3 студзеня 1965 года быў заснаваны вядомейшы польскі гурт Czerwone Gitary. Найбольшых поспехаў музыканты дасягнулі ў першыя пяць гадоў існавання, а прэса часам называла іх «польскімі «Бітлз» альбо «Бітлз» Усходняй Еўропы») з-за падабенства з брытанскім гуртом, у тым ліку з-за арыгінальнага стылю і сцэнічнага самавыяўлення. Песні гурта застаюцца папулярнымі і цяпер.
Адзін з самых папулярных польскіх музычных гуртоў шасцідзясятых Czerwone Gitary быў заснаваны ў Гданьску ў студзені 1965 года. У першым складзе ігралі Кшыштаф Кленчан (вакал, гітара), Ежы Касэля (гітара, вакал), Ежы Скшыпчык (ударныя), Бернард Дарноўскі (вакал, гітара, бас-гітара) і Генрык Замерскі (бас-гітара, вакал, электраарган). Першыя канцэрты ансамбль даў у балтыйскім Сопаце ў клубе «Non-Stop» і ўжо неўзабаве пасля дэбюту запісаў свой першы сінгл «Таму што ты баішся мышэй».
У красавіку 1965 года Czerwone Gitary запісалі некалькі песень для Польскага радыё і адправіліся ў восеньскае турнэ пад дэвізам «Мы іграем і спяваем гучней за ўсіх у Польшчы». Турнэ аказалася вельмі паспяховым. У снежні 1965 года Генрык Замерскі пакінуў групу, і на яго месца прыйшоў Севярын Краеўскі. Першыя месяцы Краеўскі і Скшыпчык выступалі пад псеўданімамі, бо яны былі ў той час навучэнцамі музычнага вучылішча і ім за ўдзел ў біт-гурце пагражала адлічэнне.
Першы альбом «Гэта менавіта мы» гурт запісаў у канцы 1966 года ўсяго за два дні. Пласцінка прадалася тыражом у 160 тыс. экзэмпляраў, але неўзабаве пасля яе выхаду каманду пакінуў Касэля, і фронтмэнам групы стаў Кшыштаф Кленчан.
Пік папулярнасці ансамбля прыпаў на другую палову шасцідзесятых гадоў. Тыражы наступных дзвюх іх пласцінак – альбома з простай назвай «2» (1967 год) і пласцінкі «3» (1968 год) – пабілі рэкорды польскага фанаграфічнага рынку. У 1969 годзе Czerwone Gitary на выставе MIDEM у Канах атрымалі сімвалічную «Мармуровую пласцінку» як самы папулярны ансамбль у сваёй краіне. У чэрвені гэтага ж года гурт заваяваў галоўную прэмію Фестывалю польскай песні ў Аполі за кампазіцыю «Белы крыж».
У 1970 годзе калектыў пакінуў Кшыштаф Кленчан, стварыўшы ансамбль «Тры Кароны». Пасля выпуску адзінага альбома ў 1973 годзе, Кленчан з сям'ёй эміграваў у ЗША. У студзені 1981 гады ён вяртаўся пасля канцэрту дадому і патрапіў у аўтамабільную аварыю. Музыкант атрымаў сурʼёзныя траўмы і праз некалькі месяцаў памёр у бальніцы.
З 1970 года гурт запісваўся ў складзе квартэта: да Краеўскага, які стаў галоўным аўтарам тэкстаў, Дарноўскага і Скшыпчыка далучыўся Дамінік Конрад, які, аднак, пакінуў ансамбль пасля запісу самага вядомага альбома «На жалейцы».
У 1970-я гады гурт у фармаце трыа запісаў некалькі альбомаў, у тым ліку два – на нямецкай мове для прыхільнікаў у ГДР: «Кансуэла» і Rote Gitarren. У 70-я гады ансамбль шмат гастраляваў, у тым ліку ў СССР і іншых краінах сацлагера – там яны і выступалі ўсё наступнае дзесяцігоддзе, практычна не зʼяўляючыся на сцэнах у Польшчы.
Czerwone Gitary на гастролях у ГДР, 1980 год. PAP/DPA/Günter Gueffroy
Czerwone Gitary аднавілі канцэртную дзейнасць у Польшчы ў 1991 годзе. На працягу наступных некалькіх гадоў гурт даў амаль 500 канцэртаў. У 1997 годзе ў выніку канфлікту з астатнімі музыкантамі ансамбль пакінуў Севярын Краеўскі, а праз два гады каманда ўпершыню за чвэрць стагоддзя запісала альбом «...яшчэ грае музыка» з прэмʼерным матэрыялам. Наступны, двайны дыск пад назвай О.К. выйшаў у 2005 годзе. У жніўні гэтага ж года гурт арганізаваў у Сопаце канцэрт у гонар свайго 40-годдзя. Яшчэ адзін нямецкамоўны альбом ансамбля Czerwone Gitary пад назвай Herz verschenkt быў запісаны і выдадзены ў Германіі ў 2009 годзе. Праз некалькі гадоў музычны калектыў прадставіў яшчэ адзін дыск «Яшчэ раз» (2015).
Калектыў па-ранейшаму актыўна выступае ў Польшчы і за мяжой. Такім чынам, Czerwone Gitary можна назваць доўгажыхаром польскай эстрады, а яго песні папулярныя і сёння, і не толькі сярод пакалення, якое іх памятае ў першыя дзесяцігоддзі існавання.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл