Беларуская Служба

Беларусы, а не рэжым Лукашэнкі, павінны пісаць сучасную гісторыю беларускага народа – стваральнікі кніжкі «Беларускія галасы з Познані»

27.05.2026 18:40
Яны ўпэўнена кажуць, што гэтыя «галасы» застануцца ў гісторыі так ці інакш.
Аўдыё
  • Беларусы, а не рэжым Лукашэнкі, павінны пісаць сучасную гісторыю беларускага народа – стваральнікі кніжкі «Беларускія галасы з Познані»
«Беларускія галасы з Познані»Беларуская служба Польскага радыё

«Для нас важна, каб мы самі пісалі сваю гісторыю, каб яе за нас рэжым не пісаў» – у гэтым меркаванні сыходзяцца аўтар і выдавец кнігі «Беларускія галасы з Познані» Павел Залескі і Ігар Іваноў. Першая прэзентацыя кнігі, заснаванай на перадачах, падрыхтаваных для Беларускай службы Польскага радыё, адбылася ў Познані.

– Паколькі я жыў у Познані, то, канешне, трэба было нешта прыдумаць, што рабіць, таму што Беларуская рэдакцыя Польскага радыё знаходзіцца ў Варшаве. Мая рэдактарка запрапанавала пісаць гісторыі беларусаў, каторыя пасля 20-га года патрапілі сюды ў эміграцыю, – расказваў Павел Залескі, які таксама быў вымушаны з'язджаць з Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. – Я не ўяўляў на пачатку, што ў кожнага настолькі свае гісторыі. Я думаў, што гэта будзе паўтарацца. Але, калі я пачаў размаўляць з людзьмі, гэта былі цікавыя, шчырыя размовы, кожная — іншая.

У гэтай кнізе няма вядомых людзей, няма ніякіх палітыкаў, – адзначае аўтар.

– Гэта людзі, менавіта, з гэтай жа беларускай вуліцы, каторыя раней не цікавіліся палітыкай, не ўдзельнічалі ні ў якіх партыях, не хадзілі на апазіцыйныя сходы. Потым людзям давялося адʼязджаць. Адзін чалавек расказваў, як ён выязджаў праз Расію, ледзь не праз Сібір, жанчыны з Гродна рэчкі пераплывалі.

Усе спатканні з героямі перадач праходзілі ў бары «Мы», дзе тады туды збіраліся ўсе беларусы. Там гаспадар ласкава выдзеліў балкончык, дзе звычайна людзі хадзілі паліць, і там Павел запісваў размовы.

– Таксама размаўлялі, як праходзіць інтэграцыя ў новую краіну. І, аказваецца, беларусы і тут не разгубіліся. Яны і працу знайшлі і змаглі наладзіць не толькі быт, але змаглі і нейкія арганізацыі закласці. Я гэта ўсё гэта бачыў, і я проста разумеў, што гэта падзеі і гісторыя, якую нам нельга забыць. І такім чынам у кнігу ўвайшлі 64 гісторыі, хаця ў мяне іх запісана больш за 200. Я думаю, што гэта кніга для нашых нашчадкаў. Пройдзе час, мы састарэем, адыдзем, будуць новыя пакаленні, і яны павінны ведаць, што казалі іх дзяды, іх бацькі, што яны перажылі. І гэта для мяне было самым важным, – расказаў Павел Залескі.

На сустрэчы з аўтарам кнігі «Беларускія галасы з Познані», якая адбылася ў цэнтры гэтага горада, прысутнічала вялікая колькасць гасцей, што адзначыла вядучая прэзентацыю спадарыні Наталля, кіраўнічка беларускай «Кніжнай палічкі» у фундацыі MIGRANT INFO POINT.

– Наконт сённяшняй сустрэчы, я, шчыра, вельмі ўражаная. Я разлічвала, што будзе крышку менш людзей, але прыйшло дастаткова многа. Было цікава размаўляць, слухаць, у канцы ў некаторых зʼявіліся свае ідэі, нейкія меркаванні. Гэта файна. Большасць тут прысутных – гэта былі героі гэтай кнігі.

Аўтар кніжкі Павел Залескі вельмі рады, што ён рашыўся выдаць гэтую кніжку.

– Як бы не сціпла гэта казаць, але я адчуваю сапраўдную сатысфакцыю. Па-першае, сапраўды, была праведзена вялікая праца, ну, ладна, мы ўсё жыццё працуем, але галоўнае, што я зразумеў, што гэта ўсё ж такі, зроблена патрэбная справа, прычым справа і для людзей, і для пакаленняў.

Чаму варта пазнаёміцца з гэтай кнігай?

– Таму, што гэта кніга пра людзей, і людзі гавораць пра тое, што адбывалася ў 2020 годзе ў Беларусі, а гэта тое, што ніколі беларускі народ не перажываў, і потым, гэта не простыя лёсы эміграцыі. Гэта кавалак нашай гісторыі, магчыма, самай цікавай гісторыі за апошнія 2 стагоддзі, каторыя беларускі народ перажываў.

У сваю чаргу выдавец Ігар Іваноў (выдавецтва «Skaryna Press») расказаў, што кніга была створана ў выніку міжнароднага супрацоўніцтва беларусаў і што »Беларускія галасы з Познані« назаўжды застануцца ў брытанскіх бібліятэках.

– Гэта быў вельмі цікавы праект, вельмі цікавая ідэя і яна вельмі добра клалася ў нашае ўяўлення пра саміх сябе. Пытанне выжывання грамадзянскай супольнасці і супраціву дыктатарскім рэжымам актуальна не толькі для беларусаў. Важна для нас таксама было, каб мы самі пісалі сваю гісторыю, каб яе за нас не напісаў рэжым. Таму паўсюль трэба публікаваць сведчанні першакрыніцы.

«Беларускія галасы з Познані» дадаюць яшчэ больш колераў гэтай вялікай, вельмі складанай, часам балючай, але таксама вельмі прыгожай карціны. Да нас звярнуўся аўтар, мы абмеркавалі, таксама папрацавалі з Польскім радыё, каб атрымаць правы на гэтыя тэксты. Ну і потым працэс закруціўся. Кнігу падтрымалі і познаньскія беларусы, і суродзічы з Літвы, з Грузіі, з Вялікабрытаніі. Праца над кнігай адбывалася ў Беларусі, у Вільні, тут ў Познані і ў Вялікабрытаніі, так што гэта такі цікавы праект усёй беларускай супольнасці.

Мы кнігу вазілі па самых розных кірмашах і фестывалях. У тым ліку на фестываль «Прадмова» у мінулым годзе. Таксама кніга цяпер ужо ў брытанскіх бібліятэках: у нацыянальных бібліятэках Уэльса, Ірландыі, Шатландыі, Оксфардскі і Кембрыджскі ўніверсітэты. Так што гэтыя «галасы» застануцца ў гісторыі так ці інакш.

Ігар Іваноў патлумачыў, што ў адпаведнасці з сістэмай абавязковага экзэмпляра ў Вялікабрытаніі адзін асобнік кожнай кнігі, якая выдаецца ў гэтай краіне, неабходна перадаць Брытанскай бібліятэцы. Потым яшчэ пяць бібліятэк маюць права атрымаць асобнікі, калі яны палічаць гэта патрэбным. І ўсе палічылі.

Гісторыі з кнігі можна прачытаць таксама на нашым сайце polskiradio.pl/by

Падрыхтавала Яланта Смялоўская