Праз некалькі дзён у Бельску-Падляскім пачнуцца ўжо 44-я Дні Бельска — адно з важнейшых гарадскіх свят горада. Жыхароў і гасцей чакаюць канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, сустрэчы, кірмашы і шматлікія забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых.
Арганізатары падкрэсліваюць, што праграма складзеная так, каб кожны знайшоў нешта для сябе: ад аматараў народнай і класічнай музыкі да прыхільнікаў сучаснай эстрады. Пра тое, што чакае ўдзельнікаў сёлетняга свята, Яраслаў Іванюк пагаварыў з дырэктаркай Бельскага дома культуры Альжбетай Фёнік.
— Хочам задаволіць усіх: і дзяцей, і дарослых, і тых, хто любіць больш лёгкую музыку, і тых, хто аддае перавагу больш амбітным музычным праектам. Таму сёлета Дні Бельска працягнуцца шэсць дзён. Пачынаем у сераду, 24 чэрвеня. Гэта якраз дзень святога Яна ў каталіцкай традыцыі, а значыць, і купальскі час. У гарадскім парку на вуліцы Ягелонскай арганізуем купальскі канцэрт каля Жабінага стаўка. Выступіць наш фальклорны гурт, будуць і запрошаныя госці. Падрыхтавалі таксама шмат атракцыёнаў для дзяцей. Хочам, каб гэта быў яркі пачатак Дзён Бельска.
Апошнія гады чацвер падчас Дзён Бельска прысвячаем старэйшаму пакаленню. Таму арганізуем сустрэчу за гарбатай і кавай, падчас якой можна будзе даведацца шмат цікавага пра гарбатныя традыцыі розных краін свету. Увечары запрашаем на канцэрт класічнай музыкі і вядомых эстрадных песень. Калі ўсё атрымаецца паводле плана, выступяць таксама оперныя спевакі з Беларусі, якіх чакаем разам з музыкамі філармоніі. У мінулым годзе яны вельмі спадабаліся публіцы, таму спадзяёмся, што і цяпер іх выступленне выкліча вялікую цікавасць.
Пятніца — гэта ўжо пачатак летніх канікул для школьнікаў. Таму ў пятніцу асноўная ўвага будзе накіраваная на дзяцей і моладзь. З самай раніцы запланаваныя анімацыі і розныя забавы.
Слухайце далучаны гукавы файл аўдыё
Яраслаў Іванюк