Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Вось гэта для мяне Беларусь». У Варшаве паказваюць карціны, створаныя беларусамі на ўкраінскім фронце

03.11.2026 15:46
Сёння ў гэтых карцінах прачытваецца і яшчэ адна страта — Алеся Пушкіна, удзельніка пленэра на Данбасе.
Аўдыё
  • «Вось гэта для мяне Беларусь». У Варшаве паказваюць карціны, створаныя беларусамі на украінскім фронце
Твор «Абваліўся» аўтарства Андруся ТакіндангаФота: Беларуская служба Польскага радё

У лістападзе 2015-га шасцёра мастакоў прыехалі на ўсход Украіны, каб пісаць карціны там, дзе ішла вайна. Пяскі, Валнаваха, ваколіцы Данецкага аэрапорту сталі месцамі працы і сустрэчы з рэальнасцю, якую яны хацелі засведчыць. Зараз гэтыя творы паказваюць у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве.

Выстава «Беларусы з Украінай у сэрцы» налічвае 21 працу дзесяці аўтараў. Пачатак ёй даў пленэр памяці, арганізаваны пры падтрымцы фонду «Валошка». У ім удзельнічалі Алесь Пушкін, Генадзь Драздоў, Алесь Цыркуноў, Андрусь Такінданг, Алесь Суша і ўкраінец Тарас Носар.

Мастакі ехалі ўшанаваць абаронцаў Украіны, у тым ліку загінулых беларускіх добраахвотнікаў. Антось Цялежнікаў, які зняў падчас пленэру дакументальны рэпартаж «Пэндзлі замест карабінаў», тлумачыць:

— Гэта была перадусім даніна пашаны беларусам, якія ваявалі за Украіну, і, канечне, украінскім героям. Найперш гэта прысвячалася Алесю Чаркашыну, беларусу, які загінуў у 2015 годзе, а таксама нашаму вялікаму сябру Віталію Ціліжэнку, які таксама ўваходзіў у тактычную групу Беларусь. Гэта была даніна пашаны і спроба мастацкага пераасэнсавання.

На адкрыцці выставы прысутнічаў першы сакратар Амбасады Украіны ў Польшчы Пятро Лаўрэнка, які падкрэсліў важнасць для ўкраінцаў памкнення беларусаў да свабоды і падзякаваў ім за падтрымку Украіны.

Тады пра ўдзел беларусаў у абароне Украіны ведалі далёка не ўсе, прыгадвае прадстаўніца дабрачынага Фонду «Валошкі» (Украіна) Анжэла Душаева. Выстава дапамагала расказаць пра іх. Пасля поўнамаштабнага ўварвання, калі з беларускай тэрыторыі пачаўся наступ, тлумачыць розніцу паміж Беларуссю і рэжымам  Аляксанжра Лукашэнкі стала яшчэ важней і цяжэй: 

— Мы паказалі, што беларусы гінуць за незалежнасць Украіны. Для многіх людзей гэта было навіной. А з 2022 года многія ўкраінцы ўспрымаюць Беларусь як ворага. Але для мяне Беларусь — гэта не рэжым Лукашэнкі. Гэта беларусы, якія з 2014 года абаранялі незалежнасць Украіны. Гэта тактычная група “Беларусь”, полк Каліноўскага, Беларускі добраахвотніцкі корпус. Беларусы ваююць у розных падраздзяленнях. Гэта людзі, якія дапамагаюць, мастакі, якія паказваюць праўду, людзі, якія пра гэта пішуць. Вось гэта для мяне Беларусь».

Сёння ў гэтых карцінах прачытваецца і яшчэ адна страта — Алеся Пушкіна, удзельніка пленэра на Данбасе. Дырэктарка Музея вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская гаворыць:

— Дадатковую каштоўнасць надаюць працы Алеся Пушкіна, нашага беларускага героя, якога ўжо няма з намі. Вельмі кранальна знаёміцца з імі, стаяць, глядзець і разумець: чалавека з намі няма, ён стаў ахвярай сучаснага беларускага рэжыму.

Выставу можна наведаць да 12 лістапада ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве: Foksal 11/1.

Слухайце аўдыё!

эж