Прычын можы быць некалькі: спецыфіка польскага кніжнага рынку, адсутнасць перспектывы заробку, малая колькасць перакладчыкаў, адсутнасць падтрымкі з боку беларускай дзяржавы.
Эканамічны складнік, то бок магчымасць зарабляць на продажы кніг, з’яўляецца адной з прычын слабой прысутнасці беларускіх кніг у польскім перакладзе, гаворыць кіраўніцы Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай:
- Не хапае падыходу, які ўлічваў бы неабходнасць прадаваць гэтую кнігу. Важна, каб кніга, якая выдаецца ў перакладзе на польскую мову, магла трапляць у сеткі распаўсюду, каб была рэклама, каб яна трапляла да польскага чытача. На жаль, так не адбываецца. Другі аспект – гэта перакладчыкі. Яны ёсць, гэта выдатныя людзі, але іх мала і яны не могуць закрыць патрэбы ў перакладзе ўсяго вартага. З улікам умоваў, у якіх яны працуюць, гэта перакладчыцкая праца ў вольны час ад асноўнай працы. Чарговая праблема – гэта не прыносіць грошай. А нармальныя выдавецтвы існуюць для таго, каб зарабляць на кнігах. А ў беларускаю літаратуру трэба шмат укладаць, без упэўненасці, што гэта калі-небудзь акупіцца.
Перакладчыца беларускай літаратыры на польскую мову Яанна Бернатовіч не можа дазволіць сабе займацца толькі і выключна гэтай працай. Яна прызнае, што ўжо адмовілася ад спадзяванняў, што беларуская літаратура ў польскім перакладзе ўвойдзе на шырокі камерцыйны рынак, хоць пазітыўныя прыклады ёсць. Больш таго, з цягам часу перакладчыца памяняла меркаванне і лічыць гэта неабавязковай умовай:
- У мяне ёсць штатная праца, а пераклад – гэта пра захапленне і жыццёвы выбар, бо я перакладаю па вечарах, на выходных. Я б хацела жыць толькі з перакладаў, але гэта пакуль немагчыма. Раней мне здавалася, што патрэба прабіцца на камерцыйны рынак - гэта сур’ёзная праблема. Вядома, хацелася б, каб нейкае вялікае польскае выдавецтва ўзяло нейкага аўтара і разрэкламавала яго. Хоць ёсць і пазітыўныя прыклады – «Рыбін горад» Наталкі Бабінай, Артур Клінаў з «Малой падарожнай кнігай па Горадзе Сонца». Гэта прыклад выданняў, якія прабіліся на камерцыйным рынку. Хацелася б, каб гэтага было больш. Хацелася б, каб нейкі аўтар быў папулярызаваны не як беларускі аўтар, а як паспяховы ўсходне-еўрапейскі аўтар, але неабавязкова ў беларускім ключы. Мне здаецца, што камерцыйны поспех - гэта ўжо не так важна. Важна, каб проста выдаваць.
Кіраўнік уроцлаўскага Калегіума Усходняй Еўропы Лаўрынас Вайчунас бачыць тлумачэнне сітацыі з беларускай літаратурай у Польшчы ў праблеме мясцовага рынку, як і многіх кніжных рынках у Еўропе. Яна заключаецца ў дамінацыі на рынку англасаскай літаратуры, якую вельмі лёгка папулярызуюць літаратырныя агенты з вялікіх карпарацый. Лаўрынас Вайчунас не мае ілюзій, што беларуская кніга не здабудзе камерцыйнага рынку ў Польшчы:
- Шмат укладваецца ў маркетынг, але падтрымліваць разнастайнасць на кніжным рынку складана. Таму я б сказаў, што беларуская літаратура ў Польшчы нават не з'яўляецца выключэннем, што яна не знаходзіцца ў значна горшым стане, чым іншыя літаратуры на менш папулярных мовах. Калі мы паглядзім на колькасць пісьменнікаў, якія пішуць па-беларуску, яна не істотна адрозніваецца ад колькасці літоўскіх, латышскіх, эстонскіх і гэтак далей. Таму я лічу, што ў беларускай літаратуры няма нічога, што выключала б яе з любога рынку або з заваявання сусветнай літаратуры ў цэлым. Некаторыя кнігі прадаюцца лепш, некаторыя горш. І няма прычын здавацца, калі нешта не вельмі папулярнае ў дадзены момант. Нам проста трэба паслядоўна і ўпэўнена выдаваць і перакладаць гэтыя кнігі, гэтую літаратуру. Таму я лічу, што беларуская літаратура такая ж, як і любая іншая. Калі ў нас ёсць якія-небудзь слабасці, то яны, хутчэй за ўсё, на польскім кніжным рынку.
Сітуацыю беларускай літаратуры на еўрапейскім рынку ўскладняе факт, што яна не атрымлівае падтрымкі з боку дзяржавы. Лаўрынас Вайчунас аднак лічыць, што моцны выдавецкі цэнтр можа выдатна існаваць унутры дыяспары. Адсутнасць дзяржавы, безумоўна, перашкаджае, але яна таксама можа матываваць да дзеянняў, да большай творчасці, большай смеласці.
- У 1950-х гадах Ежы Гедройць выдаў у Парыжы анталогію на ўкраінскай мове, анталогію разрозненага адраджэння. Навошта? Часы, безумоўна, былі яшчэ больш безнадзейнымі, чым тыя, што мы бачым сёння. Ніхто не думаў, што праз 30 гадоў жалезная заслона ўпадзе і ўся Еўропа ў пэўнай ступені аб'яднаецца. Такім чынам, часы могуць здавацца безнадзейнымі, але існаванне дзяржавы, якая падтрымлівае, не абавязкова з'яўляецца найбольшай перашкодай. Было б лепш, калі б дзяржава падтрымлівала перакладчыкаў беларускай літаратуры, але без гэтай дзяржавы, я лічу, што беларуская інтэлігенцыя і супольнасць эмігранта могуць унесці свой уклад у падтрымку беларускай літаратуры ў эміграцыі. Гэта таксама будзе мець станоўчы ўплыў на развіццё літаратуры і культуры ў самой Беларусі. Можа, не напрамую, але праз розныя каналы, - гаворыць Лаўрынас Вайчунас.
ав
Слухайце аўдыё