Паказ фільма «Чалавек з жалеза» і дыскусія пра спадчыну Анджэя Вайды ў кінатэатры «Атлантык» у Варшаве далі старт святкаванню Года рэжысёра ў Варшаве. Актрыса Крысціна Янда падкрэсліла, што Анджэй Вайда аказаў бясспрэчны ўплыў на польскую гісторыю і культуру:
— Анджэй цэлае жыццё казаў, каб да ўсяго, што мы робім, падыходзіць сур’ёзна, паколькі фільм можа змяніць гісторыю народа, змяніць жыццё чалавека, можа нават змяніць дзяржаўную сістэму. Калісьці мне здавалася, што гэта празмерна моцныя словы. Але сапраўды было так, што ўсё, што рабіў Анджэй, усе яго ўспаміны, фільмы, інтэрв’ю, уплывалі на нашае жыццё і, несумненна, праводзілі змены не толькі ў нашай галаве, але і ў агульнай сітуацыі.
Былы апазіцыянер і галоўны рэдактар «Gazety Wyborczej» Адам Міхнік падкрэсліў, што Анджэй Вайда меў дэмакратычнае, адкрытае і талерантнае бачанне польскасці:
— Ва ўсіх фільмах Анджэя была адна супольная рыса: яны былі свабодныя ад аўтарытарызму, якой-небудзь пахвалы дыктатуры і былі свабодныя ад нацыяналізму. Гэта былі песні ўсхвалення адкрытай і свабоднай Польшчы, свабоды чалавека ў Польшчы. Гэта фільмы аб тым, як грамадства абуджаецца да годнасці, свабоды і праўды пра саміх сябе.
Рашэннем Сената 2026 год быў абвешчаны Годам Анджэя Вайды ў гонар стагоддзя з дня нараджэння рэжысёра (6 сакавіка 1926 г.) і дзясятай гадавіны яго смерці (9 кастрычніка 2016 г.). У Польшчы і за мяжой запланаваны кінафестывалі, фестывалі, выставы, спектаклі, адукацыйныя праекты, канферэнцыі і майстар-класы.
Анджэй Вайда – адзін з самых выбітных польскіх кіна- і тэатральных рэжысёраў, сузаснавальнік Польскай кінашколы і лаўрэат прэміі «Оскар» за дасягненні ўсяго жыцця. Яго фільмы, такія як «Канал», «Попел і дыяменты», «Абяцаная зямля» і «Чалавек з жалеза», закранаюць тэмы гісторыі, палітыкі і нацыянальных міфаў.
ав