У выдавецтве Фонда «Камунікат» выйшла кніга Мікалая Статкевіча «І гэта ўсё ў табе. Зборнік турэмных эсэ». У выданні аўтар разважае пра чалавечую псіхалогію, інстынкты і тое, чаму людзі па-рознаму паводзяць сябе ў экстрэмальных умовах.
Выдавец Яраслаў Іванюк гаворыць, што гэта вельмі важная літаратурная пазіцыя.
— У гэтай кнізе Мікола Статкевіч у асноўным займаецца этыкай, разглядае нашыя паводзіны. Дзякуючы гэтым развагам мы можам зразумець, што нават у экстрэмальных умовах можна заставацца добрым чалавекам, які паводзіць сябе этычна, які не здраджвае сваім перакананням. Мікола Статкевіч, нягледзячы на ўсе складанасці, сваімі паводзінамі паказвае, што ўсё, што ён напісаў — гэта яго сістэма каштоўнасцяў. Думаю, нам гэтай сістэмай варта карыстацца.
— Каб даць адказ на гэтыя пытанні, я мусіў разбірацца з чалавечай псіхалогіяй — піша Мікалай Статкевіч. – Аж да інстынктаў. Але ў літаратуры па тэме ўцямнага вызначэння чалавечых інстынктаў не знайшлося, а шмат дзе ўвогуле адмаўлялася іх наяўнасць у нас, акрамя некалькіх відавочных прымітыўных, што цалкам пярэчыла майму веданню чалавека. Таму, у галоўным тэксце гэтай кнігі «І гэта ўсё ў Табе», які і даў ёй назву, я мусіў прапанаваць сваё вызначэнне нашых інстынктаў ды іх пералік. А потым, на падставе гэтага, апісаць, як мы робім свой маральны выбар у складанай сітуацыі. Спадзяюся, што разуменне гэтага дапаможа чытачу лепей зразумець чалавечую сутнасць, сябе і ўсё, што адбылося і адбываецца з нашай краінай і намі.
Навінку ўжо можна замовіць у анлайн-кнігарні «Камунікат».
ав