Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларуская «Прадмова» прайшла ў польскім Уроцлаве (ФОТА)

05.10.2026 19:27
Сёлетняя «Прадмова» пяты раз праходзіць у замежжы. На гэты раз – ва Уроцлаве, дзе пражывае вялікая беларуская супольнасць.
Аўдыё
  • Беларуская «Прадмова» прайшла ў польскім Уроцлаве
    .  2026 , .
Фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Кастрычнік 2026 года, Уроцлаў. Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё

Фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ў 2018 годзе прыдумалі незалежныя беларускія пісьменнікі, выдаўцы і менеджары культуры. Яны хацелі стварыць унікальную прастору для развіцця мастацкай, навуковай і філасофскай літаратуры. Назва фэсту сімвалізавала новы пачатак і старт дыскусіі пра стан сучаснай культуры і грамадства.

Апошняе мерапрыемства прайшло ў Беларусі ў кастрычніку 2020 года падчас масавых пратэстаў. З-за жорсткіх рэпрэсій супраць выдаўцоў і аўтараў працаваць у краіне стала немагчыма. Каб уратаваць праект і захаваць незалежную культуру, у 2022 годзе «Прадмова» пераехала за мяжу. Сёлетняя «Прадмова» пяты раз праходзіць у замежжы, наведваючы розныя еўрапейскія краіны. На гэты раз – у польскім Уроцлаве, дзе пражывае вялікая беларуская супольнасць.

Гаворыць Аляксей Картынік, тэхнічны арганізатар фестывалю «Прадмова» ва Уроцлаве.

– Шчыра кажучы, ва Уроцлаве я жыву ўжо тры гады, і, напэўна, гэта адно з самых буйных мерапрыемстваў, якія праводзіліся менавіта беларускай супольнасцю. Таму ўсяго было шмат. З пункту гледжання арганізацыі, канешне, таксама было шмат цікавостак, месцамі было складана. Але мы змаглі ўсё зрабіць дзякуючы нашай супольнасці – у нас яна даволі моцная і вельмі сяброўская.
Калі трэба было знайсці валанцёраў, усе нашы сябры адгукнуліся вельмі хутка. За тыдзень мы знайшлі ўсіх, хто нам быў патрэбны.
Выдатна спрацавалі і нашы польскія партнёры. Яны проста вялікія малайцы: без лішніх пытанняў усё нам дазволілі, усё далі. Гэта Ossolineum. Яны як інстытуцыя дапамагаюць у тым ліку, украінскай і беларускай супольнасцям прадстаўляць літаратурныя творы і ўвогуле падтрымліваюць развіццё літаратурнага кірунку.
У мяне заўсёды так: калі мы рыхтуемся да нейкага мерапрыемства, я вельмі турбуюся, хвалююся, хачу, каб усё ішло дакладна і паводле плану. Тут так, як я люблю, не было – усё адбывалася вельмі хутка.
Але ўжо ў дні самога фестывалю я супакоіўся і зразумеў, што ёсць каманда, на якую можна цалкам абаперціся. Вось ужо апошні дзень – ніякіх сур’ёзных эксцэсаў не было, усё прайшло вельмі класна.

Расказвае Павел Лагчылаў з выдавецтва «Rozum Media», горад Познань.

– Уроцлаў заўсёды ўражвае. Па-першае, сваёй асаблівай публікай. Беларусы ва Уроцлаве – гэта нешта захапляльнае. Заўсёды прыходзіць шмат людзей. Такога аншлагу, як на музычна-паэтычным вечары, я даўно не бачыў на беларускіх імпрэзах. Людзі сапраўды стаялі ў калідоры, таму што ў зале ўжо не было вольных месцаў нават пасля таго, як паставілі дадатковыя крэслы. Спевы, вершы і апладысменты былі чутныя далёка. Вокны даводзілася адчыняць, бо нават паветра не хапала – столькі сабралася людзей.
Па-другое, уроцлаўская публіка заўсёды вельмі цікавіцца кніжнымі навінкамі і набывае кнігі літаральна па некалькі торбаў. Людзі сыходзяць з кірмашу з поўнымі валізкамі і заплечнікамі – і гэта працягваецца ўжо трэці дзень.
У нас асабіста разабралі амаль усе кнігі – ад многіх назваў засталося літаральна па адным асобніку.
І, канешне, вялікая частка такога кірмашу – гэта размовы. Ты не проста прадаеш кнігу, але з кожным патэнцыйным чытачом размаўляеш пра нешта цікавае. Таму ва Уроцлаве такія фестывалі можна ладзіць нават часцей.

Гаворыць Уладзь Гарбацкі з лонданскага выдавецтва Skaryna Press.

–Мы вельмі задаволеныя. Мы тут упершыню, і адзін з галоўных акцэнтаў зрабілі на нашай французскай калекцыі або серыі «Франкафоніка», як мы яе называем.
Упершыню мы прэзентавалі «Франкафоніку» цэлым блокам. Раней былі асобныя аўтаркі і асобныя кнігі, а тут атрымалася паказаць усю серыю. І, канешне, была навінка – кніга Сімоны дэ Бавуар «Вельмі лагодная смерць». Гэта своеасаблівая візітоўка гэтай серыі і нашага выдавецтва.
Мы якраз яе прэзентавалі, і сама прэзентацыя карысталася вялікай цікавасцю. За гэтыя тры дні кніга стала ў нас лідарам продажаў.

Расказвае Таццяна Нядбай з выдавецтва «Полацкія лабірынты»

– Я таксама прадстаўляю выдавецтва «Сведкі», у межах якога выходзяць кнігі – сведчанні злачынстваў, якія сёння беларуская дзяржава здзяйсняе ў дачыненні да палітвязняў і людзей, нязгодных з афіцыйнай ідэалогіяй.
У межах гэтага выдавецтва выйшлі кніга Ігара Карнея «Катаванні: адзінота, інкамунікада», кніга пра справу Віктара Бабарыкі, кніга Сабіны Брыло і іншыя выданні. Падчас гэтага кніжнага кірмашу мы прэзентавалі гэтыя кнігі. Адбылася таксама імпрэза з удзелам Максіма Знака і прэзентацыя яго кнігі «Каланісты». Усё гэта мела даволі вялікі поспех і вельмі добры водгук у публікі, якая сабралася ва Уроцлаве. Таму асабіста я вельмі задаволеная і ўдзелам у кніжным кірмашы, і самой фестывальнай праграмай «Прадмовы».

Яраслаў Іванюк

слухайце аўдыёфайл

фота аўтара

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы