды звышпатрабавальны да сябе. Прыязна ўспрымаю канструктыўную крытыку і часта бяру з яе тое, што дапамагае мне расці. Нам вельмі не хапае дыскусіі пра літаратуру, музыку і творчасць наогул. Таму нават негатыўны водгук, калі ён без канструктыву, — усё роўна частка працэсу стварэння беларускага культурнага кантэксту. Лепш напісаць нешта, чым не напісаць нічога.
— А акрамя крытыкі і заўваг — што яшчэ даюць такія сустрэчы?
— Гэта натуральны абмен энергіяй. Мне цікава гаварыць з людзьмі, і я заўсёды заахвочваю іх размаўляць. Не было ніводнай сустрэчы без пытанняў. Мне важна, як людзі ўспрымаюць тое, што я напісаў. Гэта таксама прастора для дыскусіі, і я вельмі рады яе ствараць, натхняць іншых і сам натхняцца ад іх…
Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ