Былы дырэктар Бельскага дому культуры Сяргей Лукашук мае за сваімі плячыма 80 гадоў жыцця. І нават на пенсіі ён не парывае з актыўным жыццём, стварае традыцыйныя інструменты — напрыклад, дуду або колавую ліру. А зараз пра яго здымаюць фільм.
Сяргей Лукашук — шматгадовы інструктар беларускіх мастацкіх калектываў з Бельска Падляшскага, былы дырэктар Бельскага дома культуры. Яркая постаць, якая нават на пенсіі не парывае з актыўным жыццём, стварае традыцыйныя інструменты, якімі карыстаюцца падляшскія калектывы. Фільм пра Сяргея Лукашука вырашылі зрабіць рэжысёр Пётр Лазавік і Дарафей Фіёнік з Музея Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах.
— Сяргей Лукашук – гэта заслужаная для падляшскай музыкі асоба, у яго кар'еры 60 гадоў працы з беларускімі музычнымі калектывамі, ён мае чым ганарыцца. У яго сабраны багаты рэпертуар беларускіх песень, а музыка спадарожнічала яму ўсё жыццё. Зараз на пенсіі стварае традыцыйныя музычныя інструменты, якія гучаць і выкарыстоўваюцца ў розных калектывах. Сяргей Лукашук — гэта таксама выдатны майстар па дрэве — сапраўды варта пра яго зрабіць фільм для нашчадкаў, — гаворыць Дарафей Фіёнік з Музея Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах.
Калектываў багата ў яго творчай кар’еры — гэта «Маланка», «Дзявочыя ноткі», «Журавінка», «Жэўжыкі», «Васілёчкі» і «Жучкі». Сяргей Лукашук за шэсцьдзесят гадоў прафесійнай, мастацкай і грамадскай дзейнасці атрымаў шмат узнагарод, між іншым Залаты крыж заслугі і Кавалерскі крыж Ордэна адраджэння Польшчы, адзнакі «Заслужаны Беласточчыне» і «Заслужаны дзеяч культуры».
Слухайце ўсю размову ў далучаным гукавым файле.
Анна Пятроўская