Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

На Грабарцы праваслаўныя Польшчы адзначаюць Спас

19.08.2026 10:28
Грабарка з XVII стагоддзя з’яўляецца адным з галоўных месцаў праваслаўнага паломніцтва ў Польшчы.
Аўдыё
  • На Грабарку прыехалі сотні вернікаў, многія дабіраліся сюды пешшу ў складзе паломніцтваў.
На Грабарцы праваслаўныя Польшчы адзначаюць свята Праабражэння ГасподнягаБеларуская служба Польскага радыё/https://www.polskieradio.pl/396

На святой гары Грабарцы каля Сямяцічаў праходзяць урачыстасці з нагоды Праабражэння Гасподняга, якое праваслаўная царква адзначае 19 жніўня. У народнай традыцыі гэтае свята таксама называюць Спасам.

Богаслужэнні пачаліся ўвечары 18 жніўня і працягваліся ўсю ноч. На Грабарку прыехалі сотні вернікаў, многія дабіраліся сюды пешшу ў складзе паломніцтваў. Паломнікі прыносяць на «Гару крыжоў» свае крыжы, моляцца і дзякуюць Богу.

— Мне хочацца тут быць, здаецца, што прызывае Гасподзь Бог. Прыходзіць той час і такая патрэба ў сэрцы. Я кожны год хаджу ў паломніцтва, спачатку з малымі дзеткамі, зараз з унукамі, — расказала адна з паломніц.

Грабарка з XVII стагоддзя з’яўляецца адным з галоўных месцаў праваслаўнага паломніцтва ў Польшчы. Паводле традыцыі, падчас эпідэміі вернікі маліліся тут аб выратаванні і прыносілі крыжы. Паломнікі таксама набіраюць ваду з манастырскай крыніцы, якой прыпісваюць гаючыя ўласцівасці.

Слухайце аўдыё! 

Анна Пятроўская