Мерапрыемства было прысвечана двум спецыяльным юбілеям: 100-годдзю Польскага радыё і 125-годдзю з дня нараджэння музыкі Мечыслава Фога. На імпрэзе было шмат цікавага, у тым ліку музейная алея з намётамі з удзелам Нацыянальнага музею тэхнікі і музею Фрыдэрыка Шапэна, а таксама адбыўся спецыяльны канцэрт.
Мерапрыемства было арганізавана Музеем гісторыі Польшчы сумесна з Польскім радыё.
Аляксандра Дамарадзка з прэс-службы музею патлумачыла, што ідэяй пікніку было адзначыць два асаблівыя юбілеі.
— Праз прызму гісторыі Польскага радыё, а таксама музычнай кар’еры легенды польскай артыстычнай сцэны мы хацелі паказаць гісторыю праз музыку ды культуру. Таму цэлы дзень на тэрыторыі музея было шмат музыкі, творчых заняткаў, а кульмінацыяй стаў надзвычайны канцэрт у гонар Мечыславага Фога і Польскага радыё.
Падчас канцэрту «RADIO FOGG» на сцэне зайгралі Матыльда Даменка, Мела Катылюк, Скубас, Юстына Свенс і Пётр Зёла пад музычным кіраўніцтвам Міхала «Фокса» Круля.
— Падчас канцэрту мы хацелі нагадаць тыя хіты, якія гучалі на хвалях Польскага радыё ў мінулым стагоддзі ў абсалютна новай аранжыроўцы. Менавіта за гэта адказваў Міхал Круль, з якім выступілі выдатныя музыкі, у тым ліку Матыльда Даменка, Пётр Зёла ды іншыя.
Падчас пікніка Польскае радыё прадставіла архіўныя выпускі сатырычнай праграмы «Kocham Pana Panie Sułku» і таксама свой мультымедыйны праект «Audionauci» тлумачыць дырэктар Архіва Польскага радыё Анджэй Мёткоўскі.
— Гэта прыкладанне VR, то бок віртуальнай рэальнасці, дзе ў акулярах карыстальнік атрымлівае магчымасць пазнаёміцца са 100 гадамі гісторыі польскага радыё. Напрыклад, на адлегласці ста светлавых гадоў гучыць голас маршала Пілсудскага, альбо запіс размовы са Жвіркам і Вігурам — польскімі пілотамі з 1930-ых гадоў, таксама гучаць важныя моманты гісторыі Польшчы: верасень 1939-га, 1945-ы год, вяртанне сэрца Шапэна ў Варшаву. Разам дзясяткі і сотні гукаў. У выніку, седзячы на крэсле ў навушніках, можна было ўзгадаць легендарныя выпускі праграм 3-га каналу польскага радыё, як «60 хвілін у гадзіну», «Тры рыцары» ды іншыя.
Таксама падчас пікніка можна было ўбачыць, як «ствараюцца гукавыя эфекты, якія з’яўляюцца часткай радыёспектакляў», распавёў дырэктар Музею польскага радыётэатра Войцех Рамус.
— Быў гук «восеньскага парку», можна таксама праехаць на старым паравозе, а гэта быў гук каробкі з макаронамі. У радыётэатры самае галоўнае, каб было чуваць гук адчыненых дзвярэй. Вось прыклад. Гук дзвярэй стварала старая скрынка, якая нібы скарбонка ілюструе гукавыя скарбы, якія мы спрабуем паказаць.
Удзельнікі пікніку былі задаволеныя тым, што прыйшлі на імпрэзу.
— Было файна, я люблю даўнія песні, люблю глядзець старыя фільмы па тэлебачанні. Яны нашмат лепшыя, чым зробленыя цяпер. Вельмі файная імпрэза, раю ўсім. Тут можна даведацца як адбываецца працэс распаўсюджвання гуку ад нашай планеты, і як далёка нас чуць. Мяне ўразіла тое, што наш голас можа быць пачуты далёка, нават у космасе.
Падчас пікніка ў кінатэатры Музею гісторыі Польшчы адбыўся паказ архіўных фільмаў, прысвечаных Польскаму радыё, прайшлі радыёмайстар-класы для дзяцей, а ў кафэ «Фог» праўнук Мечыслава Фога Міхал прадставіў творы мастака і музыку даваеннай Варшавы.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч