– Павел, для пачатку раскажыце пра сваё выдавецтва, як яно з’явілася ў замежжы, што друкуеце.
– Калі я яшчэ жыў у Беларусі, заўсёды хацеў выдаваць кнігі аўтараў, якія не друкаваліся ў існуючых выдавецтвах. Але ў Беларусі гэта было цяжка зрабіць, бо там адмысловы працэс рэгістрацыі, дазволы, экзамены. Карацей, гэта было немагчыма зрабіць. Нешта я стараўся выдаваць з існуючымі выдавецтвамі, але самастойна зрабіць выдавецтва было немагчыма. А вось калі апынуўся ў Варшаве, то зразумеў, што тут ніякіх перашкод няма, каб друкаваць кніжкі. А ў мяне ўжо шмат напрацовак назбіралася, шмат знаёмых, якія пішуць кніжкі, іх трэба выдаваць.
– І што вы цяпер выдаеце, якія кніжкі?
– Мы называем гэты жанр постфікшн – гэта такая аўтабіяграфічная літаратура. Мы яшчэ яе называем катастрафічны аўтафікшн, або свет пасля катастрофы. Гэта свет пасля 2020 года, у якім мы не можам існаваць па-ранейшаму. Адгэтуль так шмат аўтабіяграфічнай літаратуры, якая нейкім чынам адказвае на гэтую катастрофу.
– Наколькі я разумею, гэта літаратура маладых аўтараў, якія самі перажылі 2020 год і іх кнігі вы выдаеце.
– Гледзячы каго называць маладым, бо нашы аўтары маюць ад 20 да 60 гадоў. Гэта, у прынцыпе, уся лінейка аўтараў, некаторыя з якіх жывуць у Беларусі, а некаторыя вымушаныя былі пераехаць у замежжа. Многія не маглі выдаць сваіх кніжак, у якіх такая своеасаблівая рэфлексія пра наш час.
– І які адказ гэтаму часу даюць вашы аўтары?
– Кожны аўтар дае свой адказ, і гэта, у прынцыпе, не адказ, а нейкая рэфлексія. Усе нашы аўтары – асобы, як, да прыкладу, Таццяна Заміроўская, якая жыве ў Нью-Ёрку і прапускае праз сябе гэты час у далечыні ад радзімы, Уладзімір Сцяпан, які жыве ў Беларусі і прапускае гэты час іншым чынам. Гэта і розныя ўзроставыя катэгорыі, эстэтычныя, але гэта мы ўсе, і гэта нешта кажа пра нас агулам.
– Ці ёсць у вас чытач у замежжы? Як вы наладзілі вось гэтую сістэму, каб кніжка даходзіла да чытача?
– Насамрэч вельмі шмат людзей выехала – гэта адчуваецца. Мы самі б не выязджалі, калі можна было б застацца. Многія нашы чытачы жывуць цяпер па-за межамі краіны, але многія застаюцца ўнутры Беларусі, і яны нейкім чынам знаходзяць спосабы, як замовіць нашыя кнігі. Нашы кнігі чытаюць і за мяжой, і ў Беларусі.
– У замежжы існуе некалькі беларускіх выдавецтваў. Вы канкуруеце паміж сабой ці супрацоўнічаеце? Як у вас гэта атрымліваецца?
– Мы не канкуруем, канкурэнцыі ніякай няма, бо замежжа пакуль не склалася ў адзін нейкі вялікі рынак, на якім мы маглі б канкураваць. Мы хутчэй адзін аднаго дапаўняем, і насамрэч усе выдаўцы за мяжой адзін аднаму дапамагаюць: нехта даведаўся, дзе танней друкаваць, і падказаў іншым, хтосьці падказаў пра нейкага аўтара – наогул дзелімся досведам і г.д.
– А наколькі наогул складана за мяжой утрымліваць выдавецтва і яго развіваць?
– У Беларусі гэта было рабіць больш складана, бо і арганізацыйна, і фінансава былі толькі праблемы – доступу да кнігарняў не было. Тут таксама няпроста, бо выдавецтва само сябе пакуль што не акупляе, хаця, мне здаецца, што гэта магчыма зрабіць. Дзеля гэтага трэба працаваць – мы шмат пра гэта гаворым адзін з адным, шукаем шляхі, імкнёмся пашыраць наш літаратурны рынак.
– Якія праекты за апошні час можаце назваць удалымі, якія кнігі сталі бестселерамі?
– Самы цікавы праект за апошні час – гэта тая кніжка, якая дала назву выдавецтву – «Мяне Няма» Валянціна Акудовіча. Гэта яго першая кніжка, якая ніколі не перавыдавалася, і мы яе перавыдалі ўпершыню за апошнія 25 гадоў. Гэта такі вялікі канцэпт, які тычыцца беларусаў, іх ідэнтычнасці. Гэтая кніжка для мяне асабіста вельмі важная. А пакуль што наш самы вялікі бестселер – кніжка Сяргея Краўчанкі «Забыцца ў электрычцы». Быў такі шанец распаўсюдзіць яе і ў Беларусі, і ў Польшчы. Таксама кніжка Таццяны Заміроўскай вельмі паспяхова разышлася. Ды і наогул кожная наша кніга – гэта вялікі яскравы праект, над якім мы шмат працуем.
– Чым збіраецеся здзівіць чытачоў у бліжэйшы час?
– Збіраемся здзівіць чытачоў імем, усім вядомым у Беларусі, пра якога не ўсе ведаюць, што ён яшчэ і пісьменнік. Гэта Марк Шагал, які напісаў свае мемуары пра Віцебск. Гэтыя мемуары, але ў змененым выглядзе, ужо выдаваліся ў Францыі на французскай мове. Але мы адшукалі першую публікацыю гэтых мемуараў, якая была зроблена ў ЗША на ідыш. І з гэтай першай публікацыі мы зараз і робім пераклад, і хутка гэтую кнігу прадставім чытачам.
Павел ЗАЛЕСКІ