Не стала Міхала Урбаняка – легенды польскага і сусветнага джазу. Ён быў вядомейшым музыкантам, кампазітарам і аранжыроўшчыкам. У 1973 годзе выехаў у Злучаныя Штаты, якія з’яўляюцца радзімай джаз, каб быць бліжэй да каранёў сваёй любімай музыкі. Жыў у дзвюх краінах – ЗША і Польшчы, але выступаў ва ўсім свеце.
Міхал Урбаняк нарадзіўся ў 1943 годзе ў Варшаве. Дзяцінства правёў у горадзе Лодзь, дзе з шасці гадоў пачаў вучыцца іграць на скрыпцы. У адным з інтэрв'ю будучы вядомы музыкант казаў, што ніколі не любіў скрыпкі, і магчыма таму самастойна навучыўся іграць на саксафоне.
Закончыў музычны ліцэй. Яшчэ ў школе пачаў выступаць у вядомых лодзінскіх клубах. У 1961 годзе паступіў у варшаўскую музычную акадэмію.
Пачаткі яго прафесійнай кар’еры пачаліся ў дыксіленд-гурце, пазней выступаў з вядомейшым польскім джаз-музыкантам Збігневам Намыслоўскім і яго гуртом Jazz Rockers. У прыватнасці, у 1961 годзе ён выступіў на варшаўскім фестывалі Jazz Jamboree, які вядомы далёка па-за межамі Польшчы. Пасля гэтага яго запрасілі граць з іншым славутым польскім джаз-музыкантам Анджэем Тшаскоўскім. У 1962 годзе Урбаняк гастраляваў па Злучаных Штатах з гуртом Тшаскоўскага The Wreckers, выступаючы на фестывалях. Пасля вяртання ў Польшчу Урбаняк працаваў з квінтэтам Кшыштафа Камеды – чарговай не толькі польскай, але і сусветнай зоркі джаз-сцэны. Разам яны адправіліся ў Скандынавію, дзе, пасля завяршэння некалькіх кантрактаў, Урбаняк застаўся да 1969 года. Там ён стварыў гурт з Уршуляй Дудзяк і Войцехам Каролякам, які дабіўся значнага поспеху і пасля стаў пачаткам каманды Michał Urbaniak Fusion.
На фестывалі ў Монтра ў 1971 годзе Урбаняк быў удастоены «Гран-пры» як лепшы саліст, атрымаўшы стыпендыю ў Музычным каледжы Берклі ў Бостане. Пасля шматлікіх трыумфальных канцэртаў у Еўропе і Злучаных Штатах, у маі 1973 года ён у апошні раз выступіў перад польскай публікай і 11 верасня 1973 года эміграваў разам з Уршуляй Дудзяк у Злучаныя Штаты.
У ЗША выступаў у вядомейшых клубах, такіх як Village Vanguard і Village Gate, а таксама ў знакамітых канцэртных залах, такіх як Карнегі-хол, Бікан-тэатр і Эверы Фішэр-хол.
Міхал Урбаняк іграў з сусветнымі зоркамі джаз-сцэны, для прыкладу, з Білі Кабэмам, Бастэрам Уільямсам, Чыкам Корыя, Гаральдам Айвары Уільямсам, Элвінам Джонсам і інш.
На пачатку бягучага года Міхал Урбаняк у размове з Польскім радыё казаў, што ніколі не імкнуўся да поспеху ці быць вядомым, а проста выконваў сваю любімую музыку.
- Я ніколі не думаў пра славутасць, я проста іграў сваю любімую музыку. Поспех для мяне – гэта тое, што я раблю, тое што я люблю. Праз музыку я спаўняю свае мары. І, спадзяюся, так працягнецца.
У 1986 годзе пасля 13 гадоў пражывання ў ЗША Міхал Урбаняк прыехаў у Польшчу, дзе выступіў на фестывалю Jazz Jamboree, на якім упершыню з’явіўся ў 1961 годзе. Пачынаючы з 1986 года артыст рэгулярна бываў у Польшчы, даючы канцэрты, прымаючы ўдзел у фестывалях і запісваючы дыскі ў студыях.
Музычны журналіст Першага каналу Польскага радыё Павал Штомпке перакананы, што Міхал Урбаняк – адна з важнейшых постацяў сучаснай польскай музыкі.
- Ён быў прадстаўнікоў сучаснай плыні джазу і музыкі агулам. Гэта быў унікальны артыст, які аб’ядноўваў музычныя стылі і гатункі. Ён любіў усё, што сучаснае, але пры гэтым быў моцна звязаны з польскай культурай і музыкай.
Міхал Урбаняк напісаў музыку да 25 амерыканскіх фільмаў. Дарэчы, артыст сам выступіў як акцёр у некалькіх польскіх мастацкіх кінастужках, а ў 2012 годзе атрымаў ад кінакрытыкаў статуэтку «Арла» (галоўная польская кінаўзнагарода) за ролю ў фільме «Мой ровар». За гэтую ж ролю быў узнагароджаны на Талінскім кінафестывалі.
Быў жанаты чатыры разы. Яго першай жонкай была сусветна вядомая джаз-вакалістка Уршуля Дудзяк. У пары нарадзіліся дзве дачкі, у тым ліку Міка Урбаняк – амерыканская вакалістка, якая працуе ў розных музычных стылях.
Міхал Урбаняк жыў джазам. У адным з інтэрв’ю ў 2018 годзе ён сказаў: «Адзіны дом для джазмэна – гэта Нью-Ёрк. Я марыў жыць там з 15 гадоў. Вось ужо сорак пяць гадоў я – ньюёркец, і гэта не зменіцца, незалежна ад таго, дзе я буду знаходзіцца. Жыццё джазавага музыканта – падарожжа, і ў гэтым яго шчасце. Але тым не менш, усё джазавае асяроддзе – у Нью-Ёрку, там і мой дом».
Памёр артыст ва ўзросце 82 гадоў.
вс
слухайце аўдыёфайл