Пасля 2020 году ў Беларусі былі ліквідаваныя амаль усе незалежныя выдавецтвы. Частка з іх пераехала за мяжу. У эміграцыі з’явіліся таксама новыя гульцы на беларускім кніжным рынку, бо беларусам за межамі краіны патрэбныя свае кнігі.
З прадстаўніцай выдавецтва «Гутэнбэрг» з Кракава Валянцінай Андрэевай размаўляе Яраслаў Іванюк.
— Выдавецтва «Гутэнбэрг» часта можна сустрэць на розных кірмашах, дзе вы прэзентуеце свае кнігі. Што цяпер з’яўляецца найбольшым хітом вашага выдавецтва?
— Калі не браць пад увагу «Слана» Сашы Філіпенкі, які выйшаў у траўні і, натуральна, пабіў усе рэкорды продажаў сярод нашых кніг. Зусім нядаўна гэты раман забаранілі ў Беларусі, і аўтар разам з намі, як выдавецтвам, вырашыў апублікаваць яго ў электронным выглядзе бясплатна. Яго можна спампаваць на старонцы «Кнігі». Запрашаем карыстацца.
Вельмі папулярнымі аказаліся перавыданні твораў, напісаных у перыяд з 1991 па 2010 год, у першыя тры дзесяцігоддзі незалежнасці. Высветлілася, што кнігі, якія тады выходзілі накладам 200–300 асобнікаў і атрымлівалі галоўныя літаратурныя прэміі, не трапілі да шырокай аўдыторыі, але і сёння выклікаюць вялікую цікавасць. Таму, перавыдаўшы творы Уладзіміра Някляева, Макса Шчура і Югасі Каляды, мы заўважылі істотны попыт на літаратуру старэйшага пакалення беларускіх аўтараў. (...)
— «Слон» — не адзіная кніга гэтага аўтара, якую вы выдалі. Яго іншыя творы, думаю, таксама нядрэнна прадаюцца, хаця Саша Філіпенка піша па-руску, а ў вас яны выходзяць у беларускім перакладзе.
— Так, Саша Філіпенка піша па-руску. Аднак для яго было вельмі важна, каб ягоныя кнігі з’явіліся і па-беларуску. Ён уважліва паставіўся да рэдагавання перакладаў, усе яны аўтарызаваныя. Што да «Слана», то ён нават быў перапрацаваны аўтарам. У кнізе ёсць крыжаванка, якую немагчыма было перакласці даслоўна, таму давялося ствараць яе нанова і перапісваць асобныя часткі тэксту пад патрэбы гэтай крыжаванкі.
Мы ўжо выдалі тры іншыя ягоныя раманы ў перакладзе на беларускую мову: «Былы сын», «Крэмулятар» і «Чырвоны крыж». А гэтай восенню плануем анансаваць пераклад кнігі «Вяртанне ў астрог». Гэта дэтэктыў Сашы Філіпенкі, і, магчыма, атрымаецца прэзентаваць яго на фестывалі «Прадмова». (...)
Яраслаў Іванюк
Размову цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле!