Лаўрэатам прэміі 2026 году стаў Ігар Кулікоў з кнігай «Нетутэйшая далечыня» (Янушкевіч, 2025) за метафізічную адвагу ў працы з мовай і стварэнні апрычонага мастацкага свету.
Заснаваная ў 2016 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» ўзнагарода стала сімвалам адданасці і прыхільнасці багатай беларускай літаратурнай спадчыны.
Прэмія мае дзве мэты: адкрыць і ўзнагародзіць выдатную кнігу паэзіі, напісаную ў багацці беларускай мовы, і аддаць даніну павагі Наталлі Арсенневай, славутай беларускай паэтцы.
Разам з пераможным паэтычным зборнікам Ігара Кулікова ў кароткі спіс сёлетняй прэміі таксама ўвайшлі: «Хроніка адмаўлення пустаты» Іллі Кульбіцкага (Skaryna Press, 2025) i «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» – Макса Шчура (SayBeat, 2025).
Ціхан Чарнякевіч, Наста Кудасава, Ігар Кулікоў, Андрэй Хадановіч, Ілля Кульбіцкі, Таццяна Нядбай
Член журы Андрэй Хадановіч гаворыць, што кнігі сёлетняга шорт-ліста – гэта паэзія, якая не какетнічае з чытачамі, не прыніжае чытачоў лёгкадумным стаўленнем да іх. Яна запрашае ў высокае падарожжа.
- Усе трое – гэта паэты, якія вельмі глыбока працуюць са стылем, з мовай, са самасвядомасцю паэта і паэтычным натхненнем. Мінімалістычная, інтэлектуальная паэзія Макса Шчура. Вельмі разнастайная, барочная, бо сумяшчае несумяшчальнае, сур’ёзная і іранічная ў Іллі Кульбіцкага. Ігар Кулікоў – чалавек свамовы. Так ён называе свой стыль і паэтыку. Паэт, якія перавыдумляе, перафарматоўвае беларускую паэзію на ўрачысты паэтычны лад. Падглядаючы, як гэта рабілася старымі майстрамі ў санскрыпце. Ігар ведае санскрыпт і змяшчае чытачоў у старажытную паэтычную практыку.
Ігар Кулікоў з кнігай «Нетутэйшая далечыня» атрымаў прэмію ім. Наталлі Арсенневай з наступнай фармулёўкай: За метафізічную адвагу ў працы з мовай і стварэнні апрычонага мастацкага свету.
Гэта апошняя кніга, напісаная цалкам у Беларусі. Часткова гэта кніга пра тое, як жылося ў Беларусі пасля 2020 года, гаворыць Ігар Кулікоў.
- З аднаго боку, гэта кніга самаўцёкаў, з іншага – працяг маёй папярэдняй творчасці пра ВКЛ, мой квазіфэнтэзійны, паэтычны праект, у якім я спрабую данесці ідэі, якія не зусім кладуцца ў сучасны свет. Свамова – гэта праект, якія мы з сябрамі прыдумалі даўно. Гэта праект чыстай беларускай мовы, якая абапіраецца на свае ўласныя здольнасці, якая свабодна словаўтваральная. Як раз у праекце Вялікага Княства я даю сабе волю і рэалізоўваю магчымасці праекта свамовы. Я рады, што кнігу адзначылі ў тым ліку за гэты момант.
Ілля Кулікоў