У пачатковай школе № 3 з дадатковым навучаннем беларускай мовы імя Яраслава Кастыцэвіча ў Бельску Падляскім Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку зладзіў чарговыя майстар-класы для вучняў 4–6 класаў. Раней увосень мінулага года ў такіх майстар-класах маглі прыняць удзел наймалодшыя дзеці з класаў 1–3.
Гэта быў наш падарунак на юбілей школы, гаворыць дырэктар Цэнтра Анатоль Вап:
- Гэта была наша прапанова, а праўду кажучы, гэта быў падарунак Цэнтра беларускай культуры для Пачатковай школы № 3 у Бельску Падляскім з нагоды 60-годдзя стварэння школы з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Восенню мы абмеркавалі гэта з дырэктарам школы і з настаўнікам беларускай мовы і пачалі праводзіць майстаркласы. Першыя адбыліся ў лістападзе 2025 года. Цяпер чарговыя – для 4–6 класаў, і яшчэ будуць заняткі для 7–8 класаў. Варштаты праводзяцца, каб дзеці мелі магчымасць пашырыць свае веды на тэмы культуры, абапіраючыся на сімвалы беларускай культуры. Гэта для таго, каб здабыць новыя навыкі і кампетэнцыі, якія могуць спатрэбіцца і ў дарослым жыцці. І трэцяя, не менш важная мэта, заахвоціць дзяцей хадзіць на беларускую мову.
Настаўнік беларускай мовы Яраслаў Падалец расказвае, што творчы фармат сустрэч зніжае страх перад памылкамі ў свабоднай атмасферы гульні:
- Гэта сумесны мастацкі праект, праява сацыяльнай камунікацыі па-беларуску. Дзеці вучацца супрацоўнічаць, абмяркоўваюць розныя тэмы, дзеляцца матэрыяламі, якія прыносяць на сустрэчы. І адначасова карыстаюцца беларускай мовай. Гэта вельмі творчы фармат сустрэч, які зніжае страх перад памылкамі ў свабоднай атмасферы гульні і мастацтва. Дзеці смялей карыстаюцца нашай мовай – і дыялектнай, і літаратурнай беларускай, бо яны сканцэнтраваныя на працэсе стварэння. Яны вышываюць, малююць, а не думаюць пра свае памылкі.
Акрамя лепшага валодання беларускай мовай, дзеці вучацца рукадзеллю. Яны бачаць, як вышывалі бабулі і прабабулі, бо сёння гэтым амаль ніхто не займаецца. На нашых сустрэчах малодшыя класы вучыліся танцам і гульням, маляванню на шкле. Дзеці выходзілі з заняткаў у фарбе па самыя вушы, але былі вельмі задаволеныя і хацелі зноў сустрэцца з такой формай працы.
Таццяна Савіч вядзе майстар-класы па маляванні на шкле. Гэта не проста маляванне на шкле – гэта від мастацтва, які быў страчаны і цяпер аднаўляецца, бо ёсць аматары гэтай традыцыі, расказвае яна:
- Кожны цыкл варштатаў мы прапануем для розных узроставых груп. Сёння былі журналісцкія майстар-класы, маляванне на шкле, ткацтва паясоў. І што цікава – хлопцы вельмі добра ткалі паясы. Было таксама пляценне саломы – можна было навучыцца рабіць розныя ўпрыгожванні, і традыцыйныя, і сучасныя. Гэта не проста маляванне на шкле – гэта від мастацтва, які быў страчаны і цяпер аднаўляецца, бо ёсць аматары гэтай традыцыі. Пад малюнак падкладаецца фольга, і калі на яго падае сонца, ён прыгожа пераліваецца. Дзеці вельмі задаволеныя вынікам, бо нават калі нехта лічыць, што не ўмее маляваць, усё роўна атрымліваецца вельмі прыгожы малюнак.
Яраслаў Іванюк/фота: Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку
слухайце аўдыё
.