Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларуская паэтычная серыя «Брукаванка» хоча выдаць да канца года 10 зборнікаў

06.10.2026 06:02
Серыя ахоплівае перыяд з пачатку 1990-х гадоў да 2020 года.
Аўдыё
  • Беларуская паэтычная серыя «Брукаванка» хоча выдаць да канца года 10 зборнікаў
       .
У Беластоку заснавалі «Брукаванку» – беларускую паэтычную серыю.фота аўтара

На сёння больш за 20 беларускіх выдавецтваў альбо вымушана рэлакаваліся з Беларусі, альбо ўжо распачалі сваю працу ў эміграцыі – па-за межамі краіны. У Беластоку выдавецкай справай займаецца таксама пісьменнік і выдавец Алесь Аркуш. Раней мы ўжо размаўлялі з ім пра паэтычную серыю «Брукаванка». Нагадаем, серыя ахоплівае перыяд з пачатку 1990-х гадоў да 2020 года. Падчас нашай першай сустрэчы ў ёй было ўсяго чатыры зборнікі. Цяпер іх удвая больш, а наперадзе – чарговыя кнігі і новыя аўтары, гаворыць Алесь Аркуш.

– Так, зараз у друкарні яшчэ два зборнікі – Ігара Сідарука і Ладзіка Майніча. Працэс ідзе. Мы ўвогуле абяцалі, што за год зробім 10 зборнікаў. І калі гэтыя дзве кнігі будуць гатовыя, то якраз атрымаецца 10.
Але я думаю, што на гэтым мы не спынімся. У нас яшчэ ёсць некалькі месяцаў, і я спадзяюся, што паспеем надрукаваць яшчэ нешта. Мы ўжо заручыліся падтрымкай і павагай да нашай серыі з боку вядомых аўтараў. Напрыклад, класік беларускай паэзіі Алег Мінкін ужо перадаў нам свой рукапіс. Так што працягваем далей.

– У серыі ёсць вядомыя аўтары, але ёсць і такія, кнігі якіх раней было цяжка знайсці на кніжных паліцах.

– Так. Напрыклад, мы выдалі зборнік Юрыя Карэйвы. Укладваць яго нам дапамагалі землякі паэта. Сам ён з Ліды. У нас было нават некалькі ўкладальнікаў, якія шукалі ягоныя вершы. Пры жыцці асобнай кнігі ў яго фактычна не было. Мы акрэсліваем яго як паэта андэрграўнду. Ён належаў да таго вядомага літаратурнага кола свайго часу – таго асяроддзя, дзе былі вядомыя гарадзенскія паэты і літаратары. Нам удалося сабраць ягоныя творы. Не ведаю, наколькі гэта поўны зборнік. Думаю, што, канешне, не поўны. Але нам удалося знайсці нават ягоныя вершы студэнцкіх часоў: публікацыі ва ўніверсітэцкай газеце, у розных рэгіянальных выданнях. Я думаю, што для Ліды гэта даволі значная падзея. Да мяне ўжо звярталіся з Ліды, гэтай кнігай цікавяцца, яе шукаюць у музеях.

Размаўляў Яраслаў Іванюк

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы