Тэатральны крытык Ксенія Князева разважае пра тэатральны фестываль «Другая проба» ў Познані, пра стан і перспектывы беларускай драматургіі.
– Якія ў вас уражанні ад Фестывалю «Другая проба»?
– У мяне вельмі пазітыўныя ўражанні. Я была на фестывалі летась, тады таксама была вельмі цікавая праграма, але сёлета добра бачна, як фестываль расце, пашыраецца, праграма павялічваецца, больш аўтараў прадстаўлена, больш рэжысёраў. Таму ўражанні выключна пазітыўныя.
– Гэта што датычыць інтэнсіўных зменаў, а калі казаць пра якасць…
– Вельмі цікавая канцэпцыя ў гэтым годзе: шмат увагі нададзена жаночым галасам – як у драматургіі, так і ў рэжысуры. Гучаць галасы ўкраінскіх аўтараў, беларускіх аўтараў. Гэта асаблівы погляд на падзеі вайны і на тое, што адбываецца ў Беларусі. Мне вельмі цікавыя размовы пасля праглядаў, якія ладзяцца з гледачамі, экспертамі, акцёрамі – гэта надзвычай істотны досвед.
– А што датычыць тэматыкі спектакляў – другі год запар яна застаецца той самай…
– Ну што ж зрабіць, калі гэта баліць людзям – аўтарам і гледачам. Гэта нармальна: гаварыць пра тое, што турбуе. Творцы, як людзі чуллівыя, адгукаюцца на найбольш актуальныя праблемы грамадства. І пакуль гэтыя тэмы застаюцца на першых палосах, яны будуць гучаць і на сцэне.
– Як вы ацэніце арганізацыю фестывалю? Тут нават не ў сталічным горадзе здолелі ўсё зрабіць на добрым узроўні.
– Я ў захапленні. Лічу, што такіх фестываляў і такіх імпрэзаў павінна быць больш. Калі яны ёсць, мы атрымліваем магчымасць убачыць, што адбываецца ў беларускім тэатры. Бо цяпер сітуацыя такая, што мы ўсе раскіданыя па розных гарадах і краінах. Сёлета асабліва прыкметна, як пашырыўся ўдзел у беларускіх спектаклях польскіх і ўкраінскіх акцёраў – гэта выдатная нагода паразумецца на тэрыторыі мастацтва.
– Як, на ваш погляд, выглядае ў эміграцыі беларускі тэатр?
– Выглядае складана, не так, як калісьці, калі мы ўсе былі ў адной краіне. Творцам значна цяжэй: многія працуюць на звычайных працах, не звязаных з мастацтвам, а тэатр ператвараецца ў хобі. Таму такія ініцыятывы, як «Другая проба», вельмі варта ўхваляць, бо яны даюць магчымасць самавыражэння нашым тэатральным дзеячам.
– Якую адметнасць гэтага фестывалю вы б адзначылі?
– Калі казаць пра беларускую драматургію, то ўсё выглядае ў даволі сумным святле, дыхае глыбокай засяроджанасцю на ўнутраных перажываннях і нават безвыходнасцю. І гэта натуральна – такая нотка адзіноты, невырашанасці праблем, з якімі мы жывём. Калі казаць пра ўкраінскія чыткі, то, напрыклад, учора была даволі камедыйная чытка. Хаця яна тычылася жыцця ўкраінак на акупаваных тэрыторыях, тым не менш гэта было зроблена праз іронію, праз гумар.
– Гэта нас так розніць…
– Сапраўды, вельмі прыкметна. Гэта не значыць, што мы не можам паразумецца, але гэта розны погляд на сітуацыю.
– Цікава, бо іх сітуацыя на радзіме больш складаная…
– Аднак у цэлым складаецца ўражанне, што яны больш аптымістычныя. Вось так мы і рознімся.
– Што датычыць беларускіх драматургаў – ці ёсць з гэтым праблема?
– Думаю, што праблема не ў драматургах, а ў тым, што іх мала чуваць. У іх цяпер вельмі мала пляцовак, дзе можна паказваць свае п’есы гледачу. У Беларусі цяпер няма фестывалю беларускай драматургіі, апошні адбыўся ў 2019 годзе. І за мяжой вельмі складана прабіцца. Тым не менш з’яўляюцца беларускія імёны, якія становяцца адкрыццямі. Напрыклад, Мікіта Ільінчык. У Беларусі драматургам цяжэй, і, падазраю, многія пішуць «у стол». Не думаю, што тыя, хто пісаў, перасталі пісаць.
– Вам, як крытыку, што даў гэты фестываль?
– Аптымізм і разуменне таго, што нічога не скончылася ў беларускім тэатры, што ён працягвае жыць. І ён не проста працягвае жыць – гэта таленавіта, прыгожа, актуальна і вельмі важна.
Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ.