Беларуская Служба

У Польшчы правялі першую аўтатрансплантацыю печані

22.02.2026 08:01
Гэта першая такая аперацыя ў Польшчы і велізарны поспех трансплантолагаў і хірургаў Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта.
Прафесар Міхал Гронт і Малгажата БокPAP/Leszek Szymański

Лекары выдалілі ў пацыента печань з вялікай ракавай пухлінай, па-за целам пацыента дакладна выразалі рак, а затым рэімплантавалі орган.

Пра аперацыю расказвае кіраўнік хірургічнай брыгады, нацыянальны кансультант па транспланталогіі, прафесар Міхал Грэнт:

- Гэты метад абазначае выдаленне рака, выдаленне якога мы лічылі немагчымым. Мы аперыруем хворага ці хворую, выдаляем пячонку, выразаем пухліну, пасля праводзім рэканструкцыю, то бок аднаўляем пячонку і гэтую пячонку перасаджваем хвораму. Гэта трансплантацыя, у якой хворы з’яўляецца і донарам, і атрымальнікам органу.

Аперацыя адбылася на мінулым тыдні і доўжылася 11 гадзін. Печань знаходзілася па-за целам пацыента амаль пяць гадзін.


. 

Атрымальніцай і донарам з'яўлялася 43-гадовая Малгажата Бок. Яна адчувае сябе добра, хоць, як прызнае, вельмі баялася:

- Лекар сказаў, што шанцы палова на палову. Удалося. Гэта цудоўны калектыў лекараў і медсясцёр. Яны зрабілі ўсё, што ўмелі.

Гэтая рэвалюцыйная аперацыя дае надзею пацыентам з запушчанымі пухлінамі печані, якія дагэтуль лічыліся неаперабельнымі. Прафесар Міхал Грэнт чакае, што гэта стане пачаткам праграмы  аўтатрансплантацыі печані ў Польшчы.

ав