Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Рубрыка «Варшаўскі мост». Рышард Радзік: Беларускі рух узнік пазней за іншыя на землях былой Рэчы Паспалітай

05.11.2026 16:01
Вядомы польскі сацыёлаг лічыць, што прыход да ўлады Лукашэнкі істотна паўплываў на фарміраванне беларусаў як нацыі.
Аўдыё
  • Праф. Р.Радзік пра беларускі нацыянальны рух.
    --   . 2020 .
Удзельнікі дэманстрацыі пад беларускімі бела-чырвона-белымі сцягамі ў Мінску. 2020 г.Pixabay.com

Прафесар Рышард Радзік — адзін з вядомых як у Польшчы, так і ў Беларусі польскіх даследчыкаў працэсаў фарміравання сучасных нацый на тэрыторыях, якія да падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772–1795 гадах уваходзілі ў склад гэтай дзяржавы. Асаблівае месца ў яго навуковай дзейнасці займае вывучэнне гісторыі станаўлення беларускай нацыі, фарміравання беларускай нацыянальнай свядомасці і спецыфікі беларускай ідэнтычнасці.

Рышард Радзік даследуе, чаму працэсы нацыянальнага станаўлення беларусаў, палякаў, украінцаў і рускіх адбываліся па-рознаму, якія гістарычныя, культурныя і палітычныя фактары вызначалі іх развіццё.

Сярод прац Рышарда Радзіка, прысвечаных беларускай тэматыцы, асабліва варта адзначыць манаграфіі:

Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Białorusini na tle przemian narodowych w Europie Środkowo-Wschodniej XIX stulecia («Паміж этнічнай групай і нацыянальнай супольнасцю. Беларусы на фоне нацыянальных пераўтварэнняў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе XIX стагоддзя», 2000 г);

Kim są Białorusini? («Хто такія беларусы?», 2002 г.);

Białorusini – między Wschodem a Zachodem («Беларусы — паміж Усходам і Захадам», 2012 г.);

Rosyjski imperializm wspólnotowy. Trójjedyny naród ruski w badaniach socjologicznych («Імперыялізм рускай супольнасці. Трыадзіны рускі народ у сацыялагічных даследаваннях», 2016 г.);

Tożsamościowe problemy narodów Europy Środkowo-Wschodniej («Праблемы ідэнтычнасці народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы», 2023).

У 2012 годзе пад рэдакцыяй Рышарда Радзіка выйшаў зборнік артыкулаў розных аўтараў Tożsamości zbiorowe Białorusinów («Калектыўныя ідэнтычнасці беларусаў»).

Гэтыя даследаванні дазваляюць лепш зразумець вытокі беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, канкурэнцыю розных мадэлей самаідэнтыфікацыі беларусаў, а таксама ролю расійскага імперскага і савецкага фактараў у фарміраванні сучаснага беларускага грамадства.

З вучоным мы сустрэліся ў кастрычніку ў Беластоку на X міжнароднай навуковай канферэнцыі «Палякі ў Беларусі», арганізаванай Цэнтрам усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.

У нашай гутарцы я папрасіў Рышарда Радзіка коратка апісаць працэс фарміравання беларусаў як нацыі — ад перыяду пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да нашых дзён.

— Палякі, усведамляючы новую сітуацыю, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, пачалі ствараць нацыянальны рух, заснаваны не на прыналежнасці да шляхецкага саслоўя, а на культуры, мове і каталіцтве. Паступова падобныя працэсы пачалі адбывацца і сярод іншых супольнасцей. На Украіне, дакладней, у Галіцыі, вытокі ўкраінскага руху сягаюць 1830-х гадоў. Некалькі дзесяцігоддзяў пазней падобныя працэсы пачалі адбывацца і сярод літоўцаў. Што да Беларусі, то XIX стагоддзе было перш за ўсё перыядам развіцця літаратурнага руху, гэта значыць дзейнасці асобных людзей, якія пісалі па-беларуску. Аднак выразна сфарміраваная беларуская нацыянальная ідэнтычнасць з'явілася толькі ў самым пачатку XX стагоддзя. Такім чынам, беларускі нацыянальны рух узнік пазней за іншыя. Ён асабліва моцна развіваўся ў 1920-я гады, у перыяд беларусізацыі і каранізацыі ў СССР і БССР. Пазней, як вядома, большасць вядучых прадстаўнікоў гэтага руху была знішчана савецкай уладай.

Рышард Радзік удакладняе, ад якога часу можна гаварыць пра існаванне не асобных беларускіх ініцыятыў, а нацыянальнага руху.

— Фактычна толькі ў пачатку XX стагоддзя канчаткова сфарміраваўся беларускі нацыянальны рух, у перыяд выхаду газеты «Наша Ніва». У XIX стагоддзі мы мелі справу перш за ўсё з літаратурным рухам, які, насуперак таму, што лічаць некаторыя беларусы, яшчэ не быў нацыянальным рухам. Гэта былі групы асобных людзей, а не арганізаваная супольнасць. Яны яшчэ не мелі сфарміраванай нацыянальнай ідэнтычнасці, хоць у канцы XIX стагоддзя ў некаторых выпадках яна ўжо пачынала складвацца, нягледзячы на тое, што нацыянальнага руху як такога яшчэ не існавала. Гэты рух узнік толькі ў XX стагоддзі.

Польскі сацыёлаг адзначае, што мова іграе важную ролю для самаідэнтыфікацыі беларусаў як нацыі.

— Беларуская літаратурная мова ўзнікла на аснове паўночна-заходніх гаворак. Пазней рускія ўносілі ў яе змены. У 1930-я гады з беларускай мовы выдалялі словы, якія супадалі з польскімі, замяняючы іх пераважна рускімі адпаведнікамі. Падобныя змены праводзіліся і ва ўкраінскай мове, хоць і ў меншай ступені. Аднак сучасная ўкраінская мова вельмі моцна адрозніваецца ад літаратурнай мовы, на якой калісьці размаўлялі ў Галіцыі. Газета «Наша Ніва», якая з 1906 года выходзіла «польскімі», або лацінскімі, і «рускімі» літарамі, чытаецца палякам лёгка. У свой час мне трапіла газета «Літаратура і мастацтва», і ў мяне нават склалася ўражанне, што «Наша Ніва» і «Літаратура і мастацтва» напісаны на дзвюх розных мовах. «Нашу Ніву» я чытаў з задавальненнем, тады як «Літаратура і мастацтва» выкарыстоўвала русіфікаваную, афіцыйную беларускую мову — я б нават сказаў, канцылярскую. Чытаць яе было цяжка. Гэта наглядна сведчыла пра тое, наколькі моцна змянілася беларуская мова. Зрэшты, падобная сітуацыя назіралася ва ўсім Савецкім Саюзе.

Рышард Радзік — рэаліст, і таму ацэньвае працэс фарміравання беларускай нацыі без ружовых акуляраў.

— Такім чынам, у гісторыі Беларусі адбываліся некалькі нацыянальных адраджэнняў, і ўсе яны ўрэшце пацярпелі няўдачу. Самі беларусы вылучаюць некалькі такіх этапаў. Першае адраджэнне, паводле іх уласнай інтэрпрэтацыі, прыпадае на XIX стагоддзе. Другое — гэта перыяд «Нашай Нівы». Аднак трэба памятаць, што і гэтае адраджэнне скончылася няўдачай. Падчас выбараў у Дзяржаўную думу Расійскай імперыі ніводзін прадстаўнік гэтага руху не атрымаў дэпутацкага мандата. Трэцім этапам стала беларусізацыя ў савецкі перыяд. Аднак савецкая ўлада неўзабаве знішчыла прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты. Частка беларусаў лічыць чацвёртым нацыянальным адраджэннем перыяд Другой сусветнай вайны, калі частка беларускіх колаў у большай ці меншай ступені стала на бок Германіі. Пятым этапам, які адкрываў найбольшыя магчымасці для нацыянальнага адраджэння, сталі 1990-я гады, дакладней, перыяд непасрэдна пасля 1991 года, хоць яго вытокі сягаюць у ранейшы час. Ну, а чым усё скончылася, мы ведаем: на жаль, да ўлады прыйшоў Лукашэнка. Сёння сітуацыя выглядае так, як выглядае.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Рубрыка «Варшаўскі мост». Хто 200 год таму марыў пра аднаўленне ВКЛ?

22.10.2026 16:01
У Выдавецтвах Варшаўскага ўніверсітэта выйшла кніга Вячаслава Шведа W kraju filomatów. Młodzieżowe organizacje konspiracyjne na ziemiach białoruskich w latach 1806–1826.