Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Пачаўся набор заявак на конкурс беларускай паэзіі і прозы «Дэбют»

29.09.2026 06:02
Яго мэта – захаваць і развіваць беларускія літаратурныя традыцыі, падтрымліваць маладых і таленавітых аўтараў у Польшчы.
Аўдыё
  • Пачаўся набор заявак на Агульнапольскі конкурс беларускай паэзіі і прозы «Дэбют»
Міра Лукша Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё

Пачаўся набор заявак на Агульнапольскі конкурс беларускай паэзіі і прозы «Дэбют». Яго мэта – захаваць і развіваць беларускія літаратурныя традыцыі, падтрымліваць маладых і таленавітых аўтараў у Польшчы. Конкурс ахоплівае дзве ўзроставыя групы: дзеці і моладзь з базавых школ і ліцэяў ды дарослыя аўтары, якія пішуць на беларускай мове.

«Дэбют» – гэта штогадовы літаратурны конкурс, які арганізуюць тыднёвік беларусаў Польшчы «Ніва» сумесна з Беларускім саюзам у Польшчы. Сёлета ён пройдзе ў 29-ы раз. Падрабязнасці распавяла журналістка «Нівы», пісьменніца і паэтэса Міра Лукша.

– Конкурс праводзіцца ў двух катэгорыях: дзеці і моладзь базавых школаў ды ліцэяў плюс дарослыя. На працягу гэтых гадоў у конкурсе прыняло ўдзел недзе тысяча чалавек, некаторых ужо няма ў жывых. Ёсць такія аўтары, якія пішуць амаль ад пачатку і надалей далучаюцца да конкурсу, каб падтрымаць традыцыю. Часам здараецца і ўдзел прадстаўнікоў розных пакаленняў: піша бабуля, дачка, унучка ці ўнучак. Галоўнае – не ўзнагарода, галоўнае – удзел, а пасля – публікацыя твораў у «Ніве» ці дзіцячым дадатку «Зорка», а таксама ў літаратурных часопісах. Наш конкурс прэстыжны і вельмі важны, таму заахвочваем усіх да удзелу, – сказала Міра Лукша.

На конкурс прымаюцца творы, якія раней не публікаваліся і не атрымлівалі прэмій у іншых конкурсах. Вершы і прозу можна дасылаць у «Ніву» да 15 лістапада.

Анна Пятроўская

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы