Беларуская Служба

Скарынаўскія знаходкі і беларусы ў Чэхіі

29.05.2026 16:31
Размова пра апошнія здабыткі ў даследаваннях скарынаўскай спадчыны, пра жыццё беларусаў у Чэхіі і іх культурніцкую дзейнасць.
Аўдыё
  • Скарынаўскія знаходкі і беларусы ў Чэхіі
Аляксандр ПаршанкоўФота Паўла Залескага

З Аляксандрам Паршанковым, дактарантам Карлавага ўніверсітэта і прадстаўніком беларускага студэнцтва ў Чэхіі, гаворым пра апошнія здабыткі ў даследаваннях скарынаўскай спадчыны, пра жыццё беларусаў у Чэхіі і іх культурніцкую дзейнасць.

– Аляксандр, для пачатку некалькі слоў пра тое, як вы апынуліся ў Чэхіі?

– Мне прапанавалі працягнуць навучанне ў Карлавым універсітэце пасля таго, як я абараніў магістарскую дысертацыю. Але заставацца ў Беларусі я ўжо не мог, бо пасля падзей 2020 года мне пагражала турма. Мне прапанавалі здаць іспыты ў дактарантуру і пачаць навучанне. Так я і апынуўся ў Чэхіі.

– І як вам там даецца навука? Ці прыжыліся вы?

– Улічваючы тое, што мне ўдалося знайсці арыгіналы Францыска Скарыны, а я якраз пішу доктарскую дысертацыю па тэме, звязанай са Скарынам, магу сказаць, што прафесійна мне ў жыцці пашанцавала. Мала які скарыназнаўца знаходзіць свайго Скарына, таму ў гэтым сэнсе ў мяне ўсё добра.

– Калі можна, падрабязней пра гэта…

– Паколькі я пішу дысертацыю і спрабую вывучыць крыніцы тэкстаў Бібліі Скарыны, то звяртаю ўвагу і на іншыя рэчы. І вось у канцы мінулага года мне ўдалося знайсці стары пераплёт XVI стагоддзя, унутры якога была выкарыстана скарынаўская макулатура. Мне ўдалося не толькі знайсці гэты пераплёт, але і набыць яго, даследаваць і ўсталяваць сувязі Скарыны з Вроцлавам і іншымі польскімі гарадамі. Можна сказаць, што гэты мой «уцёк» у Прагу прынёс нешта карыснае і для беларускага скарыназнаўства.

– Паколькі мы з вамі ў Познані, варта ўзгадаць, што Скарына не абмінуў і гэты горад.

– Так, Скарына правёў тут 10 месяцаў у турме, але, на шчасце, выйшаў адтуль жывым і здаровым. Пра гэта я таксама хачу размаўляць з польскімі гісторыкамі, каб звязаць польскія гарады. Бо пра Познань і Кракаў беларусы і палякі ведаюць, а вось пра Вроцлаў і сувязь Скарыны з ім – значна менш.

– Гэта значыць, што вы рыхтуеце чарговую кнігу па скарыназнаўстве?

– Рыхтую, але на такія рэчы патрэбныя фінансы, якіх у мяне няма. Вось калі знойдуцца рэсурсы, тады і будзе кніга. Апошняя комплексная манаграфія пра Скарына выйшла трыццаць тры гады таму, і цяпер варта даць новы погляд на яго асобу – на аснове новых даследаванняў і адкрыццяў, якія з’явіліся за апошні час.

– Што новага вы хацелі б паказаць?

– Перагледзець абсалютна ўсё: пачынаючы ад ролі Скарыны як еўрапейскага кнігавыдаўца, да ацэнкі поспеху або няўдачы яго выдавецкай дзейнасці. Паказаць усю гісторыю Скарыны ва Вроцлаве, бо мне ўдалося знайсці пацвярджэнні таго, што першая кніга, выдадзеная ў Вялікім Княстве Літоўскім, была фактычна «сэканд-хэндам», бо Скарына набываў друкарскія дошкі для яе друку менавіта ў Вроцлаве. Раней гэта не было вядома. То бок зараз рэальна пераглядаецца вельмі шмат рэчаў, знаходзяцца новыя асобнікі скарынаўскіх кніг, і матэрыялаў для працы дастаткова.

– Скарынаўская тэма цяпер вельмі папулярная. Можаце расказаць яшчэ пра навінкі?

– Так, ёсць адкрыцці. Праблема нашага скарыназнаўства была ў тым, што мы часта паўтаралі адно і тое ж, не было новых фактаў і матэрыялаў. І вось раптам Вольга Шутава знайшла асобнік у Нямеччыне, я зрабіў сваю знаходку, Сяргей Кнырэвіч таксама нешта выявіў, як і іншыя калегі. І цяпер трэба, карыстаючыся тым, што мы ў Еўропе, перабраць усё, што тут ёсць, бо большасць цікавых рэчаў яшчэ не даследавана і знаходзіцца менавіта тут. На Усходзе ж у асноўным ужо ўсё праглядзелі.

– Я так разумею, што вы дастаткова актыўны і ў грамадскім жыцці. Раскажыце, як беларуская супольнасць пачуваецца ў Чэхіі?

– Беларуская супольнасць у Чэхіі невялікая, але інтэлектуальная. У нас ёсць «Радыё Свабода», Беларускі інстытут у Празе, ёсць навукоўцы. Мы не з’яўляемся тэмай шырокага абмеркавання, бо, напрыклад, у Польшчы беларусы – гэта ўжо істотная супольнасць, у Літве таксама, а ў Чэхіі мы існуем, скажам так, на маргінэсе. Наша асноўная задача – культурніцкае супрацоўніцтва і асвета. Нас усяго каля 10 тысяч, і мы не маем уплыву на палітыку. А, напрыклад, у адным толькі Вроцлаве каля 15 тысяч беларусаў. Таму ў нас камернае, цёплае і даволі насычанае культурнае жыццё з доўгімі традыцыямі.

– А як у беларусаў складваюцца адносіны з чэшскай дзяржавай і з чэхамі?

– У Чэхіі цяпер адбываюцца вялікія перамены: змяніўся ўрад, і ідэнтычнасць дзяржавы таксама трансфармуецца. Раней яна была пад сцягамі Гавэла – свабоды і дэмакратыі. Новы ўрад кажа пра прагматызм і арыентацыю на эканамічныя інтарэсы. І вось тут узнікае праблема: з аднаго боку, нас працягваюць падтрымліваць, а з іншага – ужо няма таго выразнага наратыву «свабода, братэрства і роўнасць». Таму трэба шукаць новыя шляхі паразумення і тлумачыць, чаму беларускае пытанне павінна гучаць і чаму мы важныя. Хочацца вяртацца да часоў Гаўэла, калі ён казаў, што «беларус – наш новы сусед». Чэхія тады ўступала ў Еўразвяз і мела агульную мяжу з Беларуссю. І да гэтага мы цяпер спрабуем вярнуцца.

– А як самі чэхі вас успрымаюць?

– Для большасці мы – нейкая сумесь расейцаў, украінцаў і беларусаў. Але пасля 2020 года пачалі больш выразна адрозніваць, і цяпер мы ўжо існуем як асобныя супольнасці. Стаўленне ў цэлым добрае. За ўсе пяць гадоў эміграцыі я ні разу не сутыкаўся з праявай ксенафобіі. Мы тут свае людзі.

– А па Беларусі сумуеце?

– Сумую, канешне. Хацелася б вярнуцца. Перш за ўсё таму, што хочацца працаваць, расказваць людзям, чытаць лекцыі. Студэнтаў няма, а хочацца, каб яны былі менавіта ў беларускіх універсітэтах, куды ты можаш прыйсці з лекцыяй і распавесці пра Скарына і свае знаходкі. А атрымліваецца, што ездзіш па розных гарадах і нешта расказваеш… Сумую па тых, хто гэтага чакае, па нашых музеях, па беларускіх месцах і па людзях. Па краіне, можа, не так моцна, але па людзях – гэта вялікая патрэба.

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё


На здымку: Аляксандр Паршанкоў. Фота Паўла Залескага.