Хопіць, напрыклад, згадаць спектакль «Віця» з нагоды 100-й гадавіны нараджэння беларускага паэта Віктара Шведа, які днямі змаглі ўбачыць школьнікі ў Белай сінагозе ў Сейнах. 29 верасня ў Беластоку адбудзецца канцэрт з нагоды юбілею 300-годдзя стварэння Нясвіжскай капэлы, а на пачатак кастрычніка ўжо запланаваны Першы фестываль беларускага сучаснага відэамастацтва «Самасей».
Аднак Цэнтр Беларускай Культуры прымае ўдзел у імпрэзах таксама па-за Беласточчынай. Мінулыя выходныя — гэта, напрыклад, удзел Цэнтра ў літаратурным фестывалі «Значэнні» ў Валоміне на Мазоўшы, пра што з намесніцай дырэктара Цэнтра Ілонай Карпюк размаўляе Яраслаў Іванюк.
Яраслаў Іванюк: Якая мэта такога тыпу вашай дзейнасці?
Ілона Карпюк: Перш-наперш вельмі важна, што нас пачынаюць заўважаць як партнёраў для падобных мерапрыемстваў. Літаратурны фестываль «Значэнні» — гэта падзея, якая засяроджваецца вакол месца і тэм, што могуць крануць людзей, якія жывуць у горадзе Валомін, і тых, хто пераехаў сюды жыць, а таксама гісторыяў, звязаных з гэтым горадам.
Але фестываль цікавы яшчэ і тым, што заўсёды будуецца ён вакол адной кнігі і яе аўтара — лаўрэата абранага капітулай літаратурнага конкурсу. І ўжо ад гэтай кнігі, ад постаці лаўрэата выходзяць новыя тэмы, якія пашыраюць гарызонты ўдзельнікаў.
Сёлета кнігай-падставай стаў раман «Лес духаў» — пра падарожжа ў Сібір. Але ў ім моцна прысутнічаюць тэмы ўзаемаадносінаў паміж людзьмі і прадметамі, паміж гісторыямі людзей і іх сувязямі з рэчамі. Гэтая ідэя глыбока адбілася і ў праграме фестывалю.
Арганізатары звярнуліся да нас з просьбай, каб з’явіўся і беларускі сюжэт. Пунктам адліку стала кніга Анэты Прымакі-Онішк «Камяні муселі паляцець». І з гэтай кнігі, з асноўнай тэмы фестывалю мы выйшлі таксама да розных вандровак — да памежжаў, да чалавечых сувязяў.
Мы дапамагалі наладзіць кантакты з беларускімі аўтарамі. Сярод іх была і Анэта, з якой адбылася гутарка — вядома, вельмі важная для нас тут, на Беласточчыне і ўвогуле ў Польшчы. У размове прыняў удзел таксама дырэктар Цэнтра беларускай культуры Анатоль Ваппа.
Цікавай падзеяй стала і сустрэча з Андрэем Хадановічам, які заўсёды ўмела балансуе паміж беларускай і польскай культурамі, інтэлігентна пераплятае розныя сюжэты і падкрэслівае ролю беларусаў у еўрапейскай культуры. Гэта важна, бо з аднаго боку ўдзельнікам фестывалю распавядалі пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі, а з другога — паказвалі, які вялікі ўклад у польскую культуру робіць беларуская.
Быў яшчэ канцэрт Swada x Niczos — з’ява знакавая для польскай культуры, але з вялікім беларускім уплывам. Гэтая падзея добра паказала працэсы, якія адбываюцца на Беласточчыне, на Падляшшы.
Такім чынам, з розных бакоў мы асвятлілі беларускія тэмы жыхарам Валоміна і гасцям фестывалю. Вельмі важна ў такіх кантэкстах пашыраць свядомасць польскага грамадства таксама ў тым, што датычыць Беларусі і беларускай меншасці ў Польшчы.
слухайце аўдыё