Беларуская Служба

«Баяліся закрануць тэмы, якія маглі б пакрыўдзіць людзей» — студэнты ЕГУ з'ездзілі ў экспедыцыю на Падляшша

03.07.2025 07:12
Студэнты павінны навучыцца камунікаваць з людзьмі, браць інтэрв’ю, фіксаваць тое, што яны бачаць навокал.
Аўдыё
  • Экспедыцыя студэнтаў ЕГУ на Падляшша
Беларуская вёска ў ПольшчыБеларуская служба Польскага радыё/Яланта Смялоўская

Слухайце сюжэт у далучаным файле

У праграму курсаў па гісторыі віленскага Еўрапейскага Гуманітарнага ўніверсітэта ўнесеныя палявыя даследаванні. Іх мэта — выпрацоўка навыкаў збору матэрыялаў патрэбных для гістарычных апрацовак.

Кіраўнік экспедыцыі Ірына Раманава з ЕГУ распавяла, што раней, калі яна працавала ў Беларусі, таксама вазілі студэнтаў у падобныя экспедыцыі.

«У ЕГУ праграма па гісторыі запушчана першы год і нам трэба было вырашыць дзе мы правядзём экспедыцыю. Вырашылі, што гэта будзе Падляшша», кажа Раманава.

— Зразумела, што абсалютная большасць нашых студэнтаў з Беларусі і мы цяпер у Літве. Да таго ж, мы павінны ў фокусе мець сябе, сваю гісторыю ва ўсіх перспектывах, у тым ліку ў еўрапейскай. Зусім выпадкова ў ЕГУ была канферэнцыя, на якую запрасілі мы шмат сацыяльных партнёраў і розных зацікаўленых людзей. На гэтай канферэнцыі была Ілона Карпюк, якая расказала нам пра «Цэнтр беларускай культуры» ў Беластоку і чым яны там займаюцца. Такім чынам прыйшла вельмі добрая ідэя, што мы можам працаваць якраз на Падляшшы. Што мы зможам сарганізаваць сюды экспедыцыю.

А галоўныя мэты з навучальнага боку адны - перш за ўсё студэнты павінны на гэтай практыцы навучыцца камунікаваць з людзьмі, браць інтэрв’ю, фіксаваць тое, што яны бачаць навокал, тое што называецца антрапалагічнай практыкай у тым ліку, вывучаць і прастору, і месца, і эмоцыі нейкія збіраць. З іншага боку, вось падчас выезду на нейкае месца, ты зможаш бачыць тыя тэмы, якія рэальна важныя для людзей. Не для кабінетных гісторыкаў, якія сядзяць і выдумляюць, пра што пісаць артыкулы, а тое, што хвалюе тут і зараз людзей - як яны гавораць пра сваю ідэнтычнасць, пра сваю гісторыю, якія тут ёсць канфлікты, што для іх важна, што для іх было важна раней, як яны расказваюць пра мінулае сваім дзецям альбо нашым студэнтам. І калі мы рабілі падсумаванне з нашымі студэнтамі, былі вельмі задаволеныя, а таксама здзіўленыя, бо кожны з іх называў па 3-5 тэмаў магчымых даследаванняў.

«Мне як антраполагу і этнолагу трэба распавесці, што Падляшша, Гайнаўка, Бельск гэта неверагодна багатае даследчае поле» адзначае Сцяпан Захаркевіч.

— Мы размаўлялі з рознымі людзьмі і шукалі тэмы для студэнцкіх даследаванняў, але перад усім наша задача была паразмаўляць з людзьмі пра іх жыццё - з моманту нараджэння і да сучаснасці. Пра тое, што было да вайны, падчас вайны, пасля вайны і на сучасным этапе. І мы знайшлі неверагодна багата тэм: ад эканомікі, лесаапрацоўкі да сучасных праблем ідэнтыфікацыі і групавой салідарнасці беларусаў. Мы былі таксама на падвядзенні вынікаў конкурсу «Я нарадзіўся тут» у «Музеі беларускай культуры» ў Гайнаўцы. Мы наведалі беларускі ліцэй і бачылі як танцуе ліцэйскі народны ансамбль.


Ну, а што датычыцца нашых адукацыйнай мэты, то мы ўбачылі, што гэта неверагодна цікавыя мясціны для даследаванняў. Прычым, па розных напрамках - па гісторыі, па сучаснасці і па культуралогіі. І па розных накірунках - гісторыя вайны, гісторыя эканомікі, мемарыялізацыя мінулага. І гэта рэгіён дзе безумоўна існуюць супярэчнасці, якія таксама цікавыя. Існуюць сутыкненні і супрацоўніцтва розных культур, розных мясцовых падыходаў. Неверагодныя муралы, на якіх прэзентуюцца і сучаснасць, і гісторыя, і яшчэ экалогія. І ўсё гэта проста неверагодна цікавае. Мы будуем планы, каб супрацоўнічаць, каб сюды ездзіць надалей. І ўжо накідваем планы нейкіх праектаў і нават назваў кніг, якія мы хочам, калі Бог нам дасць, напісаць пра гэтыя мясціны.

Ці студэнты ЕГУ не былі здзіўленыя, што на Падляшшы таксама можна пачуць беларускую мову?

— Мы і раней пра гэта ведалі, але нейкія асаблівасці нас прыемна ўразілі. Дарэчы, я пачала ў сябе заўважаць, што ў мяне з мясцовай гаворкі пачалі праскокваць нейкія словы альбо асаблівасці вымаўлення.

Я чакала гэтай экспедыцыі ўвесь год з моманту паступлення ва ўніверсітэт, але чым больш набліжалася экспедыцыя, тым больш я хвалявалася, таму што я ніколі не брала такіх інтэрв’ю ў незнаёмых людзей. Калі мы тут прыехалі, нас падзялілі на дзве падгрупы па тры чалавекі і мы пайшлі гэтыя інтэрв’ю браць. Было складана навучыцца працаваць камандай, было няёмка, баяліся закрануць нейкія тэмы, якія маглі б пакрыўдзіць людзей, з якімі мы размаўлялі. Але мы бачылі, што нашыя выкладчыкі, кіраўнікі экспедыцыі, яны нам паказалі клас і сапраўды на іх трэба раўняцца. Хацелася б больш узяць інтэрв’ю і абавязкова мы прыедзем сюды яшчэ раз з новымі экспедыцыямі і тэмамі гэтых экспедыцый збіраць гісторыі, збіраць нейкія элементы культуры, расказала студэнтка Арына.

Падрыхтаваў Яраслаў Іванюк