Паэтка Наста Кудасава і выдавецтва «Камунікат» едуць у восеньскі тур з прэзентацыямі новай кнігі «Лірыка». Гэты зборнік — сёмая паэтычная кніга аўтаркі і трэцяя з выдадзеных у эміграцыі. Менавіта «Лірыка» стане адным з галоўных пунктаў вераснёўскіх сустрэч з чытачамі.
Гэта чарговы тур Насты Кудасавай і фонду «Камунікат» пасля Балтыйскіх краін, расказвае старшыня фонду Яраслаў Іванюк.
— Цяпер мы едзем на поўдзень Еўропы. Мы наведаем Прагу, Браціславу, Вену, Цюрых і Мюнхен. Гэта ўсё дзякуючы супрацы з кампаніяй «Будзьма!» і Міжнародным саюзам пісьменнікаў. Вядома, што гэта не атрымалася б без дапамогі партнёраў на месцы. У кожным з гэтых гарадоў ёсць беларуская дыяспара. Наста будзе прэзентаваць сваю кнігу, якая сёлета выйшла ў серыі «Паэты планеты» «Лірыка». Там не толькі выбраныя лепшыя вершы, але ёсць і новыя творы, якія паэтка будзе чытаць.
Кампанія «Будзьма!» піша, што падчас сустрэч з паэткай гаворка пойдзе пра кнігу «Лірыка» і прынцыпы адбору вершаў для яе; пра паэзію, напісаную паміж Радзімай і эміграцыяй; пра боль страты, надзею і здольнасць слова вяртаць унутраную раўнавагу; пра тое, чаму вершы Насты Кудасавай асабліва важна слухаць у аўтарскім выкананні; пра месца беларускай мовы і літаратуры ў сучаснай Еўропе.
Гэта будзе не толькі прэзентацыя кнігі, але і шчырая размова пра паэзію як спосаб захоўваць памяць, пераадольваць адлегласць і заставацца сабой.
ав