Беларуская Служба

Інстытут развіцця польскай мовы падрыхтаваў падставы праграмы адукацыі для палякаў за межамі Польшчы

19.02.2026 18:30
Польская адукацыя за мяжой існуе як мінімум 200 гадоў, але не было дагэтуль такой саліднай праграмнай асновы.
Аўдыё
  • Навучанне польскай мове за мяжой Польшчы.
.  .
Ілюстрацыя. Польскі сцяг. Фота: Nataliabiruk/Shutterstock

Да гэтага часу не было дакумента, які б дакладна апісваў, як выглядае выкладанне польскай мовы за мяжой, якія формы яно прымае, хто выкладае і хто вывучае польскую мову. На першы позірк, выкладанне польcкай мовы даволі простае, але на самой справе яно выглядае па-рознаму, - адзначае дырэктар Інстытута развіцця польскай мовы Уршуля Старакевіч-Краўчык (Urszula Starakiewicz-Krawczyk).

— Калі хтосьці не знаёмы з тэмай, ён можа падумаць, што ўсё проста - вучыць польскай мове як замежнай, або, наадварот, што гэта родная мова, і таму яе можна вучыць, як у польскай школе.  Насамрэч гэта не так. Усё менш людзей пакідае Польшчу, што з'яўляецца вялікім поспехам нашай краіны, але гэта азначае, што польскую мову за мяжой вывучае як правіла не першае пакаленне, таму нельга казаць пра родную мову. Для гэтых людзей роднай мовай з'яўляецца мова краіны, дзе яны жывуць. Узровень польскай мовы вельмі адрозніваецца. Яны могуць размаўляць па-польску дома, мець кантакт з мовай, таму што гэта дзеці змешаных шлюбаў. Звярніце ўвагу, што польская мова не абавязкова з'яўляецца роднай мовай. Такім чынам, нават для людзей польскага паходжання кантакт з польскай мовай за межамі краіны нераўнамерны. Таму настаўнікі, якія выкладаюць у польскіх школах, у першую чаргу сутыкаюцца з вялікай разнастайнасцю людзей, якія прыходзяць вучыцца.

Акрамя таго, самі школы бываюць вельмі розныя. Мы называем гэтыя формы навучання школай, але ж гэта не зусім тое, што мы ўяўляем, калі гаворым «школа». Гэта хутчэй курсы мовы?

 Часцей за ўсё гэта грамадскія школы, якіх у свеце каля 800, і яны дзейнічаюць як дадатковыя навучальныя ўстановы па-за звычайнай школай. Часта гэта суботнія школы, заняткі могуць адбывацца ў сераду ці пятніцу — гэта не мае прынцыповага значэння. Гэта ўсяго некалькі гадзін на тыдзень, часам нават раз на два тыдні. Таму цяжка казаць пра высокую інтэнсіўнасць навучання. Да таго ж, грамадскія школы не накіраваныя выключна на вывучэнне польскай мовы — перад усім яны вучаць ідэнтычнасці і польскай культуры. Такім чынам, іх задачы значна шырэйшыя, чым толькі навучанне мове.

Некалькі тыдняў таму вы прадставілі падчас канферэнцыі новыя асновы польскай адукацыі за мяжой. Педагогі выказвалі вялікую падзяку і зацікаўленасць гэтымі правіламі. Настаўнікі чакаюць канкрэтных крокаў, якія можна перавесці ў практычныя дзеянні.

 Настаўнікам патрэбныя канкрэтныя рэкамендацыі. Гэтыя вучэбныя праграмы павінны стаць падмуркам, на якім можна будаваць. У мінулым годзе мы стварылі першыя адукацыйныя матэрыялы - узроўню А1 для падлеткаў і дарослых. Гэтыя матэрыялы хутка будуць дастаўлены настаўнікам і вучням, калі мы атрымаем іх ад выдаўцоў. Мы таксама знаходзімся ў працэсе выбару інтэрактыўнай платформы, на якой мы хочам прадставіць гэтыя матэрыялы. У сучасным свеце друк падручнікаў непатрэбны, рассылка ў свет значна перавышае кошт іх друку. Таму лепшы лічбавы фармат. Канешне, настаўнікі могуць нешта надрукаваць. Гэта інтэрактыўныя матэрыялы для заняткаў у класе, з якімі вучні хочуць працаваць. Гэта таксама заданні, якія яны могуць рабіць дома, каб настаўнік мог сачыць за працэсам навучання. Усё гэта паявіцца ў бліжэйшы час. Сёлета мы працуем над далейшымі серыямі, таму такіх матэрыялаў будзе больш.

Ці падручнікі пабудаваныя такім чынам, каб кожны карыстальнік мог выбраць з іх тое, што яго цікавіць? Неабходна браць прад увагу рэальныя патрэбы вучняў, а таксама ўдзел бацькоў і даваць пры гэтым свабоду настаўнікам.

 У кожным падручніку ёсць элемент самаацэнкі вучня, над чым ён хацеў бы працаваць, мы таксама паказваем важную ролю бацькоў у гэтым працэсе. Там, дзе бацькі ўключаныя ў працэс, ёсць шанец перадаць польскую мову і польскую ідэнтычнасць. Мы спадзяёмся, што праграмныя рамкі дазволяць інтэграваць асяроддзе і палепшыць супрацоўніцтва паміж настаўнікамі. Дзякуючы гэтым рамкам яны могуць суадносіць сваю працу: мы робім так, іншыя — інакш, але ўсё ў адносінах да агульнай праграмы. Мы хочам таксама запрасіць выдаўцоў і аўтараў дасылаць свае матэрыялы ў Інстытут. Эксперты будуць вызначаць, як яны суадносяцца з нашай праграмнай асновай і падручнікамі. У выніку настаўнік, адкрыўшы такую карту, зможа ўбачыць: вось матэрыялы, створаныя Інстытутам, а вось іншыя рэсурсы, як іх можна выкарыстоўваць. Дзякуючы гэтаму даступнасць вывучэння польскай мовы значна павялічыцца, бо педагогам не давядзецца самастойна рыхтаваць матэрыялы. Яны атрымаюць карту бясплатных матэрыялаў, а калі палічаць іх недастатковымі, змогуць скарыстацца платнымі рэсурсамі, але будуць ведаць, якія з іх адпавядаюць сістэме.

Вы таксама ладзіце прафесійную падрыхтоўку для настаўнікаў, якія выкладаюць польскую мову за мяжой. Такія курсы бясплатныя для педагогаў, акрамя кошту прыезду ў Польшчу.

 Мы хочам прадставіць настаўнікам як змест, звязаны з вучэбнай праграмай, так і з тым, як выкладаць польскую мову ў сучасным стылі, а таксама паказаць сучасную Польшчу. Каб настаўнікі, якія пазней падарожнічаюць у розныя куткі свету, маглі расказаць сваім вучням пра сённяшнюю Польшчу. Што гэта сучасная краіна, прыгожая, Польшча, якая здзіўляе тых, хто тут даўно не быў, уражвае сваім развіццём, адкрытасцю, чысцінёй і бяспекай. Такім чынам, гэта таксама важныя аспекты: мы хочам, каб гэтая адукацыя для польскай дыяспары служыла інтарэсам Польшчы ў будучыні, гэта значыць, каб Польшча была прадстаўлена такой, якая яна ёсць сёння.

Размаўляла Галіна Остас.

Пераклад Наталля Грышкевіч.