Беларуская Служба

«Кампазіцыя пра ўнутраны шлях, поўны сумневаў, болю і пошуку сэнсу». Беларускі музыкант прэзентуе новы сінгл

20.09.2025 07:05
Песня стала падарункам, які зрабіў сабе аўтар на дзень нараджэння. 
Аўдыё
  • Ілля Фаляжынскі падрыхтаваў новую кампазіцыю на свой дзень нараджэння.
 .
Ілля Фаляжынскі. Фота з прыватнага архіву.

Беларускі музыкант і мастак Ілля Фаляжынскі (Illa Falažynski), які ўжо шмат гадоў жыве ў Польшчы, прэзентуе новы сінгл «Kudy ty idzieš?». Прэм’ера - 20 верасня, калі Ілля святкуе свой дзень нараджэння. Як гаворыць сам аўтар, гэта кампазіцыя пра ўнутраны шлях, поўны сумневаў, болю і пошуку сэнсу, паколькі цяпер маем час нявызначанасці, няўпэўненасці і разгубленасці.

 Чым для вас з’яўляецца той рубікон, які трэба перайсці, аб якім вы спяваеце ў сваёй песні?

 Кожны сам сабе яго вызначае. Для мяне гэта імкненне ісці наперад, старацца пазнаваць сябе і наваколле, сусвет, які жыве побач з табою.

— Назвы вашых кампазіцый паказваюць, што яны адлюстроўваюць ваш пошук уласнага шляху жыцця. «Куды ты ідзеш» пераклікаецца з  «Quo vadis» Сянкевіча — вельмі важнай кнігай для палякаў, на думку прыводзіць таксама «Па што ідзеш, воўча» Евы Вежнавец — кніга пра лёс беларускага народа, якому не даюць самастойна зрабіць выбар шляху, па якім ісці. Ці гэтыя кнігі былі, можа, для вас натхненнем?

— Я канкрэтна гэтымі кнігамі не натхняўся, пазней, калі песня ўжо была створана, зразумеў, што можна такую паралель правесці. Відаць, розныя творчыя людзі думаюць аб адным і тым жа. І спрабуюць гэта сваім чынам ахарактарызаваць.

Вокладка песні. Вокладка песні.

— Вы не толькі спяваеце, але і малюеце карціны. І найперш была створана карціна пад такой жа назваю «Куды ты ідзеш», а пазней паявілася песня.

— Так, для прэзентацыі я спалучыў карціну і песню. На карціне я адлюстраваў самога сябе, але, магчыма, хтосьці пабачыць на ёй уласныя абрысы. Гэта чалавек на скрыжаванні розных шляхоў. Яму трэба выбраць і адказаць самому сабе на гэтае пытанне – «Куды ты ідзеш?».

— Вы цяпер жывяце на Падляшшы. Раней жылі ў Варшаве. Чаму пераехалі на ўсход Польшчы? І як успрымаеце гэты рэгіён?

— Я ажаніўся, і цяпер з жонкаю і сям’ёй жывём на Падляшшы, у мястэчку Чарэмха. Але я знаходжуся паміж двума гарадамі і езджу паміж Варшавай і Чарэмхай. На Падляшшы спакой, няма такога руху, як у Варшаве. Там шмат беларусаў, я пачаў купляць газету «Ніва» і «Часопіс», каб падтрымліваць беларусаў і сачыць за падзеямі ў гэтым рэгіёне. Мяне зацікавіла мясцовая гаворка, гэта для людзей асобная мова, яны не гавораць, што гэта беларуская, украінская ці польская мова, яны гавораць «па-свойму», гэта тутэйшая мова. Тут часта адбываюцца канцэрты народнай музыкі, дзе можна сустрэць і беларусаў, і ўкраінцаў.

Поўную гутарку і песню слухайце ў далучаным гукавым файле

Размаўляла Наталля Грышкевіч

Ілля Фаляжынскі. Ілля Фаляжынскі.