Беларуская Служба

«Шукаем паразумення»: Ілона Карпюк пра беларусаў на Падляшшы, мову і польскае выданне мемуараў Ларысы Геніюш

13.08.2025 10:55
Ілона Карпюк расказвае пра беларускасць на Падляшшы, культурныя масты, моўныя выклікі і значэнне польскага выдання мемуараў Ларысы Геніюш.
Аўдыё
  • Ілона Карпюк расказвае пра беларускасць на Падляшшы, культурныя масты, моўныя выклікі і значэнне польскага выдання мемуараў Ларысы Геніюш.
Ілона Карпюк Centrum Kultury Białoruskiej w Białymstoku/Цэнтр беларускай культуры

Ілона Карпюк — намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, адна з тых, хто актыўна развівае беларускую культуру ў Польшчы. У мінулым — журналістка штотыднёвіка «Ніва», арганізатарка фестывалю «Басовішча» і суаўтарка музычнага праекта Ilo & Friends, які спалучае беларускую паэзію і сучаснае электронна-акустычнае гучанне. Сёння Ілона працягвае будаваць культурныя масты паміж людзьмі і супольнасцямі.

Нагодай для гутаркі стала перавыданне польскага перакладу кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш Ptaki bez gniazd. Wspomnienia (у арыгінале — «Споведзь»), якое з’явілася дзякуючы супрацоўніцтву Фонду «Камунікат» і Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку.

Пра значэнне гэтай падзеі, выклікі беларускасці на Падляшшы і магчымасці паразумення паміж рознымі групамі беларусаў мы паразмаўлялі з Ілонай Карпюк — намесніцай дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, даследчыцай і актывісткай, якая ўжо шмат гадоў працуе над пабудовай культурных мастоў паміж супольнасцямі.

— Як нараджалася сучасная беларускасць на Падляшшы?

— У 1990-х гэта ўсё выглядала іначай. Тады быў вялікі актывізм, вакол беларускасці гуртавалася шмат людзей, якія адчувалі сваю ідэнтычнасць і хацелі сябе праз яе рэалізаваць. Было вельмі шмат энергіі, і людзі шукалі шляхі выказаць сябе праз мову, культуру. Але, што цікава, у той час кантактаў паміж беларусамі з Падляшша і з Беларусі было нават менш, чым цяпер. Проста магчымасцяў не так шмат было — не было такой інфраструктуры, не было сацсетак, інтэрнэт не працаваў так, як сёння. Быў нейкі сямейны абмен, але культурных кантактаў асабліва не наладжвалася. Сёння мы маем зусім іншую сітуацыю. За гэтыя 30 гадоў з’явіліся новыя беларусы на Падляшшы — і гэта ўжо не тыя людзі, з якіх пачыналася беларуская актыўнасць у рэгіёне. І разам з тым мы маем зусім іншых беларусаў з Беларусі. Гэта ўжо дзве асобныя групы, якія жывуць тут інакш, маюць розныя досведы, нават па-рознаму разумеюць беларускую культуру і мову.

Тут і ўзнікае пытанне — ці ёсць паміж імі прастора для паразумення? І як вы на гэта глядзіце як чалавек, які прафесійна працуе з культурай і займаецца наладжваннем такіх кантактаў?

— Магчымасць паразумення, безумоўна, ёсць. І найпрасцей гэта адбываецца там, дзе мы адно аднаму цікавыя. Напрыклад, калі мы гаворым пра культуру — арганізуем мерапрыемствы, дзе можна падзяліцца гісторыямі з Беларусі і з Падляшша. Тады пачынаем бачыць, што ў нас ёсць агульныя перажыванні, падобныя з’явы. Гэта дае добрую аснову для размовы.

Іншая прастора — дзеці. Там усё складаней, бо дзеці, што выраслі тут, гавораць пераважна па-польску. А тыя, што прыехалі з Беларусі, таксама часта пераходзяць на польскую — ім гэта патрэбна ў школе, у паўсядзённым жыцці, а ў Беларусі яны жылі ў рускамоўным асяроддзі. І вось тут мы губляем  вельмі важны момант, калі яны маглі б сябе «падштурхнуць» да беларускай мовы, да беларускай тоеснасці. Таму вельмі важна ствараць спецыяльную прастору, дзе дзеці могуць размаўляць пра культуру, удзельнічаць у ёй, адчуваць сябе часткай супольнасці. І дзе беларуская мова — не чужая ні для адных, ні для другіх. Мова — праз песні, праз танцы, праз простыя формы культуры — дае поле для паразумення.

— Але акрамя культурнай прасторы, дзе яшчэ беларусы Падляшша і тыя з Беларусі могуць зблізіцца?

— На працы, канечне. Але гэта часта выпадкова. Калі няма цікавасці, то кантакт не будуецца. А калі ёсць нейкая група, якая мае мэту — напрыклад, беларуская група, якая арганізуе сумесныя мерапрыемствы, трэніроўкі, проста бавіць разам час — тады ўсё інакш. Я сама ўдзельнічаю ў падобнай спартовай ініцыятыве, і тады ёсць месца для размовы. Для таго, каб хтосьці сказаў: «Я беларус, я тутэйшы», і патлумачыў — адкуль гэта ў яго, што значыць гэтая беларушчына. Маленькімі крокамі — вось як гэта працуе. Рэвалюцыі не будзе.

— Веренемся да нагоды нашай размовы. У сваёй «Споведзі» Ларыса Геніюш з аб’ектыўных прычын дэманструе вельмі негатыўнае стаўленне да міжваеннай Польшчы, як да дзяржавы варожай у адносінах да беларусаў. Ці гатовае польскае грамадства да такога погляду на мінулае Польшчы, улічваючы вялікія сентыменты да згаданага перыяду ў гэтай краіне?

— Гэта вельмі важная кніга. І тое, што яна цяпер выходзіць па-польску — гэта не толькі магчымасць пазнаёміць шырэйшую публіку з асобай Ларысы Геніюш, але і нагода падняць складаныя пытанні. Так, яна ў сваіх успамінах выказваецца крытычна пра Польшчу — асабліва з улікам таго досведу, які перажыла яна і яе сям’я ў міжваенны перыяд. Але гэта яе досвед, яе памяць. І яна мае права пра гэта гаварыць.

Наогул, няма сэнсу чакаць «лепшага моманту» для выдання такіх кніг. Калі ёсць магчымасць — варта выдаваць. Такія кнігі, як і праца Анэты Прымакі, выклікаюць дыскусіі. А гэта добра. Мы не заўсёды мусім з усім быць згодныя. Але калі з’яўляецца поле для размовы, то гэта ўжо крок наперад.

 І ўсё ж: ці не здаецца вам, што сёння, ва ўмовах мілітарызацыі і напружанасці на мяжы, пра такія тэмы казаць цяжэй асабліва тут на Падляшшы?

— Людзі, асабліва тыя, хто памятае пасляваенны час ці пераняў тую памяць ад бацькоў, вельмі моцна рэагуюць на тое, што адбываецца цяпер. Пачуцці вострыя, людзі баяцца. Але якраз у такія моманты асабліва важна гаварыць, асэнсоўваць, прамаўляць складанае. Каб мы маглі разумець адзін аднаго, а не аддаляцца.

Слухайце аўдыё!

эж