Большасць палякаў асацыююць Шчабжэшын (поль. Szczebrzeszyn) выключна са знакамітым вершам для дзяцей пра жука, які гудзе ў трыснягу, аўтарства выдатнага польскага паэта і байкапісца Яна Бжэхвы (поль. Jana Brzechwy). Аднак гэты чароўны горад, размешчаны на Расточчы – на маляўнічай рацэ Вепш (поль. Wieprz), мае значна больш багатую і захапляльную гісторыю.
Помнік „Жуку”, Шчабжэшын. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Стагоддзямі Шчабжэшын быў квітнеючым цэнтрам рамёстваў і гандлю, «плавільным катлом» культур, дзе побач мірна жылі католікі, праваслаўныя і габрэі. Запрашаем вас у падарожжа па гісторыі, найкаштоўнейшых помніках і ўнікальнай прыродзе горада, які называюць брамай у Расточча.
Кароткі агляд багатай гісторыі горада
Пачатак Шчабжэшына датуецца раннім Сярэднявеччам, калі тут развівалася ўмацаванае гарадзішча – адно з Чэрвеньскіх гарадзішчаў на польска-рускай мяжы, за якія ў X і XІ стагоддзях вяліся жорсткія бітвы паміж дзяржавай Пястаў і Кіеўскай Руссю.
Паселішча атрымала свой гарадскі статус у XIV стагоддзі (у 1352 годзе) ад караля Казіміра Вялікага.
Будынак гарадской ратушы з XIX стагоддзя, Шчабжэшын. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Адным з паваротных момантаў у развіцці горада аказаўся канец XVI стагоддзя, калі ён быў уключаны ў ардынацыю магутнага рода Замойскіх. Затым Шчабжэшын стаў важным рамесным і навуковым цэнтрам.
Горада не абміналі вайны, пажары і набегі казакоў, татараў і шведаў. Пасля падзелаў Польшчы Шчабжэшын спачатку апынуўся пад уладай Аўстрыі, а пазней у межах Каралеўства Польскага.
Касцёл Святога Мікалая. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Асноўныя архітэктурныя помнікі
Мультыкультурная гісторыя Шчабжэшына пакінула трывалы след у яго гарадской структуры. Прагульваючыся па горадзе, па сённяшні дзень можна палюбавацца ўнікальнымі касцёламі трох розных канфесій, размешчанымі побач з сабой.
Касцёл Святога Мікалая – гэта рымска-каталіцкі храм эпохі Адраджэння, пабудаваны ў пачатку XVII стагоддзя. Гэта прыклад стылю гэтак званага люблінскага Адраджэння, які характарызуецца стройным корпусам, багата ўпрыгожанымі скляпеннямі і мудрагелістымі франтонамі. У інтэр'еры касцёла знаходзіцца каштоўны барочны, галоўны алтар.
Касцёл Святога Мікалая. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы лічыцца адным з найстарэйшых мураваных храмаў усходняга абраду ў Польшчы. Ейная гісторыя бярэ свой пачатак у XVI стагоддзі, але архітэктура храма спалучае ў сабе элементы готыкі і Рэнесансу, а ўнутры захаваліся фрагменты паліхромных роспісаў з XVII стагоддзя, якія адлюстроўваюць біблейскія сцэны.
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
У сваю чаргу шчабжэшынская сінагога, пабудаваная ў пачатку XVII стагоддзя, зʼяўляецца выдатным прыкладам габрэйскай рэлігійнай архітэктуры з рысамі Рэнесансу. Будынак можа пахваліцца характэрным высокім мансардным дахам, вядомым як «польскі дах». Аб’ект быў адрамантаваны пасля ваенных разбурэнняў і сёння з’яўляецца сядзібай Гарадскога культурнага цэнтра, а таксама месцам памяці былых габрэйскіх жыхароў горада.
Былая сінагога ў Шчабжэшыне. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Калі гаворка ідзе пра габрэйскую абшчыну, то варта наведаць і найстарэйшы ў Люблінскім ваяводстве захаваны кіркут, дзе знаходзіцца каля дзвюх тысяч надмагілляў, самыя старыя з якіх датуюцца XVI стагоддзем. На гэтых могілках немцы здзейснілі масавыя расстрэлы, забіўшы больш за дзве тысячы чалавек. Ахвяры акупантаў былі пахаваны ў брацкіх магілах. У гэты перыяд кіркут быў часткова спустошаны.
Kасцёл Святой Кацярыны Александрыйскай. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Яшчэ адной жамчужынай каталіцкай архітэктуры ў Шчабжэшыне зʼяўляецца касцёл Святой Кацярыны Александрыйскай, заснаваны Томашам Замойскім і яго жонкай Катажынай Астрожскай. Пабудаваны паміж 1620 і 1638 гадамі храм уяўляе сабой трохнефавую святыню, якая першапачаткова служыла ордэну францысканцаў. Як і касцёл Святога Мікалая, гэты будынак таксама ўвасабляе стыль люблінскага Адраджэння. Нягледзячы на тое, што яго знешні выгляд, з дамінуючай высокай франтальнай вежай, выглядае сціплым, інтэрʼер радуе мудрагелістымі арнаментамі.
Kасцёл Святой Кацярыны Александрыйскай. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Легенда пра жука і літаратурныя традыцыі
Немагчыма расказаць гісторыю Шчабжэшына, не ўзгадаўшы пра жука, які прынёс гораду ўсеагульную славу. Нягледзячы на тое, што Ян Бжэхва напісаў свой верш «Жук» у першай палове XX стагоддзя, верагодна, без больш глыбокай сувязі з самім горадам (хутчэй за ўсё паэт абраў яго з-за складанай, свісцячай назвы), жыхары Шчабжэшына ператварылі згаданы факт у свой найвялікшы маркетынгавы актыў.
Помнік „Жуку”, Шчабжэшын. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Сёння ў горадзе ёсць некалькі помнікаў славутаму жуку. Старэйшы, зроблены з ліпавага дрэва, стаіць ля падножжа Замкавай гары, на якой калісьці размяшчаўся мясцовы замак. Малодшая, адлітая з бронзы фігура, з гонарам дэманструе сябе на рыначнай плошчы Шчабжэшына перад будынкам гарадской ратушы з XIX стагоддзя.
Помнік „Жуку”, Шчабжэшын. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Славуты жук, які грае на скрыпцы, з’яўляецца афіцыйным сімвалам горада – сталіцы польскай мовы. Тут штогод у жніўні адбываецца Фестываль «Сталіца польскай мовы». Мерапрыемства прыцягвае аматараў літаратуры, выдатных пісьменнікаў, паэтаў, лінгвістаў, акцёраў і музыкаў. Фестывальныя сустрэчы, дыскусіі, моўныя майстар-класы і канцэрты праходзяць у маляўнічых месцах уздоўж ракі Вепш і на гарадской плошчы. Нагадваю, сам верш вельмі складаны нават для палякаў – гэта свайго роду практыкаванні на дыкцыю і эластычнасць языка.
Лаўка-помнік „Жуку”, Шчабжэшын. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Лёсавыя яры і турыстычныя славутасці
Шчабжэшын – гэта не толькі гісторыя і літаратура, але і цудоўная прырода. Горад размешчаны на тэрыторыі Шчабжэшынскага ландшафтнага парку, які зʼяўляецца буфернай зонай знакамітага Расточаньскага нацыянальнага парку. Гэты рэгіён славіцца густой сеткай прыгожых лёсавых яроў.
Вадзяны млын, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя ў Шчабжэшыне па загаду графа Маўрыцыя Замойскага. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Найбольш вядомым з іх зʼяўляецца «Пякелка», у прыватнасці Яр «Пякелка» (поль. Wąwóz Piekiełko). Гэта размешчаны недалёка ад горада лабірынт глыбокіх, стромкіх яроў, дзе адкрытыя, мудрагеліста выкручаныя карані старых дрэў ствараюць казачную атмасферу.
На актыўных турыстаў у Шчабжэшыне чакаюць паходы на байдарках па завілістай рацэ Вепш, а таксама знакаміты Цэнтральны веласіпедны маршрут Расточча, які дазваляе веласіпедыстам даследаваць найпрыгажэйшыя куткі рэгіёна – чароўныя лясы, пагоркі з відамі на мазаічныя палі і гістарычныя паселішчы.
Шчабжэшын. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Менш вопытныя веласіпедысты могуць скарыстацца мясцовай веласіпеднай Чорнай сцежкай вакол Шчабжэшына, якая вядзе праз глыбокія, зацененыя яры, або маршрутам да непадалёкага гарадка Звяжынец (поль. Zwierzyniec).
Вядомыя асобы, звязаныя са Шчабжэшынам
Шчабжэшын быў домам або месцам працы і пражывання многіх выдатных людзей, якія пакінулі свой след у гісторыі, навуцы і культуры Польшчы. Кароль Ян ІІІ Сабескі часта наведваў Шчабжэшын, а ў 1672 годзе заснаваў тут так званую Шчабжэшынскую канфедэрацыю – саюз супраць караля Міхала Карыбута Вішнявецкага.
У Шчабжэшыне нарадзіўся Юзаф Брандт (поль. Józef Brandt) – адзін з найвыдатнейшых польскіх мастакоў-баталістаў другой паловы XIX стагоддзя. Пейзажы Расточча і мясцовы фальклор давалі мастаку моцную крыніцу натхнення для яго карцін, якія адлюстроўвалі сутычкі XVII стагоддзя і казацкія стэпы.
У Шчабжэшыне пражываў і працаваў Зыгмунт Клюкоўскі (поль. Zygmunt Klukowski) – польскі лекар, бібліяфіл, рэгіянальны гісторык, мемуарыст, афіцэр Войска Польскага. Падчас Другой сусветнай вайны ён вёў падрабязныя дзённікі, якія сталі неацэнным гістарычным дакументам, што апісвае жыццё пад нямецкай акупацыяй на Расточчы і дзейнасць мясцовага руху супраціву.
Гістарычныя сакрэты
Шмат таямніц па сённяшні дзень хаваюць падзямеллі Шчабжэшына. Пад рынкавай плошчай і навакольнымі камяніцамі цягнецца сетка былых купецкіх складоў. Яны служылі не толькі для захоўвання такіх тавараў, як віно і мёд, але таксама як сховішча для жыхароў падчас шматлікіх татарскіх набегаў.
Касцёл Святога Мікалая, Шчабжэшын. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Варта адзначыць, што пасля таго, як у 1784 годзе аўстрыйскія ўлады закрылі Замойскую акадэмію ў Замасці, ардынат Станіслаў Костка Замойскі перамясціў школу і яе выкладчыкаў у Шчабжэшын, які стаў важным адукацыйным цэнтрам у рэгіёне, дзе ўзровень адукацыі канкураваў з узроўнем вядомых універсітэтаў, а патрыятычная атмасфера выхавала пакаленні польскіх грамадскіх актывістаў.
Музейна-адукацыйны цэнтр у Шчэбжэшыне. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Шчабжэшын – гэта горад, дзе гісторыя гарманічна пераплятаецца з літаратурнай легендай, сучасным фестывалем і некранутай прыродай. Незалежна ад таго, ці жадаеце вы ўбачыць легендарнага героя верша Яна Бжэхвы, вывучаць тонкасці польскай мовы або знаёміцца з Расточчам, катаючыся на ровары ці блукаць па глыбокіх ах «Пякелка» – Шчабжэшын – сэрца Расточча – абавязкова заваюе вас сваёй непаўторнай атмасферай.
Анна Задрожна