Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Да гадавіны Варшаўскага паўстання: Мастацкая спроба дыялогу з моладдзю і іх страхам перад вайной

23.07.2026 07:34
З самага пачатку Музей Варшаўскага паўстання штогод рыхтуе музычны праект, прысвечаны тэме паўстання. 
Сімвал Варшаўскага паўстанняфота: Польскае радыё

Альбом «Łączy nas...» («Злучаючы нас...») — гэта мастацкая спроба дыялогу з моладдзю і іх страхам перад вайной, так пра альбом, падрыхтаваны спецыяльна да 82-й гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання, расказвае дырэктар Музею Варшаўскага паўстання Ян Алдакоўскі. Прэм'ера альбома Блажэя Круля, спалучаная з канцэртам у варшаўскім Парку Свабоды, адкрые сёлетнія юбілейныя ўрачыстасці ў суботу, 25 ліпеня.

З самага пачатку Музей Варшаўскага паўстання штогод рыхтуе музычны праект, прысвечаны тэме паўстання. Як падкрэсліў Ян Алдакоўскі, адным са стваральнікаў гэтай формы ўшанавання памяці пра барацьбу ў Варшаве быў памерлы джазавы музыка Томаш Станька. Паводле слоў Яна Алдакоўскага, падчас наведвання Музея Варшаўскага паўстання, які яшчэ будаваўся, мастак сыграў мелодыю, якую дагэтуль можна пачуць падчас экскурсій па пастаяннай экспазіцыі:

— Быў толькі бетон, не было нічога, а Томаш Станька кажа, што ў яго ёсць ідэя для мелодыі. Ён выняў сваю трубу і зайграў. Рэха было жахлівае, бо быў адзін бетон, але Томэк граў. Сёння кожны наведвальнік музея дзесьці паміж экспазіцыямі можа пачуць гэтую мелодыю. Гэта праява нашай павагі да яго за тое, што ён паверыў у нас, перадаў сваю музыку яшчэ да таго, як мы з'явіліся ў свеце.

За 20 гадоў свайго існавання Музей Варшаўскага паўстання запрасіў многіх польскіх артыстаў стварыць музычны праект, прысвечаны паўстанню. У гэтым годзе альбом падрыхтаваў Блажэй Круль, які падкрэслівае, што альбом «Łączy nas...» у значнай ступені прысвечаны страху перад вайной:

— Я павінен прызнацца, што спачатку альбом павінен быў называцца «Łączy nas strach». Але ён быў празмерна страшны, даваў адрасату адказ. А тры кропкі даюць магчымасць стварыць сваю перспектыву. Ствараючы гісторыі розных постацей я часта адчуваў трывогу. Яна не была нічым выкліканая, але дагэтуль яна мяне наведвае.

Канцэрт і прэмʼера альбома «Łączy nas...» адбудуцца ў Парку Свабоды ля Музея Варшаўскага паўстання ў суботу, 25 ліпеня, а 21:00. Падчас канцэрта вы зможаце паслухаць усе песні з альбома ў выкананні Блажэя Круля і гасцей, якія ўдзельнічалі ў стварэнні альбома, у тым ліку Анджэя Пясэцкага і Дарʼі з Сілезіі.

У рамках святкавання 82-й гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання таксама адбудзецца шэраг дзяржаўных цырымоній, культурных мерапрыемстваў і сацыяльных кампаній. Ушанаванні пачнуцца 25 ліпеня і працягнуцца да 2 кастрычніка, дня заканчэння баёў. Кульмінацыяй стане «Гадзіна W» 1 жніўня, калі, як і штогод, Варшава на хвіліну спыніцца а 17:00. Падрабязны расклад урачыстасцей даступны на сайце Музея Варшаўскага паўстання: 1944.pl.

ав