У Варшаве ўручылі дыпломы ўдзельнікам стыпендыяльнай праграмы Gaude Polonia, якая ўжо 25 гадоў падтрымлівае маладых творцаў і даследчыкаў з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Сёлета стыпендыятамі сталі 48 чалавек, у тым ліку 17 прадстаўнікоў Беларусі — гэта другая па колькасці нацыянальная група пасля ўкраінцаў. Але сёння гэтая праграма азначае значна больш, чым мастацкае развіццё творцаў. Для многіх яе ўдзельнікаў яна стала магчымасцю працягваць працу ва ўмовах вайны, палітычных рэпрэсій або вымушанай эміграцыі.
Сімвалічным момантам урачыстасці стала ўручэнне Залатога медаля «Gloria Artis — Заслужаны дзеяч культуры» адной з заснавальніц праграмы Багуміле Бердыхоўскай. Паводле яе, галоўная каштоўнасць Gaude Polonia — у здольнасці аб'ядноўваць краіны праз культуру, дбаць пра супольную культурную спадчыну народаў рэгіёну:
— Мы будуем супольнасць Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Нас многае адрознівае, але мы маем агульную культурную спадчыну. Напрыклад, Манюшка ці Агінскі — можна доўга спрачацца, яны польскія або беларускія творцы, але гэта наша агульная спадчына, якае не звужае, а пашырае дзякуючы сваёй агульнасць нашыя агульныя гарызонты культуры. Сёння праграма мае яшчэ адну місію — падтрымліваць творцаў, якія жывуць ва ўмовах вайны і палітычных рэпрэсій. Мы ведаем, што ў Беларусі незалежная культура па-ранейшаму знаходзіцца пад наймацнейшы ціскам, — сказала Бердыхоўская.
Сярод сёлетніх стыпендыятаў — не толькі мастакі, музыкі і акцёры, але і даследчыкі культурнай спадчыны. Украінская мастацтвазнаўца Галіна Харунжая разам з польскімі калегамі вывучала творы мастацтва з дапамогай фізічных і хімічных метадаў.
— Для мяне важна даследаваць не толькі архіўныя дакументы, але і сам матэрыял твора. Сучасныя навуковыя метады дазваляюць убачыць тое, што немагчыма заўважыць няўзброеным вокам, і па-новаму зразумець гісторыю мастацтва, — адзначае даследчыца.
Беларускі акцёр Аляксей Сапрыкін выкарыстаў час стыпендыі для працы над новым спектаклем разам з рэжысёрам Юрам Дзіваковым:
— Gaude Polonia — гэта магчымасць хаця б на нейкі час не думаць пра побытавыя праблемы і цалкам аддацца творчасці. Для нас гэта шанец падрыхтаваць спектакль, які ўжо ўвосень сустрэнецца са сваім гледачом.
Для армянскай вакалісткі Сафіі Багдасар'ян праграма стала магчымасцю стварыць канцэрт «Манюшка — Камітас. Галасы памяці», які аб'яднаў польскую і армянскую музычныя традыцыі:
— Я хацела пабудаваць музычны мост паміж Арменіяй і Польшчай. Мы вельмі ўважліва працавалі над творамі Манюшкі, а пасля канцэрта многія палякі казалі, што ўпершыню адкрылі для сябе музыку Камітаса. Гэта і ёсць сапраўдны культурны дыялог, — адзначае вакалістка.
Беларуская мастачка з Чэхіі Руфіна Базлова прысвяціла стыпендыю развіццю праекта Framed in Belarus, які распавядае пра беларускіх палітычных вязняў.
— Гэта быў рэдкі шанец цалкам засяродзіцца на творчасці. Мы завяршылі вялікую выставу, стварылі анлайн-архіў праекта Framed in Belarus і сустрэліся з людзьмі, чые гісторыі ўвасоблены ў маіх працах. Для мастака вельмі важна мець магчымасць проста сумленна рабіць сваю справу.
Цягам шасці месяцаў маладыя даследчыкі і творцы працавалі ў Польшчы над уласнымі праектамі ў сферах музыкі, выяўленчага мастацтва, тэатра, кіно, літаратуры і аховы культурнай спадчыны пад кіраўніцтвам польскіх ментараў.
Бюджэт усёй праграмы Gaude Polonia ў 2026 годзе перавысіў 3 млн злотых (каля 690 тыс. еўра). Праект Gaude Polonia, заснаваны ў 2003 годзе, ужо падтрымаў 1058 творчых і навуковых праектаў, лічыцца адной з галоўных міжнародных культурных праграм Польшчы.
Слухайце аўдыё!
эж