З вакалісткай гурта «Трава» — Стасей — гутарым пра музыку, эміграцыю і проста пра жыццё.
— Гурт «Трава» — цікавая назва, нібыта ўжо пра нешта кажа. Адкуль яна?
— Гэта такая трошачкі эмігранцкая назва, бо калі эмігруеш, пачынаеш новае жыццё, і гэта падобна да таго, як трава прабіваецца праз асфальт — трэба ўсё наноў рабіць. І наш гурт паўстаў у 2023 годзе ў Вільні — гэта была першая краіна, куды мы трапілі. Стаялі з Ігарам на святлафоры, пабачылі зялёнае святло, і мне адразу прыйшла думка: можа, назваць гурт «Трава»… Мы шукалі назву, і вось так усё склалася. А яшчэ заўсёды была асацыяцыя з лекавымі зёлкамі, і разам з гэтым прабіваннем праз асфальт усё так і здарылася…
— Дзе вы вучыліся, што сканчалі?
— Я вучылася ў культурніцкім ВНУ, але з 2010 года спявала фальклор, і праз гэта паціху прыйшла да аўтарскай музыкі, заснаванай на базе фальклору.
— Усе песні, якія вы сёння выконвалі, — у жанры фольку?
— Так, мы назвалі гэта «дыджытал-фольк», паколькі ён такі дыджыталізаваны: мы выкарыстоўваем і электронную, і жывую музыку. Гэта ад таго, што ў мяне заўсёды была цікаўнасць да фальклору, быў досвед фальклорных экспедыцый. Калі пачынаеш жыць у гэтай тэме, то ўсё становіцца цікавым.
Гурт “Трава” – Стася і Ігар.
— Калі вы спявалі гэтыя фальклорныя матывы, было адчуванне, што вы ў іх жывяце. Цікава, вы самі з вёскі ці гарадскі чалавек?
— Я гарадскі чалавек, але слухала шмат фальклорных мелодый, і гэта ў мяне адгукалася. Памятаю, у дзяцінстве па радыё, калі чула песню «Цячэ вада ў ярок», — яна мяне проста ўключала. Было так цікава: а пра што гэта яны там спяваюць? Гэтыя «вочы чарныя косяць» — а куды яны косяць? Ува мне гэта ўсё недзе жыло.
— Як складаецца ваша канцэртная дзейнасць? Дзе вы выступаеце і ці можаце з гэтага пражыць у эміграцыі?
— Мы выступаем на розных фэстах, робім канцэрты, нас запрашаюць. Канешне, маем і мірскую працу, але хочацца сябе пазіцыянаваць як творчых людзей, бо сапраўды шмат гадоў і шмат часу прысвечана менавіта гэтаму. Хочацца захоўваць тут свой культурніцкі код і, адштурхоўваючыся ад яго, будаваць сваю міжнародную аўтэнтычнасць.
— І як вас тут успрымаюць — і беларусы, і заходні свет?
— Успрымаюць з цікаўнасцю і адкрытасцю. Мне падаецца, што культура і музыка — гэта міжнародная мова. Нават калі не ведаеш слоў, ты можаш адчуць настрой, эмоцыю, якую нясе музыка. Таму гэта яшчэ адна мова, якую мы ведаем.
— Стася, а што для вас азначае эміграцыя?
— Гэта сучаснае жыццё, пэўная рэальнасць, у якой мы жывём. Яна цікавая, складаная, і, мне падаецца, мы ўсе тут сталі трошачкі больш дарослымі, чым былі ў Беларусі. Як кажуць: у родным краю — як у раю. У родным краі ты дзіцёнак, а ў чужым — дарослы.
— Сумуеце па родным краю?
— Канешне. Думаю, мы б не рабілі тут сваю музыку, а рабілі б нешта больш адарванае. А так…
Гурт “Трава” – Стася і Ігар.
— Вы самі пішаце словы, займаецеся аранжыроўкай?
— Так. Наш гурт — гэта два чалавекі: я і Ігар. Ігар займаецца музычнай часткай, я — вакальнай, і вось так нараджаюцца нашы песні.
— А як складаецца творчасць, калі параўноўваць: там, дома, дзе «як у раю», і тут, у эміграцыі?
— Творчы чалавек — гэта асоба са сваім светапоглядам. Дзе б я ні была, я заўсёды бачу сваё, і фокус маёй увагі будзе накіроўвацца на нешта знаёмае, на вобразы, якія мяне прывабліваюць. Праз гэта адбываецца і адаптацыя ў эміграцыі. І нават на такой імпрэзе, як сённяшняя, таксама можна знайсці свой маленькі рай.
— Стася, а адкуль у вас такая ўпэўненая беларускасць? Даўно вы з гэтым?
— Невядома… проста так сталася, нават не памятаю як. Я таксама задумвалася пра гэта: вучылася ў школе з іншымі, ў адных і тых самых настаўнікаў, але многія нават слова па-беларуску не могуць звязаць, а з мяне гэта проста льецца. Не ведаю. Магчыма, музычны слых дапамог, бо вядома, што людзям з музычным слыхам мовы даюцца лягчэй.
— А як вы ладзіце канцэрты: вас запрашаюць ці вы самі ініцыюеце?
— Пакуль наш досвед такі, што нас запрашаюць беларусы, але вельмі хочацца і іншага досведу. У мяне вельмі пазітыўнае стаўленне, бо я бачу, якія палякі больш разняволеныя, свабодныя. Наш гурт у Варшаве, і ёсць адчуванне прыняцця, інтэркультурнасці. Думаю, знойдзецца момант, калі і гэты эксперымент будзе рэалізаваны.
— А польскую музыку вы ўжо адчулі? Як яна вам?
— Польская музыка таксама вельмі класная. У Варшаве ёсць Фабрыка Норбліна, дзе па серадах на сцэне маладых музыканты джэмяць. Прыходзяць усе, хто жадае, але там вельмі добры ўзровень музыкі і якасны гук. Я таксама прыходжу туды паслухаць — многае ўражвае. Акрамя гэтага, была на канцэртах розных польскіх гуртоў, цікаўлюся і мясцовай музыкай. Магу сказаць толькі: брава, бо ўзровень вельмі высокі.
— Па-польску яшчэ не спяваеце?
— Пакуль не, але я цікаўлюся польскім фальклорам, а таксама памежжам, у прыватнасці Падляшшам. Ёсць такі фестываль «Wszystkie Mazurki Świata», дзе я пабывала. Праглядаю, намацваю тыя песні, якія мы маглі б выканаць, бо, жывучы тут, варта гэта зрабіць.
Павел ЗАЛЕСКІ