Беларуская Служба

«Варшаўскі мост». Як журналісты Польскага радыё падтрымлівалі «Салідарнасць»

07.05.2026 16:01
Гжэгаж Майхжак і Патрык Плескат з Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы апублікавалі сакрэтныя дакументы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Г.Майхжак пра Польскае радыё ў 1980-1981 гг.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў зборнік дакументаў, складзены яго супрацоўнікамі Гжэгажам Майхжакам і Патрыкам Плескатам Polskie Radio i Telewizja Polska w okresie legalnej działalności NSZZ Solidarność 1980-1981. Dokumenty («Польскае радыё і Польскае тэлебачанне ў перыяд легальнай дзейнасці НСП «Салідарнасць» у 1980–1981 гг. Дакументы»). Некалі сакрэтныя дакументы расказваюць аб працы нашых калег з верасня 1980 года да ўвядзення ваеннага становішча 13 снежня 1981 года. Гэта быў час усплёску свабод у ПНР.

Гэта гісторыя паказвае пэўныя агульныя рысы шляху палякаў і беларусаў да свабоды. Пра гэта пойдзе размова з Гжэгажам Майхжакам (Grzegorz Majchrzak) у аўтарскай праграме Віктара Корбута «Варшаўскі мост».

Гжэгаж Майхжак — свой чалавек на Польскім радыё. Калі ён прыйшоў у наш будынак на алеі Непадлеглосці на інтэрв'ю, то не мусіў шукаць дарогу да студыі. Справа ў тым, што ў 2000-я гг. ён супрацоўнічаў з Цэнтрам гісторыі радыёвяшчання Польскага радыё (Centrum Historii Radiofonii Polskiego Radia).

А вось што ён знайшоў у дакументах, што зберагліся ў архіве Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы, пра гісторыю Польскага радыё ў часы «Салідарнасці».

— Гэта надзвычай цікавыя дакументы — нам сапраўды ўдалося паказаць радыё з розных пунктаў гледжання: як з унутранай перспектывы, з пункту гледжання тагачаснай кіруючай краінай Польскай аб’яднанай рабочай партыі, так і з пункту гледжання «Салідарнасці». Думаю, варта звяртацца да гэтага мінулага і памятаць пра яго.

Як радыё асвятляла дзейнасць «Салідарнасці»?

— Сітуацыя была не такая, як сёння, калі адбываецца нейкая буйная забастоўка, як на Гданьскай суднаверфі, і туды едуць журналісты. У той час існавала інфармацыйная блакада. Як успамінала вядомы радыёрэпарцёр Яніна Янкоўска, каб паехаць на верф, паколькі журналістам было забаронена туды ездзіць, — яна ўзяла водпуск. Тады ў Польшчы былі адно радыё і адно тэлебачанне, якія стараліся замоўчваць інфармацыю пра забастоўкі. У нейкі момант, калі пра гэта ўжо нельга было маўчаць, дзяржаўныя СМІ пачалі гаварыць, што гэта, маўляў, забастоўкі, якія «разбураюць» краіну, што патрабаванні забастоўшчыкаў маюць палітычны характар, пры гэтым пра змест саміх патрабаванняў палякам нічога не паведамлялі. А потым пачаліся змены ў краіне і ў тым ліку на Польскім радыё і на Польскім тэлебачанні, з «каруселлю» старшынь праўленняў, калі людзей верных (паколькі на чале радыёкамітэта стаялі прызначаныя партыяй) замянялі яшчэ больш вернымі.


Вокладка кнігі  Polskie Radio i Telewizja Polska w okresie legalnej działalności NSZZ Solidarność 1980-1981. Dokumenty.
Вокладка кнігі Polskie Radio i Telewizja Polska w okresie legalnej działalności NSZZ Solidarność 1980-1981. Dokumenty.

Як «Салідарнасць» змагалася за доступ да сродкаў масавай інфармацыі?

— Горш за ўсё было з доступам да радыё, а асабліва — да Польскага тэлебачання. Пры гэтым існавала пэўная розніца паміж радыё і тэлебачаннем. У мяне ствараецца ўражанне, што на радыё — хаця яно таксама служыла прапагандзе — сітуацыя з пэўнага пункту гледжання была крыху іншай. Дарэчы, прызначэнне ў 1981 годзе Станіслава Цэліньскага, кіраўніка рэдакцыі тэлепраграмы Dziennik Telewizyjny («Тэлевізійны журнал»), якая была галоўным прапагандысцкім рупарам у 1980-я гады, на пасаду кіраўніка Польскага радыё паказвае, што ўлады спрабавалі ўзяць сітуацыю на радыё пад кантроль. Бо частка журналістаў бунтавала, нават, што цікава, партыйных журналістаў.


Адным з патрабаванняў забастоўшчыкаў яшчэ ў ліпені 1980 года быў плюралізм у сродках масавай інфармацыі. А як гэта выглядала на практыцы на Польскім радыё?

— Безумоўна, адказ партыі быў адназначны: радыё і тэлебачанне застаюцца пад нашым поўным кантролем. Гэта асабліва датычыла навін і публіцыстычных праграм. Але, з іншага боку, на Польскім радыё вялася дыскусія пра сродкі масавай інфармацыі. Была такая перадача — Radio Problemy («Радыё «Праблемы»), у якой, у прыватнасці, расказвалі, як выглядае сусветнае радыёвяшчанне, якія існуюць тэндэнцыі і як функцыянуе грамадскае радыё, напрыклад, у Нідэрландах. Такім чынам, мы мелі справу з бунтам часткі калектыву. Ва ўнутраных дакументах гаворыцца, што найгоршая сітуацыя была ва Уроцлаве, а зусім іншая — у Ольштыне. Але барацьба «Салідарнасці» за плюралізм СМІ і доступ да іх аказалася марнай. «Салідарнасць» патрабавала свайго «акна» ў дзяржаўных СМІ, а менавіта ўласнай праграмы як на цэнтральным, так і на рэгіянальным узроўні. Дамагчыся гэтага прафсаюзу так і не ўдалося. Затое было створана — і гэта быў польскі феномен — радыё «Салідарнасць». Яно дзейнічала на вуліцы Мысьлівецка, дзе цяпер знаходзіцца трэці канал Польскага радыё (Trójka), нелегальна, але пры маўклівай згодзе кіраўніцтва Польскага радыё і пры падтрымцы супрацоўнікаў, асабліва радыётэхнікаў.

А што адбывалася менавіта ў тым будынку, у якім мы цяпер размаўляем, на алеі Непадлеглосці, у прыватнасці, у нашай рэдакцыі — для замежнай аўдыторыі?

— Пра рэдакцыю для замежнай аўдыторыі мы ведаем няшмат. Але ў 1981 годзе ў радыёпраграме адбыліся сур’ёзныя пераўтварэнні: значна павялічылася колькасць матэрыялаў пра замежныя краіны, пра сацыялістычныя дзяржавы, галоўным чынам пра тое, як Польшча ўспрымаецца ў краінах так званай народнай дэмакратыі — у рамках прапаганды пра тое, што яе ўспрымаюць негатыўна, што гэта нібыта пагражае нейкім выбухам або эскалацыяй. Што ж да радыёканала для замежнай аўдыторыі, то я не прыпамінаю, каб тут адбываліся нейкія асаблівыя падзеі...

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

«Варшаўскі мост»: Роман Чэярэк раскрывае тайны Чарнобыля

30.04.2026 16:01
Польскае радыё прадстаўляе новы падкаст — Czarnobyl. Prawdziwa historia.