Беларуская Служба

Стэфан Жаромскі пастаянна захапляе літаратуразнаўцаў і біёграфаў

21.11.2025 15:01
Дарэчы, гэтых апошніх у першую чаргу цікавяць падрабязнасці з багатага асабістага жыцця выбітнага пісьменніка.
Аўдыё
  • Музей Стэфана Жаромскага ў горадзе Кельцэ
Музей Стэфана Жаромскага ў горадзе Кельцэ – пастаянная экспазіцыяmnki.pl/zeromski/pl

У 2025 годзе мы адзначаем сотую гадавіну з дня смерці Стэфана Жаромскага і Год Стэфана Жаромскага, устаноўлены польскім Сеймам з гэтай нагоды. Стэфан Жаромскі, адзін з найважнейшых польскіх пісьменнікаў XX-га стагоддзя, пакінуў пасля сябе не толькі багатую літаратурную спадчыну, выразнае сведчанне сваіх палітычных і сацыяльных поглядаў, але і шматлікія таямніцы асабістага жыцця, якія яшчэ доўга будуць прыцягваць увагу біёграфаў. Выдатная магчымасць пазнаёміцца з гэтай складанай асобай і аўтарам абавязковай школьнай літаратуры, гэта візіт у музеі яго імя ў Кельцах.

Прысвечаны Жаромскаму музей у Кельцах быў заснаваны да сотай гадавіны з дня нараджэння вядомага польскага пісьменніка (14 кастрычніка 1864 года). Музейная ўстанова знайшла сабе сядзібу ў частцы гістарычнага будынка былой мужчынскай гімназіі, у якой з 1874 па 1886 гады вучыўся сам Стэфан Жаромскі.
Спачатку ўстанова называлася: Музей школьных гадоў Стэфана Жаромскага, але паколькі з часам яна памяняла крыху свой характар, то ў 2022 годзе ейная назва таксама змянілася, кажа кіраўнік музея Сільвія Захарж (Sylwia Zacharz):

- У часе, калі музей быў заснаваны, у ім было крыху экспанатаў, якія навязвалі да школьных гадоў Жаромскага. Аднак цяпер пераважная большасць калекцыі – гэта прадметы, звязаныя з Жаромскім – дарослым чалавекам. Сярод іх рукапісы яго твораў і лісты іг.д. Нават са школьных атэстатаў да нашых дзён захаваліся, на самой справе, толькі два. Таму музею, скажам так, было цяжка дзейнічаць пад шыльдай: «Музей школьных гадоў», бо, акрамя самой сядзібы, то бок будынку былой школы, нашыя калекцыі з часам набылі зусім іншы характар – яны сталі ў большай ступені распавядаюць пра іншыя перыяды жыцця пісьменніка. Таму нядаўна музей змяніў назву і цяпер называецца не Музей школьных гадоў Стэфана Жаромскага, а проста Музей Стэфана Жаромскага.

Біяграфічная і літаратурная выстава, размешчаная на першым паверсе будынка і тычыцца ўсяго жыцця і творчасці пісьменніка:

- Мы пачынаем нашую экскурсію па музеі з часоў дзяцінства, то бок даведваючыся, дзе і калі нарадзіўся Стэфан Жаромскі; чаму розныя крыніцы пазначаюць дзве даты яго нараджэння. Мы даведваемся пра месцы, дзе ён жыў; тлумачым, чаму сямʼя Жаромскіх перамяшчалася па Свентакшыскім рэгіёне. Паясняем таксама, чаму Жаромскага называюць спадчыннікам Студзеньскага паўстання (1863–1864), якое часта згадваецца ў яго творах.
Між іншым, мы можам даведацца, што Студзеньскае паўстанне аказала глыбокі ўплыў на сям’ю Жаромскіх – сфармавала светапогляд пісьменніка. У прыватнасці за ўдзел у паўстанні яго бацька – Вінцэнт Жаромскі, быў арыштаваны, а маёнтак канфіскаваны, што паўплывала на фінансавае становішча сям’і. Гэты ўплыў відавочны ў творах Стэфана Жаромскага, у прыватнасці ў рамане «Верная рака» (Wierna rzeka), якая на беларускай мове выйшла ў перакладзе Міхала Дубянецкага.

Выстава знаёміць нас таксама са школьным перыядам у жыцці Жаромскага:

- Мы паказваем, як у часы Жаромскага выглядала школа і школьны клас; чым пісалі ў школе. Паказваем пяры, чарніліцы, пеналы, папкі, школьную форму. Наймалодшыя наведвальнікі таксама даведваюцца пра школьныя правілы, напрыклад, колькі гадоў доўжылася вучоба, як доўгія былі перапынкі, якія пакаранні дзейнічалі ў школе.

Дарэчы, аказваецца, што ў выдатнага пісьменніка ў сярэдняй школе былі цяжкасці з вучобай: ён некалькі разоў паўтараў клас і канчаткова не здаў выпускных экзаменаў. Паводле біёграфаў, прычыны былі розныя, у тым ліку, як фінансавыя, так і праблемы са здароўем. Нагадваем, маці Стэфана Жаромскага – Юзэфа памерла, калі будучаму пісьменніку было 14 гадоў. Неўзабаве пасля смерці жонкі памёр і бацька – Вінцэнты. Малады Жаромскі быў прымушаны працаваць і сам утрымлівацца:

- Далей пераходзім да яго дарослага жыцця, даведваючыся, дзе жыў Жаромскі, якія месцы наведваў, у тым ліку, што ён пражываў у Закапанэ, што ён працаваў у Раперсвілі ў Швейцарыі – быў адным з першых кіраўнікоў тамтэйшага Польскага музея; што ён жыў у Парыжы, і што яго сын вучыўся там у школе.

У музеі мы можам пабачыць рукапісы яго твораў; даведацца пра грамадскую дзейнасць пісьменніка:

- Мы даведваемся пра тэмы, якія ён закранаў; што яго цікавіла; што ён быў прэзідэнтам Закапанскай Рэспублікі (часовая дзяржаўная, якая існавала з канца кастрычніка па 16 лістапада 1918 года ў Закапанэ – рэд.); што ён удзельнічаў у плебісцыце на Варміі і Мазурах, куды ездзіў разам з Янам Каспровічам (Ян Каспровіч – польскі паэт, драматург, літаратурны крытык і перакладчык. Прадстаўнік руху «Маладая Польшча» -рэд.); што ён заснаваў дзяржаўныя школы, бібліятэкі, тэатры, дашкольныя ўстановы і дзіцячыя садкі. Мы даведваемся пра яго сямʼю, а менавіта пра дзве жонкі і дзяцей.

Дарэчы справа з жонкамі Жаромскага, гэта асобная, цікавая і складаная гісторыя. Музей у Кельцах можа пахваліцца таксама ўнікальным артэфактам – гаворка ідзе пра грамафонную пласцінку з запісам голасу Стэфана Жаромскага. Запіс быў зроблены восенню 1924 года ў гатэлі «Еўрапейскі» ў Варшаве. Пісьменнік чытаў урыўкі са сваіх твораў:

- І на гэтым, па сутнасці, мы заканчваем аповед пра Жаромскага і яго жыццё. На канец даведваемся, дзе і калі ён памёр. Іншымі словамі, мы па сутнасці заканчваем экскурсію ў Каралеўскім замку ў Варшаве, дзе Жаромскі жыў і дзе ён памёр. Пахаваны пісьменнік у Варшаве на Евангельска-рэфармацкіх могілках разам са сваёй другой жонкай.

На выставе можам паглядзець шмат цікавых экспанатаў. Адным з іх з’яўляецца закапанская чарніліца Жаромскага, кажа Сільвя Захаж:

- Чарніліца паходзіць з Закапанэ, куды Жаромскі ездзіў, і дзе часова пражываў у розных перыядах жыцця. Мы атрымалі гэты экспанат ад жанчыны, у якой Жаромскі арандаваў пакой. Пісьменнік купіў гэтую чарніліцу ў Закапанэ і пакінуў яе там. Паколькі ён часта пераязджаючы з месца на месца, то здаралася, што пакідаў частку багажу, а затым пісаў былым гаспадаром з просьбай даслаць куфар з яго рэчамі на новы адрас. А паколькі ён не заўсёды мог усё змясціць у гэтыя куфры, таму часта пакідаў нейкія дробязі. Такім чынам, закапанская чарніліца засталася ў Закапанэ. Яшчэ ў 1964 годзе, калі стваралася наша першая выстава, многія людзі ахвяравалі музею розныя рэчы, звязаныя з Жаромскім. І вось гэтая чарніліца з Закапанэ трапіла ў наш музей.

- заявіла кіраўнічка Музея Стэфана Жаромскага ў Кельцах Сільвя Захаж (Sylwia Zacharz).

Варта дадаць, што ў 2025 годзе Нацыянальны музей у Кельцах, аддзелам якога з’яўляецца Музей Стэфана Жаромскага, атрымаў сродкі на пашырэнне выставачнай прасторы, прысвечанай пісьменніку. У прыватнасці гаворка ідзе пра куплю вілы дырэктара былой мужчынскай гімназіі. Вынікам некалькігадовай мадэрнізацыі павінна быць сучасная, мультымедыйная выстава – адзіна ў краіне поўнасцю прысвечаная вядомаму пісьменніку – яго творчасці і жыццю.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Палякі адзначаюць Год Стэфана Жаромскага – пісьменніка, якога называлі «сумленнем народа»

20.10.2025 17:35
Выставы, лекцыі, навуковая канферэнцыя і пашырэнне пастаяннай экспазіцыі, такім чынам свайго героя ўшануе Музей Стэфана Жаромскага ў Кельцах.