Беларуская Служба

Асалінэум — жывая гісторыя польскай культуры. Як кнігі і рукапісы захоўваюць ідэнтычнасць народа

11.11.2025 11:11
Аўдыё
  • Вікторыя Маліцкая, антраполаг культуры, упаўнаважаная Нацыянальнай установы імя Асалінскіх у справах міжнароднага супрацоўніцтва:
 , ,  2025 .
Дзядзінец Асалінэума, Уроцлаў, кастрычнік 2025 г. Фота: Беларуская сдужба Польскага радыё/https://www.polskieradio.pl/396

У гэтыя дні ў Польшчы згадваецца гісторыя аднаўлення сучаснай дзяржаўнасці. Гэта добрая нагода паспрабаваць зразумець, як палякам пасля 123 гадоў паняволення ўдалося аднавіць сваю суб’ектнасць на палітычнай мапе свету. 

А сярод іншага, гэта стала магчыма дзякуючы Асалінэуму — Нацыянальнай установе імя Асалінскіх ва Уроцлаве. Заснавальнік установы Юзаф Максіміліян Асалінскі імкнуўся захаваць нацыянальную ідэнтычнасць у часы бездзяржаўнасці, збіраючы кнігі і гістарычныя помнікі польскай спадчыны. Важным дапаўненнем да гэтых збораў стала калекцыя Генрыка Любамірскага, якая пасля дамовы 1823 года ўвайшла ў склад  агульнага збору. 

«Сёння гэтыя скарбы, які ўжо больш за два стагоддзі захоўваюцца і папулярызуюцца ў Асалінэуме, выконваюць культуратворчую ролю, падтрымліваючы дух салідарнасці і еўрапейскай супольнасці», - кажа  Вікторыя Маліцкая, антраполаг культуры, упаўнаважаная Нацыянальнай установы імя Асалінскіх у справах міжнароднага супрацоўніцтва:

— Асалінэум — адна з найстарэйшых культурных устаноў у Польшчы. Яна была заснавана ў 1817 годзе ў Львове, калі Польшчы як палітычнага суб’екта яшчэ не існавала на мапе Еўропы. Гэта ўстанова з вельмі шырокім полем дзейнасці. У яе склад уваходзяць Нацыянальная бібліятэка Асалінэум, Выдавецтва Асалінэум — найстарэйшае ў Польшчы бесперапынна дзейнае выдавецтва, Музей князёў Любамірскіх, які быў адноўлены ў 2002 годзе, і найшоўшы наш філіял — Музей Пана Тадэвуша, што працуе ў цэнтры старога горада ва Уроцлаве з 2016 года.

Усе гэтыя філіялы, якія разам утвараюць Нацыянальную ўстанову імя Асалінскіх, перад Другой сусветнай вайной выконвалі найважнейшую ролю ў падтрымцы нацыянальнай ідэнтычнасці — спачатку, калі Польшчы не было на мапе, а потым, калі яна толькі аднаўлялася як дзяржаўны арганізм, цераз захаванне аб'ектаў нацыянальнай спадчыны і іх папулярызацыю, паводле тагачасных магчымасцяў. Сёння Асалінэум — гэта адкрытая прастора сустрэч, дзе адбываецца вялікая колькасць культурных падзей, якія спрыяюць развіццю нашай культуры і яе адкрытасці для свету.

— Якую ролю ў фармаванні сучаснай польскай нацыі адыграла ўстанова, створаная больш за 200 гадоў таму?

— Мэтай заснавальніка Асалінэуму, Юзэфа Максіміліяна Асалінскага, было менавіта падтрыманне нацыянальнай ідэнтычнасці. Ён быў вялікім калекцыянерам — перш за ўсё кніг, але таксама і гістарычных рэліквій, звязаных з польскай гісторыяй і культурай. Гэта дазваляла захоўваць польскі нацыянальны дух у часы бездзяржаўнасці.

Падобную ролю, хоць і з большым мастацкім вымярэннем, мела і калекцыя Генрыка Любамірскага, з якім Асалінскі ў 1823 годзе падпісаў асобную дамову пра далучэнне Музея Любамірскіх да яго збораў.

Усе гэтыя калекцыі, якія ўжо больш за два стагоддзі збіраюцца, захоўваюцца і даследуюцца ў Асалінэуме, маюць, на мой погляд, перадусім культуратворчую ролю. І хоць у назве ёсць слова «нацыянальны», сёння, у маім разуменні, не менш важна падтрымліваць дух салідарнасці і супрацоўніцтва ў галіне культуры. Гаворка не толькі пра нацыянальную ідэнтычнасць, але і пра ўсведамленне сябе часткай вялікай, моцнай еўрапейскай супольнасці. Без гэтага адчування ўласных каранёў і сваёй культурнай адметнасці Польшча не займала б сёння такую пазіцыю ў рэгіёне.

— Асалінэум — гэта вялізная асветніцкая і навуковая ўстанова. На вашу думку, што варта абавязкова ўбачыць у ягоных філіялах ва Уроцлаве, каб лепей зразумець палякаў і польскую гісторыю?

— Хоць мы зараз з вамі размаўляем у галоўным будынку Асалінэум, які месціцца на беразе Одры, на вуліцы Шэўскай, я найперш запрасіла б наведаць Музей Пана Тадэвуша — наш адукацыйны музей у цэнтры горада. Уся яго пастаянная экспазіцыя прысвечана пытанню, як зразумець Польшчу і польскую культуру.

Музей Пана Тадэвуша распавядае пра рэаліі ХІХ стагоддзя — менавіта так, як іх апісаў Адам Міцкевіч у сваёй вялікай эпапеі. Праз палітычныя падзеі, штодзённае жыццё і сацыяльныя выклікі таго часу мы пераходзім да сучаснасці, бачым, як на тых ідэалах ХІХ стагоддзя сваю дзейнасць будавалі выбітныя дзеячы польскай культуры і палітыкі — Ян Новак-Езёранскі, Уладзіслаў Барташэўскі, Тадэвуш Ружэвіч. Экспазіцыя працягваецца падзеямі ХХ стагоддзя, паказваючы, як гэтыя постаці ўплывалі на аблічча сучаснай Польшчы. Гэта вельмі цікавая і добра прадстаўленая выстава.

А тут, у галоўным корпусе на вуліцы Шэўскай, таксама ёсць выдатная пастаянная экспазіцыя — «O! Ossolineum», якая  цікава апавядае гісторыю нашай установы і паказвае яе ўнікальныя зборы. Сярод іх — старажытныя рукапісы на пергаменце, дакументы Юзэфа Максіміліяна Асалінскага, граматы каралёў Польшчы і лісты караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, чарнавік «Хлопаў» Уладзіслава Рэйнманта, а таксама рукапісы і лісты Станіслава Віткевіча (псеўданім Віткацы), у тым ліку ягоная аўтабіяграфія  622 upadki Bunga.

Большая частка даваенных калекцый Асалінэума, прыкладна 70% бібліятэчных фондаў і 96% мастацкіх калекцый, засталіся ў Львове, дзе захоўваюцца ў тамтэйшых установах культуры. Падчас поўнамаштабнай вайны Расіі супрць Украіны, Асалінэум дапамагае львоўскім партнёрам зберагчы агульную культурную спадчыну.

Слухайце аўдыё! 

эж